Удзельнікі хору не толькі прыгожа спявалі, але аказаліся і таленавітымі акцёрамі. У іх выкананні былі пастаўлены спектаклі “Паўлінка”, “Першыя ластаўкі”, “Раскіданае гняздо”. Гэтыя п’есы былі забаронены польскімі уладамі, аднак усё ж іх патаемна рыхтавалі і паказвалі ў Дзяляцічах і іншых вёсках.
Пасля прыходу ў 1939 годзе савецкай улады хор пачаў адкрыта выступаць перад мясцовым насельніцтвам. А ў 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна. Многія ўдзельнікі хору былі вывезены ў Германію, шмат вяскоўцаў пайшло ў партызаны. І нават падчас вайны яны не забываліся на песні. Іван Бушма, адзін з кіраўнікоў партызанскага хору, пасля згадваў: “Бывала, у партызанскай зямлянцы або каля вогнішча як завядзеш нашу дзяляціцкую песню, дык аж сэрца зойдзецца і такая сіла ў грудзях абуджаецца, што хочацца помсціць ворагам за скалечанае жыццё, за параненую родную зямлю!..”
Многія ўдзельнікі хору загінулі на той вайне, але хор у Дзяляцічах усё ж адрадзіўся. Так, у 1948 годзе ён стаў удзельнікам агляду мастацкай самадзейнасці, які праводзіўся ў Баранавічах. Адна з харыстак, Ніна Мамчыц, згадвала пра той час: “Выйшлі мы на сцэну і разгубіліся. У зале такое прадстаўнічае журы, такая вялікая публіка. А нас усяго жменька, і адзеты мы небагата: белыя блузачкі і чорныя спаднічкі, якія сабралі з усёй вёскі. А трэба сказаць, што да нас выступалі вялікія хары, апрануты яны былі прыгожа. Тут здарылася зусім нечаканае: пагасла святло. Гэта надало нам смеласці, і мы заспявалі. А калі электрычныя лямпачкі загарэліся зноў, мы адразу ўбачылі, з якой увагай слухаюць нас і журы, і публіка. Замест трох песень мы спявалі тады ажно восем. А потым да нас на сцэну прыбег Генадзь Цітовіч і з хваляваннем у голасе вымавіў: “ А мае ж вы людцы, адкуль жа вы такія? Пазычце мне свае басочкі!” Так мы і пазнаёміліся з гэтым цікавым і таленавітым чалавекам, які потым стаў часта бываць у нас, і які, па сутнасці, зрабіўся кіраўніком нашага хору. Генадзь Іванавіч дапамог нам падрыхтаваць шмат складаных шматгалосых песень: “Ой, шумі і радуйся, беларускі бор”, “Гудзіць трактар каля става”, рускую народную песню “Позарастали стежки-дорожки” і іншыя”.
Дзякуючы працы пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча ў 1951 годзе на Рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці хор заваяваў першае месца. Аднак хутка Генадзю Іванавічу даручылі арганізоўваць Беларускі народны хор у Мінску і ён ужо не меў магчымасці наведваць Дзяляцічы.
Паступова выступленні хору прыпыніліся, але ў 1954 годзе яго кіраўніком быў прызначаны выкладчык Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча Панцеляймон Радаліцкі. Чулы і добразычлівы чалавек, ён стаў душой калектыву, пачаў аднаўляць рэпертуар, запісваць песні, якія спявалі ў Дзяляцічах, аранжыроўваць іх у чатырох-, шасці- і нават у васьмігалосым выкананні. Таленавіты музыкант і педагог, ён змог арганізаваць з’яднаны калектыў, развіўшы ў многіх музычныя здольнасці.
Згадвае Марыя Дароніна: “Я у той час была школьніцай. Панцеляймон Радаліцкі прыйшоў у школу, каб паслухаць, як спяваюць дзеці. Пачуўшы стройны спеў, звонкія дзіцячыя галасы, ён адабраў дзесяць дзяўчынак для ўдзелу ў хоры. Так я, будучы кіраўнік, аказалася ўдзельніцай Дзяляціцкага хору, ці, як яго яшчэ называюць, “Хору трох пакаленняў”, таму што ў ім спявалі дзеці, бацькі і дзяды. Пачаліся рэпетыцыі, канцэрты, гастролі не толькі па Беларусі, але і па Літве і Польшчы.”
У 1956 годзе хор адзначаў сваё трыццацігоддзе. На святкаванні прыехалі Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч. За выдатнае выканальніцкае майстэрства хору было прысвоена званне народнай Дзяляціцкай харавой капэлы.
Пасля таго, як Радаліцкі пакінуў калектыў па хваробе, ніхто з наступных кіраўнікоў доўга не мог прыжыцца ў калектыве і яны часта мяняліся. У 1966 годзе кіраўніком капэлы была прызначана Марыя Дароніна. Пачалася доўгая і складаная работа па падрыхтоўцы рэпертуару. Цяжкасцей было вельмі шмат. На кожную рэпетыцыю Марыя Іванаўна ездзіла з Навагрудка два разы на тыдзень. А гэта 30 кіламетраў туды і назад.
Рэпетыцыі калектыву прызначаліся на восем гадзін вечара, таму што людзям патрэбна было пасля асноўнай работы яшчэ справіцца па ўласнай гаспадарцы. Вяртацца дадому даводзілася позна, і кіраўніка хору адвозілі дадому на дзяжурнай калгаснай машыне пад гадзіну ночы, а то і пазней. Таксама новай кіраўніцы хору было складана падабраць рэпертуар. У асноўным у праграму Марыя Дароніна брала народныя песні ў апрацоўцы беларускіх кампазітараў, нашу класіку. Рускія песні калектыў таксама выконваў, але вельмі рэдка. Спявалі таксама украінскія, літоўскія, польскія рэчы...
Вялікім стымулам у рабоце былі паездкі з канцэртамі не толькі па раёне, але і ў Гродна, Мінск, а таксама ў Расію, Літву, Польшчу. Людзі адчувалі вялікую адказнасць, старанна падыходзілі да падрыхтоўкі канцэртаў. На выступленні ў суседнія вёскі хадзілі нават пехатой.
За сваю працу ўдзельнікі хору грошай не атрымлівалі, але для іх было прадугледжана матэрыяльнае стымуляванне. За кошт калгаса яны забяспечваліся палівам, а таксама ім аплачваўся газ і электрычнасць. На падвядзенні вынікаў працы калгаснікаў за год удзельнікі хору атрымлівалі грашовыя прэміі і ўзнагароды, каштоўныя падарункі.
У 1976 годзе капэла адзначыла сваё 50-годдзе, а ў 1986 годзе — 60-гадовы юбілей. Было многа падарункаў і цёплых слоў ад Міністэрства культуры краіны, абласнога ўпраўлення культуры, ад арганізацый і калектываў вобласці. І амаль адразу пасля правядзення святочных мерапрыемстваў капэла перастала існаваць.
З той пары прайшло шмат гадоў. І ўжо сёння, на адлегласці часу, добра відаць, што тая народная харавая капэла з Дзяляціч — унікальная з’ява ў культурным жыцці не толькі Навагрудчыны, але, мабыць, і ўсёй Беларусі.
Галіна КАВАЛЬЧУК, старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея