Таму не дзіўна, што многія тэатры, не здолеўшы выхаваць уласных някрошусаў і фаменкаў у сваім калектыве, запрашаюць замежных спецыялістаў. І гэтая практыка дае відавочны плён: прыгадаем выдатныя спектаклі Аркадзя Каца ў Рускім і Андрэя Бакірава ў Купалаўскім і Гомельскім абласным драматычным тэатры. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што на пастаноўку адной з самых містычных п’ес сусветнай драматургіі — шэкспіраўскага “Макбета” на галоўнай сцэне краіны— быў запрошаны літоўскі рэжысёр Альгірдас Латэнас.
Імя Латэнаса добра вядома беларускім тэатралам. Літоўскі Дзяржаўны маладзёжны тэатр, які ён узначальвае, неаднаразова быў удзельнікам фестывалю “Белая вежа”, дзе паспеў заваяваць і самыя высокія ўзнагароды, і любоў гледачоў. Неўзабаве кіраўніцтва Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі запрасіла літоўца паставіць у іх “Дзядзьку Ваню” Чэхава. Як вынік, Гран-пры наступнай “Белай вежы” застаўся ў брэстаўчан, а сам спектакль, які тэатр неаднаразова прывозіў у Мінск, стаў для тэатра этапным.
Тое, што Латэнаса абралі для пастаноўкі ў Купалаўскім твора Шэкспіра, ні ў кога не выклікала здзіўлення. Прыгадаем, што яго “Рычард ІІІ” стаў адным з найбольш яркіх адкрыццяў “Белай вежы-2000”. Згадаем і тое, што апошні раз Шэкспіра (“Сон у летнюю ноч”) у Купалаўскім ставіў таксама запрошаны рэжысёр — Андрэй Бакіраў з Украіны.
Амаль уся пастановачная група, што працавала над прэм’ерным спектаклем, была літоўскай. І калі глядзіш “Макбета”, разумееш, наколькі важнай для рэжысёра была знешняя відовішчнасць ці хутчэй нават візуальная выразнасць таго, што адбываецца на сцэне. Элементы сцэнаграфіі і касцюмаў часам кажуць нам пра персанажаў больш, чым ігра акцёраў. Чаго вартая хаця б дзівосная сукенка лэдзі Макбет, на чый велізарны падол час ад часу залазяць думкі-вядзьмаркі і не даюць жанчыне сысці з месца. Безумоўна, “Макбет” атрымаўся надзвычай прыгожым і стыльным спектаклем, калі хочаце, нават крыху гламурным. На жаль, літоўская пастановачная частка спектакля (рэжысура, сцэнаграфія, касцюмы) і беларускія акцёры не тое што існуюць паасобку, але, прынамсі, размаўляюць нібыта на розных мовах.
Для Латэнаса краевугольным каенем пры пабудове рэжысёрскай канцэпцыі спектакля з’явіўся яго жанр — трагедыя. Гэта не драма, персанажы якой жывуць па людскіх законах і маюць чалавечыя пачуцці. Літовец узнімае герояў “Макбета” над побытам, іх паводзіны і ўчынкі вытлумачвае толькі прычынамі макракасмічнага маштабу. Персанажы Шэкспіра ў гэтым спектаклі толькі марыянеткі, а вяровачкі знаходзяцца ў руках думак-вядзьмарак. Але гэткая канцэпцыя патрабавала прынцыпова іншага спосабу існавання акцёраў на сцэне. Латэнаўскі “Макбет” відавочна не ўпісваецца ў традыцыйныя рамкі рускага (і беларускага) псіхалагічнага тэатра. На жаль, большасць акцёраў-купалаўцаў не здолела годна выявіць сябе ў незвычайных сцэнічных умовах. Безумоўна, ёсць у гэтым і значная доля віны рэжысёра, які не змог давесці трупе сваё бачанне спектакля. Бо калі ў сваім тэатры Латэнаса, магчыма, разумеюць з паўслова, для купалаўцаў гэтая пастаноўка была ў чымсьці эксперыментальнай. Як вядома, нельга ставіць “Гамлета”, не маючы ў трупе годнага выканаўцы галоўнай ролі. Гэты ж прынцып працуе і ў дачыненні да “Макбета”. На жаль, роля Макбета не стала этапнай для Алега Гарбуза (тым больш, што ў свой час ён ужо сыграў Макбета ў спектаклі тэатра-лабараторыі “Вольная сцэна” ў 1996 годзе), як калісьці для Расціслава Янкоўскага ў Рускім тэатры.
У акцёрскай рабоце Гарбуза можна было заўважыць “прывіды” яго папярэдніх купалаўскіх роляў, сярод якіх высачыць ліхадзея-шатландца часам было амаль немагчыма. Адзінай сапраўднай акцёрскай удачай (а дакладней — акцёрскім поспехам) з’яўляецца праца Святланы Зелянкоўскай, якая ўвасобіла вобраз лэдзі Макбет. У гэтым выпадку ідэальна супалі візуальная форма, прыдуманая рэжысёрам і мастаком, і змест, якім актрыса напоўніла гэты вобраз. Жорсткая і бязлітасная ў першай дзеі, зломленая, але не пераможаная ў другой, Зелянкоўская ў рэшце рэшт ад знешняй выразнасці ролі прыходзіць да яе ўнутраай глыбіні.
Можна сцвярджаць, што “Макбет” з літоўскім акцэнтам не спраўдзіў чаканняў беларускіх тэатралаў. Але, нягледзячы на існуючыя праблемы, ён з лёгкасцю вытрымлівае нашы сярэднестатыстычныя патрабаванні да неблагога спектакля. Да таго ж, яму ўласцівыя свой непаўторны шарм і знешняя эстэтыка, якія самі па сабе нейкі час будуць прывабліваць гледачоў, стомленых псеўдагістарычным флёрам.
Рэвалюцыі “Макбет” не зрабіў, але безумоўна ўзбагаціў купалаўскую “рэпертуарную палітру” новым яркім колерам. Што ж да “выратавання” беларускага тэатра, дык пошук “прарокаў” у іншых айчынах безумоўна варта працягваць. Але і пра сваіх — не забывацца.
Раман АЛЬШЭЎСКІ На здымках: сцэны са спектакля “Макбет”.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА