Арыгінал у Полацку

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Адрэстаўраваны твор пэндзля жывапісца Івана Хруцкага будзе прадстаўлены ў Нацыянальным полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Плануецца, што гэта адбудзецца ў маі, падчас Ночы музеяў.

/i/content/pi/cult/577/12702/7-1.jpgКалі ў 2010-м святкавалі 200-годдзе славутага мастака і рыхтавалі выставу работ ягонай праўнучкі Ядзвігі Мацееўскай, сярод карцін выявілі партрэт Адама Міцкевіча. У ім прачытвалася рука самога Хруцкага. Як распавядае загадчык Мастацкай галерэі музея-запаведніка Ларыса Лысенка, экспертыза партрэта, праведзеная ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і параўнанне з іншым варыянтам партрэта паэта, што зараз знаходзіцца ў Расіі, далі падставы сцвярджаць: полацкая знаходка належыць пэндзлю майстра. З іншага боку палатна выяўлены эскіз нацюрморта, а пад рэнтгенам у ніжнім слаі знайшлі і жаночы партрэт. Таму твор будзе экспанаваны так, каб гледачы бачылі абодвы бакі палатна. А ў перспектыве музейшчыкі зоймуцца атрыбуцыяй нацюрморта і жаночага партрэта.

Па словах спадарыні Лысенка, для Полацка адкрыццё — падзея! У родным горадзе Хруцкага дагэтуль не было ніводнага яго арыгінала.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"