Фактычна не ведаем

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Ала ГРАХАВА, артыстка, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск)
Думкі, што выкладаю тут, узніклі ўжо даўно, але ў Год культуры, а тым больш напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, наспела неабходнасць звярнуцца да іх, закрануць пытанне аб так званых перыферыйных тэатрах.

/i/content/pi/cult/577/12722/4-3.jpgУсё часцей у сродках масавай інфармацыі з’яўляюцца матэрыялы, што маюць да гэтага дачыненне. Пытанне закраналася на выніковай калегіі Міністэрства культуры. Для мяне штуршком для напісання гэтых радкоў былі словы доктара мастацтвазнаўства Рычарда Смольскага ў часопісе “Мастацтва” (№12 за 2014 год): “Засмучае і акалічнасць, якая доўжыцца не адзін год: шырокая тэатральная грамадскасць краіны фактычна не ведае, як сёння жывуць-выжываюць “маленькія” тэатры ў Мазыры, Пінску, Слоніме, Бабруйску, Маладзечне”. А ўяўляеце, як гэта засмучае нас?!. Жывем мы, бы на нейкай выспе, адасоблена ад астатняга творчага жыцця краіны: ніхто нас не бачыць, нічога пра нас невядома (не стану ўзнімаць тэму аб Рэспубліканскім фестывалі беларускай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Мацінкевіча — не так даўно пісала ўжо аб гэтым). Адкуль жа яно ўзнікае, такое меркаванне, хацелася б ведаць? Пяць гадоў у нас малады галоўны рэжысёр. Ці прааналізавана праца тэатра за гэты час: у якім кірунку мы рухаліся, і калі не рухаліся, дык што перашкаджала? А калі такая праца была зроблена, то чаму трупе аб гэтым не распавялі?

Колькі гадоў таму існавалі творчыя справаздачы ў сталіцы, калі тэатры прывозілі свае, на іх думку, лепшыя спектаклі ў Мінск. Яны праглядаліся, абмяркоўваліся, аналізаваліся, паводле паказаў рабіліся высновы. Адразу быў бачны творчы кірунак тэатра, ступень якасці яго працы, што за акцёры і рэжысёры служаць так мастацтву. Не толькі ж сухія лічбы паказчыкаў выканання плана па розных пунктах даюць уяўленне аб працы творчага калектыву! Тым больш, планы гэтыя (на маю думку, па шэрагу пунктаў — неабгрунтаваныя) выконваюцца неімавернымі намаганнямі (вялізная колькасць выязных казачак у дзіцячыя садкі, школы, санаторыі і гэтак далей). Цяпер такіх “справаздач” няма, але ж мусіць існаваць штосьці ўзамен.

Яшчэ была практыка: на прагляд спектакляў прыязджалі крытыкі, і за некалькі дзён яны маглі ўбачыць шэраг пастановак, разабраць іх, пагутарыць з трупай і гэтак далей. Мне адразу могуць запярэчыць, маўляў, на гэта трэба шмат грошай, але ж тое жыццёва неабходныя выдаткі, ад якіх залежыць развіццё тэатра, яго рост.

Раней ад Саюза тэатральных дзеячаў адбываліся творчыя камандзіроўкі, што былі своеасаблівай узнагародай акцёрам, бо тыя мелі магчымасць паглядзець найбольш цікавыя пастаноўкі, пра якія шмат пісалі крытыкі, нарэшце, тыя, якія варта было паглядзець. А хто-небудзь задумваўся, наколькі гэта важна для артыстаў “маленькага” тэатра: ўбачыць, як працуюць іх калегі, суаднесці сваю працу з іншымі? Здарылася так, што нават на прагляд спектакляў, вылучаных на ІІІ Нацыянальную тэатральную прэмію, прадстаўнікоў тэатра не запрасілі апошнім разам, прытым што два папярэднія гады запрашэнні былі. Госці могуць не ўдзельнічаць у галасаванні, не быць членамі журы, але ж бачыць спектаклі!.. Бо сапраўды складана самастойна з’ездзіць у сталіцу і паглядзець той або іншы спектакль, калі ты сам заняты на сцэне і залежыш ад мноства фактараў. А тут жа свята, фестываль! Тое ж атрымліваецца і па вылучэнні творчых асоб на прэміі ад СТД: упэўнена, камісіі прозвішчы некаторых намінантаў мала што скажуць. А на так званай перыферыі ёсць выбітныя творчыя людзі. Проста зоркі склаліся так, што жыццё сваё яны звязалі не са сталіцай. І яны робяць для фарміравання прасторы душы чалавека сапраўды шмат.

Думаю, што на гэту тэму ёсць шмат меркаванняў, але скончу наступным: тое, што мы працуем не ў сталіцы, не робіць нас менш годнымі творцамі! Звярніце на нас увагу! Падтрымайце! Нарэшце, праявіце цікаўнасць, а то і… палюбіце нас!