Дзе ж магіла рымляніна?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Няўжо Авідзій пахаваны ў Кажан-Гарадку?
Наша культурная спадчына багатая на еўрапейскія і ўсходнія культурна-стылёвыя ўплывы. Фактычна культуру беларускіх зямель не абмінуў ні адзін вялікі гісторыка-культурны стыль, пачынаючы ад візантыйскага і раманскага да постмадэрнізму. Тым не менш, старажытная Беларусь засталася за межамі вялікай еўрапейскай антычнасці, культур старажытных грэкаў і рымлян, якія вызначылі магістральны лёс народаў еўрапейскай цывілізацыі.

/i/content/pi/cult/579/12754/15-1.jpgРазам з тым, пра беларускія землі ўзгадвалі антычныя аўтары, магчыма, пачынаючы з Гамера, іх апісваў Герадот, закраналі ў працах старажытныя рымскія аўтары Страбон, Пліній Старшы, Клаўдзій Пталямей, шматверагодна, што нашы землі наведвалі вядомыя грэкі, такія, як знакаміты падарожнік Піфей. Тым не менш, акрамя скарбаў манет і некаторых артэфактаў, — слядоў гандлёвай дзейнасці — нішто не сведчыць аб прысутнасці на нашых землях антычнай культуры і яе носьбітаў. Грэчаскія каланісты і рымскія легіёны не дайшлі да далёкага ляснога краю, які, згодна з іх уяўленнямі, насялялі загадкавыя гіпербарэі, неўры, будзіны, андрафагі, скіфы, сарматы.

Аднак тое, што не зрабіла гісторыя, стварыла фантазія міфаў. Сфармаваныя самасвядомыя народы, іх вышэйшыя саслоў’і пачалі ствараць сваю сацыяльна-культурную міфалогію, міфалагічныя радаводы ад рымлян. Асэнсаваўшая сваю ідэнтычнасць шляхта Жмудзі і Літвы (Беларусі) пачала выводзіць свой радавод ад патрыцыя Палямона, як некалі ў Брытаніі першым каралём лічылі вымушанага пакінуць Італію Брута. Ішоў працэс міфалагічнай адаптацыі да мясцовых рэалій старажытнарымскай культуры, яе асоб, вынікам чаго былі дастаткова арыгінальныя міфемы. Так, у выданым Браніславай Кербеліте каталогу літоўскіх народных паданняў, а таксама ў публікацыі Віталя Вольскага пра Кажан-Гарадок (зараз вёска ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці) распавядаецца са слоў мясцовага старажыла аб тым, што каля ўскраіны майдана гэтага былога мястэчка, ва ўзвышшы, якое называюць Відушавай гарой, нібыта быў пахаваны славуты рымскі паэт Авідзій (ад гэтага гара і атрымала сваю назву як рэч незвычайная, відаль). Паэт нібыта загінуў недзе на Палессі і, адпаведна, знайшоў там свой апошні прытулак.

Рымскі паэт Публій Авідзій Назон (43 год да н.э. — 17 ці 18 гады н.э.), аўтар “Метамарфоз”, “Майстэрства кахання”, “Фастаў”, “Трысцій (Журботных элегій)”, “Лістоў з Понта”, іншых твораў, — ці не самы папулярны ў Еўропе з выдатных прадстаўнікоў высокай рымскай культуры “залатога веку”. У 8 годзе н.э. ён нечакана быў сасланы імператарам Аўгустам у маленькі грэчаскі горад-калонію Томы (сучасная Канстанца ў Румыніі) на заходнім узбярэжжы Чорнага мора, побач з якім жылі фракійскія плямёны “варвараў”-гетаў. Паэт тады знаходзіўся ў росквіце славы і тое, што здарылася, стала для яго цяжкім ударам. Аб прычынах ссылкі спрачаюцца да нашых дзён, аднак досыць верагодна, што Авідзій стаў ахвярай паказной маральнасці імператара Аўгуста і паплаціўся за свае любоўна-эратычныя творы. Так ці інакш, смутак, журба, успаміны аб былым жыцці, просьбы аб вяртанні зрабіліся галоўнай тэмай творчасці ссыльнага паэта, які скончыў жыццё ў Томах.

Беларускі тэкст сведчыць аб культурнай панарамнасці міфалагічнага поля, традыцыйнай беларускай здольнасці да зазямлення, лакалізацыі высокага ў тутэйшым, а таксама аб істотнай распаўсюджанасці легенды аб Авідзіі, які нібыта рабіў далёкія падарожжы і далучаў народы паўднёвай і ўсходняй Еўропы (у тым ліку славянскія) да рымскай адукаванасці. У дадзеным выпадку мы маем справу з літаратурна-кніжным пранікненнем у фальклор, мясцовай інтэрпрэтацыяй, створанай, магчыма, блізкай да паноў прыслугай, якая не раз чула звесткі аб рымскім паэце. Узнікненне на нашых землях гэтай легенды хутчэй за ўсё належыць да часоў рэнесанса і ранняга барока, XVI — першай паловы XVII стагоддзяў, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім на хвалі культуры еўрапейскага Адраджэння ўзняўся інтарэс да антычных аўтараў, кнігі якіх паступалі з еўрапейскіх друкарань, а таксама перакладаліся на месцы. Спасылкі на Авідзія меліся ў творах прадстаўнікоў грамадскай, мастацкай думкі таго часу — Сымона Буднага, віленскага войта Аўгустына Ратундуса, уплыў паэта адзначаюць у “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага. Авідзій цытуецца нават у абвінаваўчай прамове на Варшаўскім працэсе Казіміра Лышчынскага 1689 года. Веданне латыні і старажытных рымскіх аўтараў складала аснову адукацыі ў шматлікіх калегіўмах на нашых землях.

Напэўна, гэтыя ўплывы не абмінулі і Кажан-Гарадок — старадаўняе пасяленне, старажытнае мястэчка, якое вяло значны гандаль па ажыўленым шляху па рацэ Прыпяць, мела кірмашы. У мястэчку быў панскі маёнтак, якім у старажытнасці ўладарылі Кішкі, Падбярэцкія. У 1635 годзе Даратэяй Падбярэцкай у мястэчку быў пабудаваны кальвінісцкі храм, што сведчыць аб уключанасці ў тагачасныя культурныя працэсы.

Цікавасць да лёсу Авідзія ў выгнанні не знікала ў Еўропе, у XVIII — пачатку XIX стагоддзяў выказваліся меркаванні аб месцы яго жыцця і пахавання. Між іншым, яно лакалізавалася нават у Паднястроў’і ці ўвогуле лічылася даследчыкамі невядомым, аднак паступова вышуквалася праўда. Цікавасць да гэтай праблемы адлюстроўвае напісаная паміж 1792 і 1800 гадамі балада рускага паэта Сямёна Баброва “Магіла Авідзія, слаўнага ўлюбёнца муз”, дзе Авідзій звязваецца з Томамі. Аўтар піша, што Рым “Не мыслил, чтобы мужи грозны / Ума хоть искру крыли здесь; /Чтоб пели здесь Эоны поздны; / Чтоб чуждые потомки днесь / Назона в арфе прославляли / И слезны дни благословляли.” У баладзе Авідзій шануецца як пясняр, які паспяхова выканаў цывілізатарскую місію ў варварскім асяроддзі. Аб ”Назонавай магіле” у стэпу ля Томіса пісаў у элегіі і рускі паэт Віктар Цеплякоў (1829 год). Досыць міфалагізаваным паўстае вобраз Авідзія ў паэме Аляксандра Пушкіна “Цыганы”. Там Авідзій — няздольны да самазабеспячэння “святы стары”, якога апякуюць мясцовыя жыхары, ссохлы, бледны бадзяга, які завяшчаў перанесці свой прах на поўдзень. Версію аб актыўнай культуртрэгерскай дзейнасці паэта ў мясцовым асяроддзі падтрымліваюць і некаторыя сучасныя даследчыкі. Між тым, адзіныя крыніцы — творы Авідзія — сведчаць, што паэт ставіўся да акаляючага свету (людзей — гетаў, сарматаў, скіфаў, дакаў; прыроды) як да чужога, небяспечнага, дзікага, што рабілася нават штампамі. У “Трыстыі” паэт шкадуе, што няма каму чытаць свае творы, што па большай частцы быў вымушаны размаўляць “па-сармацку” і “па-гетску”. Нават калі стасункі з “варварамі” наладжваліся, гэта не выклікала задавальнення паэта. У “Лістах з Понта” Авідзій з сорамам прызнаецца, што напісаў кніжку на гетскай мове (лічаць, што грэчаскім алфавітам) “нашымі строямі” аб Цэзары. Ён чытаў яе варварам, спадабаўся і пачаў “звацца паэтам” сярод гетаў, якіх ён назваў антыгуманнымі, нялюдскімі (inhumanos nomen habere Getas). У гарадах, у тым ліку Томах, дзе мелася значнае грэчаскае насельніцтва, жыхары ўшанавалі Авідзія ўрачыстым святарным вянком, вызвалілі ад падаткаў. Зразумела, уплыў паэта на мясцовых жыхароў меў месца, але не варта павялічваць яго памеры і ўзаемнасць. Тым не менш, Авідзій верыў, што па шматлікіх народах пойдзе гаворка аб ім, сасланым, і што яго жальбы будуць вядомы ўсяму свету, што і здарылася.

Таямнічы арэол вакол выгнання, жыцця і творчасці ў Томах, месца пахавання Авідзія спрыяў стварэнню беларускай легендарнай канвы, тым больш, што паэта на нашых землях не забывалі — уплыў Авідзія прысутнічаў у творчасці паэтаў Беларусі часоў Асветніцтва Міхала Карыцкага, Францішка Князніна. Безумоўна тое, што шлях, які прывёў да стварэння самай гучнай легенды, звязанай з гістарычнымі асобамі — аб жыцці, смерці і пахаванні на нашай зямлі выдатнага рымскага паэта — быў складаным і загадкавым і звязаны паходжаннем з падзеямі непасрэдна ў былым Кажан-Гарадку.

Ігар УГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт