Вучыцца “на рэжысёра” з цярпеннем

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Здымаць ды здзіўляць — сакрэт кінапоспеху ад Кірыла Папакуля
Працягваючы бясконцую тэму пра беларусаў, якія дасягнулі поспеху за мяжой, прапануем увазе чытача інтэрв’ю з чалавекам, якога ведаюць, бадай, усе, хто сачыў за поспехамі знакамітай каманды БДУ ў Клубе вясёлых і знаходлівых. З мінчаніна і студэнта ўніверсітэта Кіріл ПАПАКУЛЬ ператварыўся ў рэжысёра кіна- і тэлевізійных шоу “Вялікая розніца”, “Танцы з зоркамі”, серыялаў “Турысты”, “Татавы дочкі”. Зняў ён і паспяховы камедыйны фільм для вялікага экрана “Вельмі рускі дэтэктыў”. Сёння Кірыл Папакуль дзеліцца сваім жыццёвым ды творчым досведам

/i/content/pi/cult/577/12705/12-1.jpg— Як рэжысёру мне яшчэ здымаць і здымаць, каб наблізіцца да колішняга поспеху ў КВЗ. А тое, што я пасля ўдзелу ў гэтай гульні пайшоў зноў вучыцца, нават не дзівіць: разумныя людзі заўсёды вучацца, асабліва ў крызіс. А гуляць у КВЗ — усё ж не прафесія. Затое сам клуб робіцца людзьмі розных прафесій, і ў іх можна было шмат чаму павучыцца. Аляксандр Маслякоў і яго кампанія далі мне такую магчымасць, а менавіта працу рэдактара, прычым не ў звязцы з камандамі, а проста ў “мантажцы”: “Планета КВЗ” , “Па-за гульнёй”, “Прэм’ер-ліга КВЗ” — з 2000 да 2007 года я быў рэдактарам мантажу гэтых тэлеперадач і сумяшчаў свой асноўны род дзейнасці з атрыманнем цікавага вопыту ў маскоўскім “Астанкіне”, пакуль цікавасць да тэлебачання не абвастрыла маю цягу да кіно, і я паступіў на Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў. Калі скончыў іх, мне тут жа прапанавалі зняць поўнаметражнае кіно. Тут я зразумеў, што сумяшчаць ужо не атрымаецца, і мая рабочая фаза ў КВЗ завяршылася. Хоць працаваць над карцінай мне трэба было і з колішнімі калегамі па клубе на чале з Вадзімам Галыгіным. Дарэчы, вучыўся я ў майстэрні Алы Сурыкавай, а яна сябруе з сям’ёй Маслякова і працуе пераважна ў жанры камедыі. Так што нават і не скажаш, што я крута змяніў сваё жыццё, паступіўшы на курсы.

— Дарэчы, а чаму пры выбары навучальнай установы ты абраў апошнія, а не ВГИК ці нешта яшчэ?

— Па-першае, ВКСР не горш за ВГИК, калі мераць колькасцю паспяховых рэжысёраў-выпускнікоў абодвух ВНУ за апошнія 54 гады (менавіта столькі гадоў спаўняецца курсам сёлета). Па-другое, ва ВГИК за першай прафесіяй прыходзяць пераважна нявопытныя школьнікі, якія пяць гадоў вучацца за стыпендыю або за аплату, якую ўносяць, як правіла, іх бацькі, а на курсы паступаюць людзі толькі з вышэйшай адукацыяй за плячыма і з сур’ёзным вопытам работы, таму што без яго ты дакладна не заробіш тыя немалыя грошы, якія трэба заплаціць за два гады вучобы.

— Як ставішся да таго, што “на рэжысёра” можна навучыцца не на пляцоўцы, а ў навучальнай установе?

— Справа ў тым, што пасля любой навучальнай установы значна больш шанцаў выжыць у прафесійным пекле, замацавацца на новай тэрыторыі. Вышэйшая адукацыя скарачае час на ваганні, а на пляцоўцы ты працуеш менавіта з ваганнямі. Працоўны час у кіно каштуе вельмі дорага: творчыя перспектывы рэжысёра, які яго марнуе, наўрад ці яшчэ раз перасякуцца з гэтым жа прадзюсарам, калі наогул ўдасца “выжыць” да канца здымачнага перыяду. Але я не лічу, што рэжысёрам можна стаць адразу пасля заканчэння навучальнай установы. Бо згодны са словамі маёй дыпломнай кіраўніцы ў БДУ, прафесара псіхалогіі Алены Сляповіч: “Добра, што мне хапіла розуму! Абараніўшы кандыдацкую, ужо тады не адчувала сябе псіхолагам”.

— Чаму, як ты лічыш, самаму важнаму навучыўся ад сваіх кінанастаўнікаў?

— Цярпенню. І маімі настаўнікамі па цярпенні былі акцёры. Любыя. Не важна, здымаеш ты прафесіянала, аднакурсніка або сына — усе яны людзі, і ўсе яны — пасярэднікі паміж тваёй задумай і мастацтвам (калі пашанцуе), а ўсё, што паміж — чыстая творчасць. І цярпенне можа скончыцца ў любую секунду, таму што акцёры — не робаты, а такія ж людзі творчай прафесіі, як і ты, і ў іх такія ж высокія амбіцыі, але няма то настрою, то часу, то досведу... Як ні банальна гэта гучыць, але я сабе паўтараў: “У баі будзе лягчэй!”. Я ведаў: калі здамся цяпер, у час вучобы, то я і да бою сваёй мары не дацягну... Уладзімір Хаціненка неяк сказаў на курсах: “Шанцуе спевакам, асабліва таленавітым: вось Лучана Павароцці — самы шчаслівы чалавек на Зямлі, таму што ў яго паміж задумай і мастацтвам няма пасярэднікаў”. Курсы вучаць быць падрыхтаванымі да цяжкасцяў. Ала Сурыкава казала нам з першага занятку, цытуючы Леніна, “галоўнае — увязацца ў бойку!” А яшчэ яна казала: “Кіно — гэта пастаянны выхад з цяжкіх становішчаў”. Так і ёсць, вось зараз кожны дзень, адпраўляючыся на здымачную пляцоўку, я іду, як на экзамен — здаецца, падрыхтаваўся, але могуць жа і “засадзіць”! Лепш за ўсё пра курсы скажа іх слоган “Мы вучым рамяству — талент за вамі”. І больш за ўсё ты вучышся густу і, як аказваецца, шпаркасці сваёй рэакцыі на здымачнай пляцоўцы — навошта вынаходзіць ровар, калі ёсць ВКСР?

— Нейкі час ты працаваў з Кшыштафам Занусі і спачылым ужо дакументалістам Герцам Франкам. Што гэтыя майстры дадалі ў тваю творчасць?

— Кшыштаф Занусі і Герц Франк хадзілі на тыя ж курсы на працу. Яны праводзілі свае тыднёвыя майстар-класы на кожным наборы. Кожны з іх загадзя даваў творчыя заданні, а прыехаўшы да нас, ужо працаваў з вынікамі. Зноў жа гутаркі “about art” з такімі людзьмі таксама не праходзяць бясследна — яны мудрацы. Няправільна пытаць, што Занусі і Франк дадалі ў маю творчасць. Больш слушна казаць: яны дадалі ў мяне маю творчасць. Шчодры падарунак, павінен прызнацца, — даць чалавеку магчымасць адчуць смак поспеху. Працы да майстар-класу Занусі ўзрушылі мяне: гэта было першае, што я зняў падчас навучання, і сам Занусі вылучыў для мяне месца ў сямёрцы лепшых вучняў. А фільм, які я зняў па заданні Герца Франка, пасля яго ад’езду мастацкая рада курсаў нечакана для мяне залічыла за курсавую працу.

— Як на цябе паўплываў досвед працы над поўнаметражным праектам?

— Ад першага падрыхтоўчага дня да прэм’еры прайшло паўтара года. Амаль столькі ж, колькі я правёў за партай курсаў. І кожны божы дзень прыносіў мне нешта новае, дзіўнае, дагэтуль нябачанае, нечуванае, дасюль няробленае. Гэта быў вельмі насычаны падзеямі і адкрыццямі час, асабліва тры месяцы здымачнага перыяду. Такімі марафонамі жыццё мяне яшчэ не выпрабоўвала. Цярпенне, шчырасць пачуццяў і барацьба за сваю ідэю — гэтыя функцыі жыццядзейнасці былі актываваныя бесперапынна. І можна сказаць, што ў выніку я страціў страх. Аднак гэта пачуццё падманлівае, больш дакладна — цыклічнае: у далейшым кожны раз перад чарговым пачаткам гэты страх зноў цябе ахутвае, і ты змагаешся з ім штодня да поўнай і безумоўнай прэм’еры ў праграме тэлеперадач.

— Што параіш пачаткоўцам рэжысёрам, якія здымаюць на фотаапарат, але жадаюць перайсці ў “вышэйшую лігу”?

— Я б пажадаў не звязваць пераход у “вышэйшую лігу” з узроўнем вашай кінатэхнікі. Галоўнае — ідэя! Трэба проста заўсёды трымаць вашу камеру пры сабе, каб гэтую ідэю не ўпусціць, а запісаць кінамовай. Цяпер нават камеры на тэлефоне дастаткова для вашых шэдэўраў. Многія мае аднакурснікі кідалі вучобу пасля першага ж года: па-першае, яны ўжо дастаткова заплацілі, каб пацешыць сваю мару і сказаць “Гэта не маё!” А па-другое, грошы за другі год навучання яны хутка выдаткуюць на іншыя свае “пражэкты”. Адзіны рэзон, чаму трэба ісці вучыцца: адукацыя — паскаральнік, і вы вельмі хутка адкінеце лішнія сумневы і наблізіцеся да мары — калі не да адной, дык да іншай.

— Як ты лічыш, якім кіно Беларусь можа здзівіць увесь свет?

— Абсалютна дакладна Беларусь здольная здзівіць увесь свет кінакарцінамі пра Беларусь. Да работ Эміра Кустурыцы шмат хто ў свеце і не здагадваўся, што за людзі жывуць у колішняй Югаславіі, як яны жывуць і дзе гэтая краіна наогул знаходзіцца. Сакрэт просты: ён здымаў таленавіта, з любоўю і амаль заўсёды пра свой народ! Вынік відавочны: лаўрэат міжнародных кінафестываляў у Канах, Венецыі, Берліне, старшыня журы гэтых жа фестываляў, а таксама намінант на прэміі “Оскар” і “Залаты глобус”. Глядач палюбіў яго персанажаў, такіх жа простых, як і ён сам, за іх спецыфічныя адносіны адзін да аднаго і да жыцця, уласцівыя толькі яго народу. Трэба даваць маладым рэжысёрам больш магчымасцяў здымаць і здзіўляць, а лепшым беларускім студэнтам з любых кінашкол свету і наогул дарыць гэтую магчымасць. Што пасееш — тое і пажнеш.

— Каб табе прапанавалі працаваць у Беларусі, ты б пагадзіўся?..

— Ад такіх прапаноў не адмаўляюцца. Але я і сам гатовы прапанаваць Беларусі свае паслугі, калі ёй патрэбныя менавіта рэжысёры-беларусы. Працуючы на расійскім тэлебачанні ў забаўляльным сегменце ўжо восьмы год, я ўвесь час шукаю арыгінальныя ідэі для свайго кіно: чытаю гатовыя кінасцэнарыі, знаходжу цікавую літаратуру для экранізацыі, пішу свае заяўкі — ёсць сярод іх і беларускія гісторыі. Такім чынам, я аформіў шэраг ідэй у кінапраекты, прычым не толькі камедыйныя. Так што каб “Беларусьфільм” паклікаў мяне сёння, я, не раздумваючы, пагадзіўся б сесці за стол перамоваў. На шчасце, мне і самому ёсць што прапанаваць “Беларусьфільму”!