Ініцыятыва на год

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Культработнікі аграгарадка “Мазалава” на працягу 2016 года плануюць рэалізаваць краязнаўчы праект “Сцяжынкамі Аляксея Сапунова: ад Усвят да Віцебска”, прысвечаны Году культуры і 165-годдзю з дня нараджэння выдатнага гісторыка, краязнаўцы, археолага апошняй чвэрці ХІХ — першай чвэрці ХХ стагоддзяў.

/i/content/pi/cult/577/12717/3-3.jpgІдэя праекта ўзнікла невыпадкова: цягам дзесяці гадоў у фальварку Кахоўка жыў Аляксей Парфёнавіч. Амаль усё сваё жыццё ён прысвяціў вывучэнню гістарычнага мінулага Полацка-Віцебскага краю. Нарадзіўся ён у 1851 годзе ў горадзе Усвяты (сёння — горад у Пскоўскай вобласці), які ў тыя гады ўваходзіў у склад Віцебскай губерні. Першая яго навуковая праца — “Гістарычныя звесткі пра віцебскія замкі” была апублікавана ў “Памятнай кніжцы Віцебскай губерні на 1881 год”. Самай знакамітай працай стаў зборнік “Віцебская даўніна”. Сапуноў з’яўляўся ганаровым членам многіх таварыстваў і камісій у Віцебску, Маскве, Пецярбургу, Магілёве, быў узнагароджаны залатым медалём Расійскай акадэміі навук…

Праект прадугледжвае вечарыну памяці Сапунова ў мясцовай бібліятэцы, адкрыты конкурс творчых работ “Мае землякі”, экскурсіі “Гісторыя Мазалава і ваколіц: ад маёнтка да аграгарадка” ў рамках Фэста экскурсаводаў; творчага візіта ва Усвяты, краязнаўчай канферэнцыі, раённага свята “Мазалаўскі карагод гульняў”… Такім чынам, праект скіраваны на выкарыстанне рэсурсаў культуры для папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны сельскіх населеных пунктаў і стварэння турпаслуг.

Андрэй СТРУНЧАНКА, магістрант Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава

На здымку: Аляксей Сапуноў.