Ружы і “шыпы” з’езда

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Упершыню ў беларускай музыцы..

12 сакавіка завяршыўся ХVI з’езд беларускіх кампазітараў. Старшынёй творчага саюза застаўся народны артыст Беларусі і СССР Ігар Лучанок, пачаўшы адмотваць свой ужо дзявяты тэрмін (дарэчы, два з іх былі не па чатыры гады, як звычайна, а па шэсць). Такое пастаянства на гэтай пасадзе (гаворачы музычнай мовай, ostinato працягласцю ў 36 гадоў) — таксама ўпершыню.

Словы, што вынесены ў назву, даўно ўспрымаюцца атавізмам савецкай эпохі: у тыя часы гэтае “ўпершыню” было самым, бадай, трывалым прыслоўем, звязаным з айчыннай кампазітарскай творчасцю. У цяперашнім жа кантэксце (зноў упершыню) яно мае дачыненне не да творчасці, а выключна да арганізацыйнага боку мерапрыемства.

Упершыню з’езд праходзіў у Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Упершыню ладзіўся ў “два заходы”: першы адбыўся 1-га сакавіка ў памяшканні БРСМ. Тым разам кворум быццам бы сабраўся, але праз некаторы час знік. Масавы сыход тлумачыўся проста: за больш як пяць гадзін пасяджэння не было вырашана нічога. Было відавочна, што ўласна пратакольныя мерапрыемствы не былі падрыхтаваны: госці — запрошаны, а ўнутраныя пытанні, дзеля якіх і збіраецца такі шырокі сход, на стадыі непаразумення паміж праўленнем творчага саюза, якое працуе на грамадскіх пачатках, і супрацоўнікамі, якія нават не падрыхтавалі неабходнай дакументацыі, пачынаючы з поўнага складу чальцоў. Затое наступная спроба аказалася даволі ўдалай: 12 сакавіка яўка склала 75 чалавек пры поўным складзе ў 132 (заўважым, што многія беларускія кампазітары і музыказнаўцы жывуць у замежжы, уключаючы Расію, Польшчу, Германію, Францыю, ЗША, Ізраіль, краіны Лацінскай Амерыкі, а таму прыехаць не могуць апрыёры).

Арганізацыя з боку Акадэміі музыкі была ідэальнай — і гэта прытым, што паралельна там праходзіў Дзень адчыненых дзвярэй, які традыцыйна збірае суцэльныя натоўпы абітурыентаў. Урачыстым было і завяршэнне працы з’езда: першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга павіншавала Ігара Лучанка з перавыбраннем, уручыўшы яму букет ружаў, і адзначыла Кіма Цесакова ў сувязі з яго 80-годдзем вышэйшай узнагародай Міністэрства — нагрудным знакам.

У адрозненне ад ранейшага праўлення, у склад новага (14 чалавек, з іх дзесяць кампазітараў, астатнія — музыказнаўцы) былі ўведзены прадстаўнікі рэгіёнаў: Уладзімір Грушэўскі з Баранавічаў, Уладзімір Бабкоў з Брэста. Дый увогуле праўленне значна памаладзела, у ім сталі пераважаць не мэтры, а творцы сярэдняга ўзросту, паболела моладзі. Шляхам тайнага галасавання ў яго патрапілі, да прыкладу, прызнаныя на міжнародным узроўні кампазітары і музычныя дзеячы Віктар Кісцень, Вольга Падгайская, Канстанцін Яськоў (апошні, між іншым, узначальвае Асацыяцыю маладых кампазітараў пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў і мог быць адным з самых рэальных прэтэндэнтаў на ролю кіраўніка ўсёй кампазітарскай суполкі).

Дададзім, што старшынская пасада ў цяперашніх умовах зусім не прынадны кавалачак. Яна не аплочваецца, не прыносіць ніякіх дывідэндаў, акрамя хіба што адказнасці, арганізатарскіх клопатаў ды зрэдку (а найперш у час кампазітарскіх перавыбараў) увагі з боку СМІ. Колькі часу таму, калі Ігар Міхайлавіч сам прапаноўваў гэту пасаду (гэткім шырокім жэстам, але “на ўзводзе”: маўляў, бярыце, хто хоча), жадаючых сярод членаў праўлення не знайшлося. Яно і зразумела: усё ж лепш займацца ўласнай творчасцю, чым дбаць пра дзейнасць калег. І тое, што знаная мастацтвазнаўца, прафесар Акадэміі музыкі Радаслава Аладава (што сімвалічна, дачка аднаго з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы ХХ стагоддзя Мікалая Аладава) усё ж дала згоду на ўключэнне свайго імя ў бюлецені для галасавання, трэба ўспрымаць як грамадзянскі ўчынак. Яна набрала 29 галасоў (гэта насамрэч не так мала, улічваючы спантаннасць яе вылучэння і поўную адсутнасць папярэдняй агітацыйнай кампаніі), Лучанок — 41, пяць бюлеценяў аказаліся несапраўднымі.

Абмяркоўвалася і магчымасць увядзення статусу ганаровага старшыні, што дазволіла б захаваць гармонію між неабходнасцю маладой энергіі — і вопытам. Для гэтага, аднак, патрэбны змяненні ў цяперашнім Статуце Беларускага саюза кампазітараў, чым, у адпаведнасці з рэзалюцыяй з’езда, і зоймецца праўленне. Але і без таго практычна ўсе абавязкі старшыні ўскладзены пакуль на яго першага намесніка — народнага артыста Беларусі Эдуарда Зарыцкага, чалавека вытрыманага і безадмоўнага.

Жарсці вакол “кампазітараў начальніка, музыказнаўцаў камандзіра” хутка ўлягуцца. А зацікаўленыя, прафесійныя дыскусіі наконт новай беларускай музыкі (і найперш акадэмічнай, якая сёння складае славу Беларусі ў замежжы), падобна на тое, яшчэ не пачыналіся, загінуўшы дзесьці ў 1980-х. Вось гэта сапраўды шкада…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"