Адкуль першы досвед…

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Сваё натхненне Святлана Грыбанава знаходзіць у людзях. Яна працуе ў філіяле “Пагранічная сельская бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Осіпа Кавалеўскага ўсяго каля трох гадоў, але — у цэнтры культурнага жыцця аграгарадка “Пагранічны”. Бо інакш тамтэйшую бібліятэку і не назавеш!

Святлана Сямёнаўна — філолаг па адукацыі, была настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Старадарожскім раёне Міншчыны, кантакт з вучнямі знаходзіла вельмі хутка. Аднак жыццёвыя абставіны прымусілі змяніць прафесію. Бясспрэчна, Грыбанава была б і надалей выдатным педагогам, але бібліятэчная справа, пагадзіцеся, у нечым блізкая да філалагічнай. Святлана Сямёнаўна шмат чытала, сачыла за літаратурнымі навінкамі. Тым не менш, уладкоўваючыся ў Пагранічную сельскую бібліятэку, і не падазравала, наколькі творчым і вірлівым можа аказацца новае жыццё.

Зазначу, бібліятэкі ў сваіх функцыях ужо даўно выйшлі па-за межы кніжнага абслугоўвання ды прапаганды чытання. Сёння гэта асяродкі культуры, дзе ладзіцца работа і па арганізацыі вольнага часу насельніцтва наогул. Маю на ўвазе аматарскія аб’яднанні па інтарэсах, супрацоўнітцва з клубнымі ўстановамі, школамі і філіяламі ДШМ, а таксама праз узаемадзеянне з органамі мясцовай улады і іншымі неабыякавымі структурамі. А ў аграгарадку “Пагранічны” бібліятэкары спрадвек стасункаваліся з культурна-асветніцкім цэнтрам імя Ефрасінні Полацкай і нядзельнай школай пры мясцовым храме.

Як пачатковец назапашвае першы досвед? Сочыць за працай больш вопытнага калегі. Грыбанава назірала за сустрэчамі, якія арганізоўвала загадчык філіяла Надзея Кобрынец, ды здзіўлялася: якія ж энергічныя, ініцыятыўныя, творчыя, лёгкія на ўздым людзі жывуць у аграгарадку! Іх настрой, энтузіязм і падштурхнулі бібліятэкара да першых творчых праяў.

Жанчына з натхненнем прыступіла да заняткаў з юнымі ўдзельнікамі дзіцячага аматарскага аб’яднання “Дамавічок”, якое, дарэчы, дзейнічае пры бібліятэцы ўжо амаль дзесяць гадоў і знаёміць малодшых школьнікаў з установай, кнігай у прынцыпе праз гульні, віктарыны, літаратурныя агляды. А яшчэ — праз заняткі дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, што дазваляе раскрыць творчыя здольнасці пачаткоўцаў, развіць іх эстэтычны густ. Тут і спатрэбіліся Святлане Сямёнаўне яе навыкі ў вязанні кручком і педагагічная практыка. Каб захапіць школьнікаў, бібліятэкар сама асвойвала новыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І справа яе захапіла.

Пад кіраўніцтвам Святланы Сямёнаўны юныя ўдзельнікі аматарскага аб’яднання плятуць вырабы з газет, вывязваюць кручком розныя аплікацыі, пальчыкавыя і іншыя цацкі. А ўласны твор бібліятэкара  — самаробная кніга з аплікацыямі — удзельнічаў у выставе на Дні беларускага пісьменства ў Шчучыне…

Сёння Святлана Сямёнаўна спявае ў царкоўным хоры — нават з’ездзіла ў Мінск на трэнінг па адраджэнні прыроднага голасу. Удзельнічае ў вакальнай групе пры мясцовай клубнай установе. Спрабуе сябе ў ролі вядучай культурна-масавых мерапрыемстваў, што праходзяць у “Пагранічным”. Яе цікавіць музычнае мастацтва, прыгожае пісьменства.

Што вылучае творчую асобу? Фантазія, дапытлівасць, ініцыятыўнасць, хуткі пераход ад захопленасці да рэалізацыі ідэі. Усё гэта цяпер прынята называць “крэатыўнасцю”. Менавіта такая і Святлана Грыбанава.

Таццяна МАРЦІШЭВІЧ,  дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Осіпа Кавалеўскага