Гаворка пра графіку

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Леў АЛІМАЎ, мастак-графік, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў
Лічу добрай ідэяй тое, што рэдакцыя газеты “Культура” аздобіла свой каляндар на бягучы год работамі маладых графікаў, выхаванцаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Балазе графічная школа — наш нацыянальны брэнд.

/i/content/pi/cult/577/12720/5-2.jpgЦалкам згодны з рэдакцыйным каментарыем да гэтай нізкі графічных аркушаў пра значэнне творчых здабыткаў такіх майстроў як Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі, Барыс Забораў... Іншым разам можна пачуць пра нейкага творцу, што ён нарадзіўся не ў свою эпоху, жыў не ў тым асяроддзі і праз тое не здолеў напоўніцу рэалізаваць свой талент. Ды я лічу, што для мастацтва не бывае добрага ці кепскага часу. Кожны час — гэта час для ўсяго, і толькі ад самога чалавека залежыць, як ён скарыстае свае гады.

Адзін палітык казаў, што мастакам калі-нікалі трэба гразіць пальцам. Я жыў у час, калі пальцам гразілі. І ведаеце, не думаю, што гэта кепска. Так мяркую не з той прычыны, што мне семдзясят, я настальгічна ідэалізую сваю маладосць. Проста са свайго досведу я магу сцвярджаць: у такіх умовах у мастака выкрышталізоўваецца творчая і грамадзянская пазіцыя. Мастакі, якіх я згадаў раней, іншыя іх калегі больш ці менш сталага веку жылі ў час так званага прэсінгу. Але ж якія рэчы яны стваралі! Усесаюзныя выставы кніжных ілюстрацый былі россыпам графічных брыльянтаў! Замежнікі толькі галовамі здзіўлена круцілі… Цяпер жа, ва ўмовах творчай разняволенасці (я маю на ўвазе ўсю постсавецкую прастору) мы шмат што страцілі. Таму я вельмі задаволены, што ў Беларусі сітуацыя не такая драматычная, як у іншых колішніх саюзных рэспубліках. У нас традыцыі Акадэміі мастацтваў, дзякуй Богу, плаўна пераходзяць у здабыткі наступнага пакалення.

У работах маладых мастакоў, прадстаўленых у “культураўскай” падборцы, я бачу высокі ўзровень форматворчасці. Гэта калі форма натуральна ўваходзіць у змест. Творчасць большасці гэтых мастакоў мне знаёмая па выставах. Я бываю ў Мінску па некалькі разоў на год і някепска ўяўляю, што адбываецца ў культурных асяродках сталіцы. Чамусьці модныя сёння развагі пра тое, што адукацыя наша не адпавядае сучасным патрабаванням, што мы губляем, у прыватнасці, графічную школу, я ўсур’ёз не ўспрымаю. Кажуць, новыя таленты ёсць, але іх мала. Дык не можа быць многа! Ніколі шмат і не было. Калі з трыццаці студэнтаў адзін-два мастакамі стануць, ужо і добра!

Я бачу таленавітую моладзь, якая надзвычай сур’ёзна ставіцца да працы. А па тым, як у гэтай падборцы па-рознаму вырашаюцца творчыя задачы, відаць, што мастакі падрыхтаваныя і інтэлектуальна. Работы гэтай падборкі я назаву не столькі працаёмістымі, бо зроблены яны так прафесійна, што высілкаў мастака не бачна (так і павінна быць!), але “многотрудными”. Нават невялікі па фармаце афорт памерам з аркуш са школьнага сшытка можа змясціць больш эстэтычных кодаў, чым вялікае жывапіснае палатно. Жывапіснае палатно можна стварыць у стылі “імпрэшн” — напісаць на ўражанні, настроі. А эстамп, друкаваную графіку на “імпрэшн” не надта зробіш….

Сама абавязковасць адточаных рухаў, складанасць тэхнікі прывялі да таго, што гэты мастацкі кірунак знаходзіцца на грані вымірання. Не таму, што гэта нецікава, незапатрабавана, а таму, што вельмі цяжка рабіць. Гэта праца не надта ўдзячная і не вельмі акупная. І робяцца афорты не ў хатніх умовах, а ў адмыслова абсталяванай творчай майстэрні. Арэнда якой, дарэчы, каштуе штомесяц паўтара-два мільёны рублёў. Яшчэ задумаешся, займацца гэтым ці не…

Хтосьці робіць кар’еру праз ўласны піяр, а іншы ставіць на творчасць, і шлях ягоны да поспеху ў такім выпадку нагадвае рух у тунэлі. Але, як казаў бард, “Коридоры кончаются стенкой, а тоннели — выводят на свет”. Вось так і становяцца прафесіяналамі.

Адно мяне здзіўляе, чаму ў падборцы збольшага прадстаўлены дзяўчаты? Мо ў нашай графіцы, дзе дагэтуль гаспадарылі мужчыны, надыходзіць матрыярхат?

Фота Эдуарда КАБЯКА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"