Індэксы і аплата рэжысёрам

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

На пытанні адказвае Вольга КАНАНЮК, начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Ці будзе Міністэрствам культуры распрацаваны парадак аплаты працы работнікаў рэжысёрска-пастановачных груп?

Міністэрствам культуры было распрацавана Палажэнне аб парадку і памерах аплаты за артыстычныя паслугі канцэртных калектываў і выканаўцаў, што бяруць удзел у культурных мерапрыемствах, і работнікаў пастановачных груп, якія забяспечваюць правядзенне культурных мерапрыемстваў. У згаданым дакуменце былі прадугледжаны максімальныя памеры аплаты ў базавых велічынях за артыстычныя паслугі і паслугі работнікаў пастановачных груп з улікам складанасці мерапрыемстваў, якія праводзяцца, і колькасці канцэртных нумароў.
Аднак згаданы дакумент пастановай Міністэрства культуры не зацверджаны, бо, па заключэнні Міністэрства юстыцыі, выказаныя ў ім палажэнні ў частцы ўстанаўлення памераў аплаты працы не адпавядаюць нормам заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з артыкулам 394 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь разлікі бакоў пры выкананні дамоў ажыццяўляюцца па кошце, устаноўленым пагадненнем бакоў.

 

Ці магчыма звярнуцца ў Міністэрства статыстыкі і аналізу з просьбай пастаянна тлумачыць індэкс, каб ведаць, чаму ў абсалютных лічбах даходаў установы культуры атрымліваюць “плюс”, у супастаўных — “мінус”?

Міністэрства статыстыкі і аналізу ажыццяўляе выбарачны нагляд за зменамі цэн на паслугі культуры. Інфармацыя аб рэгістрацыі змянення цэн на паслугі культуры па канкрэтных установах культуры з’яўляецца канфідэнцыяльнай.
Органы дзяржаўнай статыстыкі не робяць разлік індэксаў цэн на паслугі культуры па канкрэтных установах. Для пераразліку аб’ёмаў платных паслуг культуры ў супастаўных цэнах прымяняюцца сярэднія індэксы цэн па абласцях і г. Мінску па відах паслуг культуры.
У 2007 годзе ў параўнанні з 2006 годам індэкс цэн на паслугі культуры па рэспубліцы, які прымяняецца для разліку аб’ёмаў платных паслуг культуры ў супастаўных цэнах, склаў 104,6 працэнта, па Брэсцкай вобласці — 106,3 працэнта, Віцебскай — 103,8, Гомельскай — 106,1, Гродзенскай — 102,6, г. Мінску — 104,1, Мінскай — 102,5, Магілёўскай вобласці — 107,3 працэнта. Міністэрства культуры прагназуе ў 2008 годзе рост цэн на паслугі культуры насельніцтву ў памеры 0,5 працэнта за месяц.
У мэтах дакладнага і рэальнага разліку змянення цэн на квіткі ў тэатральна-відовішчных установах Міністэрства культуры (пісьмо ад 10 сакавіка 2008 г. № 10-23/734) звярнулася ў Міністэрства статыстыкі і аналізу з прапановай рабіць рэгістрацыю змянення сярэдняй цаны па глядзельнай зале на спектаклі, канцэрты і цыркавыя прадстаўленні, паколькі тэатральна-відовішчныя ўстановы ў залежнасці ад змянення попыту насельніцтва, а таксама ўмоў правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў пераглядаюць цэны на білеты па радах глядзельнай залы, павялічваючы і (ці) змяншаючы іх. Міністэрства статыстыкі і аналізу (пісьмо ад 13 сакавіка 2008 г. № 08-53/69) паведаміла, што ў цяперашні час органы дзяржаўнай статыстыкі пры наглядзе за зменамі цэн на паслугі, што аказваюцца тэатральна-відовішчнымі ўстановамі, разлічваюць сярэднеўзважаныя цэны на квіткі па ўсёй глядзельнай зале.