Персанальны ўнёсак у культуру

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Так супала, што ў Даўгаўпілсе я шпацыравала па зусім асобных, не звязаных паміж сабой маршрутах, выбіраючы тое, што, гледзячы з Мінска, здавалася незвычайным або малазнаёмым. Ураўнаважваў гэтыя падзеі ўдзел гараджан у культурных практыках.

/i/content/pi/cult/577/12706/13-1.jpgБеларусы — тут

Нідзе ў Даўгаўпілсе мяне не сустракалі так душэўна, як у Цэнтры беларускай культуры. Вядома, запомніліся Арсенал з палотнамі Марка Роткі і крэпасць Дынабург, як і тое, што паўсюль я бачыла добразычлівасць і гасціннасць. А Цэнтр, безумоўна, унікальны. Найперш, дзякуючы людзям, якія жывуць беларускай культурай. Прычым — у традыцыйных яе формах, паколькі ўжо на невялікай адлегласці ад мяжы апошнія набываюць зусім іншы сэнс і каштоўнасць. Калі ў Мінску мы праходзім міма сувенірнага кіёска і погляд наш абыякава слізгае па вітрыне з саломкай і керамікай, то тут гэтыя лялечкі і збанкі цудоўным чынам ператвараюцца ў адмысловую ідэнтыфікацыю — па душы, па сямейных гісторыях, па імкненні да нечага больш высокага, чым паўсядзённае жыццё. Адчуванні дачынення да краіны, сваяцтва і цяпла засяродзіліся ў кожным вузкім тканым паяску і разной скрыначцы, у народных строях, у ручніках…

Яшчэ адзін момант — фінансавы. Цэнтр беларускай культуры падтрымлівае Гарадская дума нароўні з латышскім, рускім і польскім цэнтрамі. Усе ў дастаткова роўнай ступені ўдзельнічаюць у культурным жыцці горада, сябруюць адзін з адным, раскрываючы лепшыя творчыя сілы нацыянальных культур.

Некалькі калектываў ужо шмат гадоў прыводзяць у ЦБК усё новых самадзейных артыстаў — гаворка пра вакальны ансамбль “Спадчына” і маладзёжны “Пралеска”, тэатральную студыю “Паўлiнка”, танцавальны ансамбль “Лянок”. Акардэаністаў збірае “Квiтнеючы май”, аматараў народнай песні — “Купалiнка”. Культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” ужо 20 гадоў займаецца з малечамі ў дзіцячай школе “Вясёлка”. Чаму людзі прыходзяць сюды пасля працы? Таму што ў душы яны спевакі, акцёры, музыкi, аматары літаратурнага слова... Да ўсяго, Цэнтр беларускай культуры дае ім адчуванне непасрэднай сувязі з радзімай.

Тут для іх ёсць тое, што называецца блізкім колам, плюс — прафесійны педагог, харэограф або музыкант. Маецца і касцюмерны пакой, інструменты, зала для рэпетыцый. Працуюць у цэнтры бібліятэка і метадыст. Ну а сцэна занятая пастаянна: гэта ўрачыстасці з нагоды дзяржаўных святаў, даты беларускага народнага календара, Дзень горада, штогадовы Фестываль беларускай культуры. Ёсць і гастролі: літаратурныя вечарыны з прэзентацыямі новых кніг, канцэрты ў Браславе, Мёрах, Віцебску, Смаргоні, а таксама ў латвійскай сталіцы Рызе і іншых гарадах. У апошні час Цэнтр вядзе творчыя майстэрні, дзе асвойваюць, напрыклад, выцiнанкi. Майстры з Браслаўскага аб’яднання музеяў навучылі латвійскіх беларусаў ткаць паясы. Самадзейныя артысты наведваюць пансіянат для людзей сталага веку і дзіцячы дом, выступаюць на святах нацыянальных культур.

...Шчырасць — вось сакрэт культуры і адказ цынічнаму часу. А яшчэ — тлумачэнне гэтай жывой і нават азартнай актыўнасці.

Індустрыяльны складнік і “нічога асабістага”

А іншая цікавая для мяне тэма ў Даўгаўпілсе — два помнікі індустрыяльнай гісторыі. Гэта дробаліцейны завод і водапад’ёмная вежа. На завод можна трапіць толькі па запісе, а вось вежа даступная, паколькі знаходзіцца ў Даўгаўпілскай крэпасці.

Чаму я рэкамендую пабываць унутры гмаху завода? Бо там выкарыстоўвалася тэхналогія (1782 года!), вартая сярэднявечнага рамана і алхімічных формул. Уласна, гэта таксама вежа — 37 метраў у вышыню. Кроплі свінцу падалі з вышыні ў калодзеж з ледзяной вадой, каб ператварыцца ў кулі. Сам завод, праўда, маладзейшы: ён працаваў з 1885 года, але гэта найстарэйшая вытворчасць боепрыпасаў у Паўночнай Еўропе. І ў гэтай якасці ён заняў трэцяе месца ў еўрапейскім конкурсе культурнага турызму ў намінацыі індустрыяльнай спадчыны.

Што да экспазіцыі, дык яна пазбаўлена дызайнерскіх вынаходніцтваў — старое абсталяванне, прыстасаванні сведчаць самі за сябе. Усе аматары рарытэтаў знаходзяць тут сваё самае-самае, і трэба мець зусім халоднае сэрца, каб прайсці міма аўтэнтычных рэчаў.

Водапад’ёмная вежа (1866) таксама захавала сваю гістарычную частку, але стала інфармацыйным цэнтрам, што зусім не перашкодзіла сабраць у ёй сапраўдныя дакументы, сцягі, чарцяжы і карты, ваенную форму салдат усіх армій, што калісьці служылі ў крэпасці. Вежа знаходзіцца побач з Арсеналам і Мікалаеўскімі варотамі. Проста за імі — выхад да ракі Даўгавы, адкуль вада паступала ў крэпасць. Зараз каналы, сцены, праходы вычышчаныя, і крэпасць паўстае перад наведвальнікамі, лічыце, у сваім адпачатковым выглядзе.

Крутая лесвіца, 150-годдзе якой адзначалася асобна, вядзе на ладную вышыню — да металічнай ёмістасці для вады. З дапамогай паравой машыны ў свой час рэзервуар напаўняўся — ні многа ні мала тры тысячы вёдраў. І ўсё захавалася ў працоўным стане! Спускаешся, і замірае душа аматара даўніны, а тым больш калекцыянера і антыквара: старажытная зброя, інструменты, шыльдачкі… І я ўжо не здзіўляюся, калі рэчы з гісторыяй прыносяць у музей жыхары горада. Выкінуць, вывезці, прадаць — адна гісторыя, аддаць у музей — зусім іншая. Дакажыце мне, што гэта не персанальны ўнёсак у культуру, не памяць і не павага да продкаў, і наогул “нічога асабістага”!

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст