Што да рамонту...

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

У № 50 нашай газеты ад 12 снежня мінулага года было змешчана рэагаванне намесніка старшыні Бешанковіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Мікалая Заблоцкага на рэдакцыйны артыкул “Пакуль гарыць Свяча?..” (№ 46 “К” ад 14 лістапада 2015 года). Публікацыя распавядала пра культуру Бешанковіччыны і ўтрымлівала крытычныя заўвагі, датычныя ўмацавання матэрыяльнай базы.

Мікалай Заблоцкі пісаў тады, што пытанне знаходзіцца на кантролі раённых улад, пералічаў зробленае і запэўніў, што пра завяршэнне рамонту шэрагу іншых аб’ектаў паведаміць дадаткова. Сваё слова шаноўны Мікалай Анатольевіч трымае. Вось чарговы допіс:

“На Ваш зварот па пытанні рамонту ўстаноў культуры Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт дадаткова паведамляе, што будаўнічыя работы па рамонце фасаду Бешанковіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі былі часова прыпынены і будуць узноўлены пасля наступлення дапушчальных для будаўніцтва тэмпературных параметраў. Аб завяршэнні рамонту Вам будзе паведамлена дадаткова. Прылеглая тэрыторыя — добраўпарадкоўваецца. Працягваюцца работы па рамонце сутарэнных памяшканняў Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Аб завяршэнні работ будзе паведамлена дадаткова.

На падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для рамонту Раённага дома рамёстваў з раённага бюджэту на другі квартал бягучага года выдаткавана 40 мільёнаў рублёў”.