Скажы, люстэрка...

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог
Як педагог ужо даўно зразумеў: культура, мастацтва — гэта не толькі праўдзівае люстэрка, якое дакладна фіксуе ўсіх, хто ў яго паглядзіць. Хапае тут і аптымістаў, і песімістаў.

/i/content/pi/cult/577/12721/5-4.jpgНярэдка даводзіцца чуць: на культуру ў нас выдаткоўваецца мала грошай. Аднак прытым штогод немалыя сродкі накіроўваюцца дзяржавай як на забеспячэнне дзейнасці наяўных устаноў культуры, так і на адкрыццё новых, а таксама на камп’ютарызацыю бібліятэк, тэатраў, філармоній, кінатэатраў. Многія песімісты-ныцікі нярэдка забываюць, што ў Рэспубліцы Беларусь не толькі захаваліся культурна-гістарычныя каштоўнасці, многія адметныя традыцыі мінуўшчыны, але адбылося іх прымнажэнне і ўзбагачэнне новымі сучаснымі традыцыямі — тымі ж фестывалямі “Белая вежа”, “Мінская вясна”, “Беларуская музычная восень”, “Славянскі базар у Віцебску”… Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць чаму радавацца, а замежнікам ёсць чаму па-добраму пазайздросціць і павучыцца.

Варта і пра культуру ўзаемаадносін ды агульнага побыту паклапаціцца. Здаровая аснова ёсць, і ёсць што зберагаць, цаніць, падтрымліваць у належным стане. Таму асабіста мне так шкада, калі нават звычайныя лаўкі, новыя аўтобусныя прыпынкі, якія былі заменены зусім нядаўна, ужо сапсаваны і нават разабраны, пасля “начной змены” моладзі на падпітку тыя ж прыпынкі ўтанаюць у бутэльках, пакунках, шалупінні ад семачак, недапалках цыгарэт. Пад такім дахам і стаяць не захочацца, і праходзіць паблізу непрыемна! Урэшце, аднойчы пачуў, як бабуля ахарактарызавала маладога чалавека, што кінуў недапалак на ходнік. Яна заўважыла ўнучцы: “Гэта, Марыначка, некультурны чалавек! Так рабіць нельга. Для гэтага ёсць на вуліцы сметніцы”… Упэўнены: такая педагогіка і дасць плён!

Яшчэ адзін аспект. На жаль, масавая культура ў нас вельмі часта выцясняе культуру высокую. Ды мы забываем, што "маскульт" не ўсім цікавы, а шмат каму агідны. Урэшце, бывае і так: чалавек разумее Баха і Моцарта, часта наведвае тэатр, а сам — хам у жыцці, дэспат у сям’і. Або наадварот: бабуля Таццяна была малапісьменным чалавекам, але валодала вялікім зарадам дабрыні і чуласці.

Культура — паняцце не часовае, яе ўзровень нельга павысіць фармальнымі мерапрыемствамі. Нам усім разам трэба вучыцца бачыць прыгожае нават у самым дробным, не зацыклівацца на негатыве. Нашы продкі перадалі духоўны наказ беларускай нацыі — быць мэтанакіраванай, працавітай, любіць родную зямлю і паважаць яе гісторыю. Няхай Год культуры згуртуе нас яшчэ больш, зробіць нас лепей.