"...Планета" ў Брэсце

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Стартуе пілотны праект па ўзаемадзеянні рэгіянальнага турызму і мастацтва. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы пры падтрымцы аднаго з турыстычных агенцтваў горада распачаў прыём заявак да ўдзелу ў Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Дзеці планеты”, які пройдзе з 29 чэрвеня па 2 ліпеня.

/i/content/pi/cult/577/12712/3-1.jpgІдэя не новая: практычна ва ўсіх турыстычных цэнтрах Еўропы акрамя стандартных экскурсійных тураў прапануюць тэматычныя заезды, у межах якіх ладзяцца майстар-класы, конкурсы, фестывалі. Па словах памочніка мастацкага кіраўніка тэатра Анжэлы Саідзі, арганізатары ставілі сваёй мэтай сумясціць карысны дзіцячы адпачынак у прыгожых месцах Брэстчыны з творчымі спаборніцтвамі па розных кірунках.

З’яўленню цікавага праекта паспрыяла ўнікальная сітуацыя ў рэгіёне. “Мы правялі маніторынг і высветлілі, што білеты на дзіцячыя пастаноўкі нашага тэатра актыўна выкупляюцца… польскімі турфірмамі! — патлумачыла Анжэла Яўгенаўна. — Прынамсі, летась Бяла-Падляска масава выпраўляла сваіх дзяцей на нашу “Папялушку”. Пасля спектакля аўтобусы везлі экскурсантаў у Белавежскую пушчу, у рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Такія туры на Брэстчыну палякам абыходзіліся танней, чым аналагічныя ва ўласную сталіцу”.

Таму і было вырашана пайсці па шляху інтэграцыі з турызмам. Разнамоўныя дзеці будуць мець магчымасць сумясціць адпачынак і творчыя забавы, а кіраўнікі калектываў змогуць завязаць кантакты. Каб унесці інтрыгу, было вырашана правесці конкурсную праграму. На першы фэст заяўлена вельмі шырокая палітра намінацый: харэаграфія (народная, класічная, сучасная, бальны танец), вакал (народны, эстрадны, акадэмічны), мастацкае чытанне, ансамблі песні і танца і тэатральна-эстраднае мастацтва. Запрашэннем калектываў зараз займаецца яшчэ адзін сазаснавальнік мерапрыемства — Брэсцкі гарадскі цэнтр культуры. У журы запросяць вядучых майстроў культуры і мастацтва абласнога цэнтра. Калі фестываль атрымае добры розгалас, то праводзіць яго можна будзе два разы на год, каб прымеркаваць не толькі да летніх, але і да калядных вакацый.

— Мы прыдумалі новы для нас від дзейнасці, бо адчуваем падтрымку з боку турагенцтва, — дадала суразмоўца. — Тэатр займаецца культурнай праграмай, а наш партнёр бярэ на сябе клопаты па трансферы удзельнікаў, іх размяшчэнні, харчаванні, вырашае візавыя пытанні і складае экскурсійныя маршруты. Асноўным элементам турыстычнай часткі фестывалю значыцца паездка ў Белавежскую пушчу, дзе таксама працуюць прафесіяналы па арганізацыі адпачынку.

Плануецца, што ўвесь фестываль пройдзе на базе тэатра. А вось урачыстае адкрыццё — у залежнасці ад таго, якімі будуць магчымасці, — можа адбыцца ў слынных гістарычных месцах рэгіёна.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"