Калі ў 2010-м святкавалі 200-годдзе славутага мастака і рыхтавалі выставу работ ягонай праўнучкі Ядзвігі Мацееўскай, сярод карцін выявілі партрэт Адама Міцкевіча. У ім прачытвалася рука самога Хруцкага. Як распавядае загадчык Мастацкай галерэі музея-запаведніка Ларыса Лысенка, экспертыза партрэта, праведзеная ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і параўнанне з іншым варыянтам партрэта паэта, што зараз знаходзіцца ў Расіі, далі падставы сцвярджаць: полацкая знаходка належыць пэндзлю майстра. З іншага боку палатна выяўлены эскіз нацюрморта, а пад рэнтгенам у ніжнім слаі знайшлі і жаночы партрэт. Таму твор будзе экспанаваны так, каб гледачы бачылі абодвы бакі палатна. А ў перспектыве музейшчыкі зоймуцца атрыбуцыяй нацюрморта і жаночага партрэта.
Па словах спадарыні Лысенка, для Полацка адкрыццё — падзея! У родным горадзе Хруцкага дагэтуль не было ніводнага яго арыгінала.