Быць драматургам… Гучыць драматычна?

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Цэнтр беларускай драматургіі і Інстытут імя Гётэ ў Мінску прэзентавалі зборнік новай нямецкамоўнай драматургіі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў. Назва кнігі — “ШАГ” — з’яўляецца абрэвіятурай трох краін, п’есы якіх прадстаўлены: Швейцарыі, Аўстрыі, Германіі. Што ж хвалюе тамтэйшыя тэатры — і нашы? Як прапанаваныя п’есы суадносяцца з беларускімі рэаліямі? Якія перспектывы ў нашых драматургаў — у параўнанні з еўрапейскімі? Гэтыя і многія іншыя тэмы паўсталі ў час “круглага стала” “Сучасная беларуская драматургія для дзяцей і падлеткаў: кропкі ўзаемадзеяння”, які завяршаў падрыхтаваныя маладымі рэжысёрамі (і, вядома, артыстамі) чыткі трох п’ес са зборніка.

Што ў канцы тунэля?

Паглядзеўшы чыткі і нават проста пагартаўшы зборнік, няцяжка было заўважыць, што заходнееўрапейскія драматургі не цураюцца набалелых тэм, многія з якіх часам лічацца ў нас “закрытымі”. І ў прадмове да кнігі, і, адпаведна, перад пачаткам прэзентацыі большасць такіх новых для дзіцячай аўдыторыі тэм былі акрэслены. Гэта маладзёжная культура, гендэрныя ўзаемаадносіны, развод бацькоў і так званыя “лапікавыя” сем’і, тэма смерці.

Прачытаўшы зборнік цалкам, асабіста я звярнула ўвагу на тое, што сабраныя ў ім п’есы не толькі ўзнімаюць тую ці іншую праблему, не толькі выяўляюць яе хваравітае ўздзеянне на тонкую дзіцячую душу — адначасова яны прапануюць і нейкае выйсце. Паказваюць, што праблемы могуць быць вырашаны. Нават даюць “прамую наводку”, якім чынам. Вучаць ні пры якіх абставінах не страчваць надзею на дапамогу дарослых. Гэтак жа “падказваюць” і дарослым, як знайсці падыход да складаных тынэйджарскіх характараў. Можа, часам не ўсё ў такіх “хэпі эндах” гучыць цалкам пераканаўча, прычыны змянення герояў у лепшы бок недастаткова “прапісаны” ў іх рэпліках (і гэта вымушае рэжысёраў шукаць свае абгрунтаванні). Дзесьці нават можна ўбачыць уздзеянне класіцысцкіх жанраў накшталт “оперы выратавання”. Але гэтыя нечаканыя паралелі з эпохай Асветніцтва невыпадковыя: п’есы зборніка апелююць найперш да розуму, а не адно да эмоцый.

Думаю, дарма тут усё спісваць выключна на менталітэт і праславутыя нацыянальныя асаблівасці: маўляў, немцы занадта сухія ды прагматычныя, а славяне больш сардэчныя, эмацыйна адкрытыя, схільныя ўспрымаць мастацтва не адно галавой, а ўсёй сваёй душой. Справа ў іншым: сабраныя ў зборніку п’есы вучаць не кідацца ў вір з галавой, а выпрацоўваць погляд на праблемы збоку, што і дапамагае захоўваць цвярозы розум у самых складаных сітуацыях.

Набалела? Маўчыце — усё пройдзе

Злата ГЛОТАВА, рэжысёр, адна з арганізатараў мінскага бэбі-тэатра “Бусы” для дзяцей ад шасці месяцаў да трох гадоў, да прэзентацыі падрыхтавала чытку п’есы Ёрга Ізермаера “Без манет няма цукерак”:

 — Зборнік мяне расчараваў, бо гэта дрэннае кіно, перанесенае на сцэну. Я з цяжкасцю абрала тое, што можна было б паставіць. Наш глядач не гатовы да вострых тэм, убачанае ім на сцэне можа “натхніць” яго на дрэнныя ўчынкі. Так, праблемы існуюць, але не трэба рабіць іх нормай. У нас інстытут сям’і вельмі моцны, і прыцягваць увагу дзяцей да разводу бацькоў, сварак паміж імі нельга. Дзіця павінна выпрацаваць свае каштоўнасці, хочацца ў дзецях захаваць дзяцінства. Бо трохгадовыя ў нас — такія ж, як у замежжы. Падлеткі — іншыя. І насамрэч, літаратуры для 11-ці — 14-гадовых — безліч. Але якія мэты ў дачыненні да іх мы пераследуем — навучыць ці зарабіць грошы? Бо на спектакль пра тыя ж наркотыкі — пойдуць. Ды толькі што з яго вынясуць?

Настасся ВАСІЛЕВІЧ, студэнтка аддзялення тэатральнай крытыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Тое ж п’янства ў многіх сем’ях лічыцца за норму жыцця. Падобныя сцэны не сыходзяць і з экранаў тэлевізараў, прычым у прам-тайм, а зусім не пасля апоўначы, калі дзеці павінны спаць. Але як толькі гэту ці якую іншую балючую тэму ўзнімаюць на тэатральнай сцэне, заўсёды знаходзяцца тыя, хто пачынае пратэставаць: маўляў, гэта разбэшчвае падлеткаў.

Аляксандр МАРЧАНКА, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, артыст Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, да прэзентацыі падрыхтаваў чытку п’есы Мілены Байш “Прынцэса і П’ер”:

— Побач з дзіцём на спектаклі павінен быць дарослы. І менавіта ад апошняга ў большай меры залежыць тое, што дзіця вынясе ці не вынясе з убачанага, як будуць трактаваны ўчынкі герояў. Насамрэч, падлеткі адкрыты для любых сюжэтаў і тэм, гатовы іх не толькі ўспрымаць, але і актыўна абмяркоўваць.

Злата ГЛОТАВА:

— Але што абмяркоўваць? Зірніце на рэпертуар маскоўскага ТЮГа: “Забойца”, “Злачынства і пакаранне”, “Лэдзі Макбэт”... На мой погляд, гэта нядобра. У Расіі склалі “Топ-10” самых чытаемых кніг. Дык верхнія радкі гэтага “хіт-парада” занялі гісторыі пра смерць і самазабойствы. Куды мы вядзем нашых падлеткаў?

Жана ЛАШКЕВІЧ, драматург, сцэнарыст, тэатральны крытык, памочнік мастацкага кіраўніка Беларускага рэспубліканскага ТЮГа:

— Акрамя ўзроставых межаў, ёсць градацыя спектакляў па гендэрным паказчыку: адны — найперш для дзяўчынак, іншыя — для хлопчыкаў. Як толькі ў анатацыі да “Беласнежкі...” напісалі, што гномы вяртаюцца з вайны, хлопчыкаў у зале паболела. Бо ўсялякія “жахі-страшылкі” ім папросту неабходны для “скіду” энергіі, гэта асаблівасць мужчынскай псіхалогіі. Нагадаю і тое, што народныя казкі спрадвек былі вельмі жорсткімі, прывучаючы дзяцей да рэалій жыцця.

Любоў ДЗЁМКІНА, загадчыца літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек:

— Пагаджуся, хорар для падлеткаў — патрэбны. А ўжо як менавіта ўвасабляць тыя ці іншыя сцэны, залежыць ад талента. І, вядома, ніхто не адмяняў такога паняцця, як мера адказнасці: заўсёды лепш “недакруціць”, чымсьці “перакруціць”.

Дык што скажа Мар’я Іванаўна?

Жана ЛАШКЕВІЧ:

— Тым не менш, даводзіцца канстатаваць, што нашы тэатры да ўзняцця вострых праблем не гатовы. Да прыкладу, дасылаюць нам такую п’есу, прычым напісаную вельмі добра. У загліта ёсць практычна паўтары хвіліны, каб пераканаць рэжысёра прачытаць яе. Добра, той пагодзіцца, прачытае. І задасць пытанне: “А што скажа глядацкая частка?”. У нас ідзе спектакль “Тэдзі” — пра хваравітую залежнасць падлетка ад камп’ютара. Дык вось, гэта п’еса расійскага аўтара была напісана ў 2003-м і амаль адразу патрапіла ў наш тэатр. Але была пастаўлена толькі ў 2012-м, хаця на той час ужо маральна састарэла, бо ўзнятая тэма даўно была абмеркаваная на ўсіх узроўнях.

Любоў ДЗЁМКІНА:

— Калі на парадку дня стаяць прададзеныя білеты, слова глядацкай часткі тэатра можа стаць рашаючым. Быў у нас спектакль “Жудасны спадар Ау”. Цяпер ён перайменаваны — “Добры дзядзечка Ау”. Бо слова “жудасны”, маўляў, адпужвала патэнцыйных гледачоў.

Злата ГЛОТАВА:

— Навучаючыся ў Маскве ў Цэнтры імя Меерхольда, я не магла не звярнуць увагі на тое, як спрытна працуюць многія расійскія рэкламна-прадзюсарскія часткі. Так званы “пакупніцкі попыт” на тыя ці іншыя спектаклі ў большай меры залежыць менавіта ад іх. Дый “сарафаннае радыё” ніхто не адмяняў. Часам дарослыя, занятыя ў гэтай сферы, не ўмеюць належным чынам прыпаднесці спектакль — так, каб на яго захацелася пайсці. Трэба ўлічваць і псіхалогію тых жа падлеткаў: для іх думка адналеткаў бывае больш важнай за меркаванне дарослых. Дык знайдзіце 13-гадовага, які хоча стаць журналістам! Ён разрэкламуе спектакль у тых жа сацыяльных сетках так, што на яго валам паваляць.

У творчай звязцы

Анатоль ТРАФІМЧЫК, пісьменнік, кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры:

— За апошні час напісаны і апублікаваны ледзь не тры сотні беларускіх п’ес для дзяцей. А рэалізавана з іх — хаця б 10 адсоткаў.

Любоў ДЗЁМКІНА:

— У аўтарах нястачы няма. А п’ес, прыдатных для пастаноўкі, бракуе. Мая парада для драматургаў — пішыце на канкрэтны тэатр. Для гэтага спачатку хаця б наведайцеся на тыя ці іншыя спектаклі, паглядзіце на акцёраў, гледачоў. Больш гутарыце, гуляйце з сённяшнімі дзецьмі, а не згадвайце ўласнае дзяцінства, бо яно было зусім іншым. Правярайце напісанае на дзецях: яны не падмануць. І будзьце гатовыя да таго, што ў рэжысёра можа быць свой погляд на тое, што вы прапанавалі. Калі драматург — аўтар п’есы, дык рэжысёр сёння — аўтар спектакля. І ён вольны ўкладаць у яго той сэнс, які лічыць больш актуальным.

Жана ЛАШКЕВІЧ:

Увогуле, творчы тандэм рэжысёра з драматургам здольны на многае. Дастаткова ўзгадаць такія “звязкі”, як Валерый Раеўскі і Аляксей Дудараў, Аляксей Ляляўскі і Артур Вольскі (апошні так “прыкіпеў” да тэатра, што нават размаўляў інтанацыямі яго артыстаў), Аляксей Ляляўскі і Анатоль Вярцінскі. Сёння, на жаль, такога паразумення няма.

Наталля ЛЯВАНАВА, рэжысёр, да прэзентацыі падрыхтавала чытку п’есы Беціны Вегенаст “Хачу быць ваўком!”:

— У некаторых тэатрах ёсць традыцыя запрашаць на пасаду загадчыка літаратурнай часткі менавіта драматургаў: гэта вырашае многія праблемы.

Уладзімір ГЛОТАЎ, артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, адзін з удзельнікаў чытак:

— Прыкладам сённяшняга творчага тандэма з’яўляецца, на мой погляд, супрацоўніцтва галоўнага рэжысёра нашага тэатра Сяргея Кавальчыка з драматургам Андрэем Курэйчыкам, вынікам чаго стаўся спектакль “Пане Каханку”. Але такога саюза, як гэта здаралася з ранейшымі творцамі, між імі няма: па меншай меры, я штосьці не заўважаў, каб яны разам сядзелі на рэпетыцыях.

Злата ГЛОТАВА:

— Гэта не паказальнік! Наадварот, аўтару бывае неабходна “адпусціць” сваю п’есу, тады рэжысёр зможа ўбачыць яе па-свойму.

Вера ДЗЯДОК, супрацоўніца Інстытута імя Гётэ ў Мінску:

— У Германіі даволі часта адна і тая ж п’еса адначасова ідзе ў некалькіх тэатрах, і паўсюль яна прачытана па-свойму. Аўтарам гэта падабаецца, яны не ўмешваюцца ў пастаноўку. Дый гледачы заінтрыгаваны: заўсёды цікава параўнаць розныя версіі.

Уладзімір ГЛОТАЎ:

— “Супрацоўніцтва” на сучасны манер, здараецца, бывае наступным. Артыст, паслухаўшы прапановы рэжысёра, запытвае: “Можна, я ўсё перайначу?” А рэжысёр у адказ: “Ды рабі, што хочаш!”

Ягор КОНЕЎ, пісьменнік і драматург:

— Здараецца і так, што рэжысёр, супрацоўнічаючы з пісьменнікам, усе жылы з яго выцягне, пакуль п’еса атрымаецца. А потым кажа: “Схадзіце да мастацкага кіраўніка, каб менавіта я яе ставіў”. Калі ж кіраўніцтва вырашыць інакш — значыць, увогуле не ставіць? Так што “супрацоўніцтва” можа быць розным.

Глядзіце, хто прыйшоў!

Анатоль ТРАФІМЧЫК:

— Важна знайсці не толькі “свой” тэатр і зацікаўленага рэжысёра, але і “сваю” аўдыторыю. У асноўным, пішуцца казкі для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Падлеткі ж застаюцца неахопленымі. Здаецца, драматургі проста пазбягаюць пісаць для іх, бо ў такім узросце асабліва востра бачацца рэаліі жыцця і не праходзіць падман. А між тым, найлепшае ўспрыманне драматургіі як асобнага роду літаратуры пачынаецца з 14-ці гадоў. Таму п’есы для больш малодшых звычайна не насычаюцца псіхалагічнымі дэталямі: дзеці яшчэ не здольныя ўспрыняць іх ва ўсёй паўнаце. Але ж і казкі ў нас даволі аднастайныя — штосьці накшталт: “жылі-былі дзед і баба”. Гэтай традыцыі больш за стагоддзе, а мы ўсё ніяк развітацца з ёй не можам. І справа не ў дзеючых асобах! У п’есе можа быць заяўлены хоць праграміст, сюжэтныя ж ходы застаюцца ранейшымі. Нашай драматургіі для дзяцей тэрмінова патрэбна пашырэнне тэматыкі і, адпаведна, жанраў.

Наталля ЛЯВАНАВА:

— У той жа Германіі ладзіцца конкурс п’ес, бо ўсе разумеюць, што драматургам таксама патрэбны заахвочвальны фактар.

Жана ЛАШКЕВІЧ:

— Хіба ў нас конкурсаў няма? Нават ТЮГ да свайго 60-годдзя праводзіў, прыйшло да нас 14 п’ес, лепшыя будзем ставіць. Але колькі б ні пісалі твораў для падлеткаў, іх заўсёды будзе мала. Я заўважыла яшчэ такую заканамернасць: чым лепш дзеці ведаюць пакладзены ў аснову літаратурны твор, тым лепш успрымаюць спектакль. Тая ж Таццяна Сівец стварыла, лічу, маленькі шэдэўр — “Брык і Шуся шукаюць лета”. Але штораз перад пачаткам спектакля трэба тлумачыць, хто такія Брык і Шуся. Дык што — аддаваць перавагу творам школьнай праграмы? Таксама праблематычна. Бо настаўнікі адразу пратэстуюць: маўляў, у вас не так, як у падручніку напісана. Але ў хуткім часе ў нашым тэатры пачне працаваць эксперыментальная сцэна, да ўсяго, будзем рабіць там чыткі.

Замест P.S. Ды ўсё ж цікава, ці будзе ўвасоблена на беларускай сцэне хаця б адна з прэзентаваных п’ес? “Хачу быць ваўком!” — цудоўны прыклад сямейнага спектакля, дзе для маленькіх цікавым можа быць сам аповед пра тое, як баранчык вырашыў ператварыцца ў ваўка і ўсё ж, дзякуючы верным сябрам, застаўся самім сабой. Для падлеткаў — майстар-клас, як не трэба абіраць прафесію. Для дарослых — прытча пра механізмы самазнішчэння асобы. “Прынцэса і П’ер” прыцягне гісторыяй напаўжартоўнага першага кахання, а галоўнае — псіхалагічна дакладным роздумам пра тое, што сярэдняя школа і школа жыцця не сінонімы. А “Без манет няма цукерак” — увогуле амаль гатовы мюзікл. Дык што ўбачаць гледачы?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"