Мо здалёк бачна лепш?

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Cярод навінак аднаго расійскага выдавецтва, што больш як дваццаць гадоў абслугоўвае турыстычны бізнес, — даведнік “Беларусь”. Мяркуючы па інфармацыі, змешчанай у Сеціве, ад выдання 2014 года апошняе адрозніваецца хіба толькі вокладкай, а тое уяўляе сабой дапоўненае і актуалізаванае выданне 2012 года.

/i/content/pi/cult/577/12723/4-28.jpgМне даводзілася гартаць некаторыя выданні гэтай серыі, прысвечаныя розным краінам і рэгіёнам. Яны пакідаюць добрае ўражанне. Бо гэтыя даведнікі — не проста каталог аб’ектаў, вартых ўвагі вандроўніка, рэклама гатэляў і рэстаранаў, але яшчэ і ёмісты і, разам з тым, лаканічны аповед пра геаграфію, гісторыю і культуру. І што найбольш важна — звесткі пра менталітэт народа і сённяшні стан грамадства. Карыстаючыся парадамі, турыст гарантавана не трапіць ў няёмкае становішча, пазбегне патэнцыйна канфліктных сітуацый.

Аўтары даведнікаў серыі, распавядаючы пра гісторыю краін, імкнуцца не выкарыстоўваць стэрэатыпы, якія стагоддзямі складваліся ў расійскай гісторыяграфіі. Скажам, сярэднестатычны расіянін упэўнены, што Вялікае Княства Літоўскае склалася ў выніку заваёвы літоўцамі беларускіх земляў. Аўтары жа даведніка “Беларусь” далікатна абыходзяць гэту абсурдную з навуковага гледзішча тэзу і пішуць: “1240-я г.г. Утварэнне на сённяшніх беларускіх землях Вялікага княства Літоўскага з цэнтрам у Навагрудку ў часы княжання Міндоўга”. Пэўная недагаворанасць застаецца, але паліткарэктнасць у наяўнасці.

А вось як трактуецца ў даведніку паўстанне 1863 года, якое большасць расіян лічаць “польскім”: “Вызваленчае паўстанне на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі запускае працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Калі ў мінулых паўстаннях інсургенты змагаліся за Рэч Паспалітую, дык у 1863 г. — ужо за Беларусь”.

Увогуле стыль расповеду ва ўсіх раздзелах выдання, як я ўжо адзначаў, ёмісты, лаканічны, карэктны і, дазволю сабе гэта сцвярджаць, аб’ектыўны. І яшчэ даведнік выгадна адрозніваецца ад аналагічных беларускіх выданняў, бо ягоныя аўтары здолелі стварыць цэльны і запамінальны вобраз прыгожай, культурна насычанай краіны. У аналагічных айчынных кнігах, якія мне даводзілася гартаць, шмат інфармацыі, якая сама па сабе можа і цікавая, але ў ёй адсутнічае канцэптуальны стрыжань. Даведнікі нібыта разлічаны на чытача, які някепска дасведчаны у гісторыі Беларусі і яе сучасных рэаліях. А гэта, дазволю сабе сцвярджаць, усё ж памылкавы падыход. (Урэшце, па гэтым пытанні я гатовы палемізаваць). Аўтары ж кнігі, пра якую ідзе гаворка, здолелі яго пазбегнуць.

Вобразнае ўяўленне пра краіну дае ўжо першая старонка, дзе змешчаны ілюстраваны спіс тузіну славутасцяў Беларусі. Гэта будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (“Адна з самых футурыстычных пабудоў беларускай сталіцы”), мемарыяльны комплекс “Хатынь”, каралеўскія замкі Гродна, Полацк (“Калыска беларускай дзяржаўнасці і музей пад адкрытым небам”), Брэсцкая крэпасць-герой, Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс Радзівілаў, Мірскі замак (“Сімвал беларускага Сярэднявечча”), Гальшанскі замак, Навагрудак, Свята-Успенскі мужчынскі манастыр, возера Нарач. Сапраўды уражвае!

Як бачыце, спіс ахоплівае 1000-гадовую гісторыю Беларусі і гарманічна спалучае знакі розных (момантамі ідэйна непрымірымых) эпох, што найлепшым чынам характарызуе беларускі народ і адлюстроўвае беларускую ментальнасць. На маю думку, такі даведнік варта пагартаць не толькі гасцям з суседняй дзяржавы, але і самім беларусам — каб лепш ведалі сваю краіну. І ганарыліся ёю. На жаль, аналагічнага па якасці айчыннага даведніка пра Беларусь, як я ўжо казаў, няма… Мо здалёк лепш бачна? У любым выпадку варта павучыцца ў суседзяў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"