Светлагорск, Масты, Магілёў, Петрыкаў...

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г


/i/content/pi/cult/577/12699/10-2.jpgСветлагорск / Пчаляры ў бібліятэцы

Восенню мінулага года ў гарадской бібліятэцы Кастрычніцкага мікрараёна Светлагорска з’явіўся клуб пчаляроў-аматараў.

Па прапанове бібліятэкараў клуб атрымаў назву “Пчолка”, а яго кіраўніком быў абраны Васіль Грыненка — жыхар вёскі Якімава-Слабада. Прафесійны ваенны, які аддаў службе ў арміі 26 гадоў, бравы палкоўнік змяніў гарадскі камфорт на жыццё ў вёсцы, што побач з райцэнтрам. І вось ужо 23 гады займаецца пчалярствам. Цяпер клубаўцы збіраюцца ў бібліятэцы кожную суботу. Нягледзячы на тое, што сярод іх пераважаюць пчаляры-мужчыны, наведваюць клуб і кабеты. У Таццяны Афанасенка, напрыклад, пчалярствам займалася матуля, і сёння, калі яна ўжо ў сталым узросце, вырашыла працягнуць спадчынную справу. Менавіта ў клубе яна атрымлівае патрэбную інфармацыю.

Кожная сустрэча ў “Пчолцы” — знаёмства з вопытам аматара-пчаляра і сакрэтамі, якімі ён шчодра дзеліцца з прысутнымі. Клубаўцы задаюць Васілю Грыненку шмат пытанняў і занатоўваюць яго падрабязныя адказы. А цікавіць аматараў пчалярства многае: і тое, чаму пчолы увосень слабыя, і як атрымаць якасны мёд, і што рабіць, калі ўджаліла пчала... Бібліятэкары ж да кожнай сустрэчы рыхтуюць кніжныя выставы, на якіх прапануюцца выданні і цікавыя артыкулы па пчалярству.

Валянціна РАСОШАНКА, бібліятэкар


Масты / “І роднай мовы чуў я гукі…”

У рамках дэкады беларускай і краязнаўчай кнігі “І роднай мовы чуў я гукі…” ў Мастоўскай раённай бібліятэцы прайшоў літаратурны вечар “Сэрцам роднага слова краніся”. Былі запрошаны вучні восьмага класа сярэдняй школы № 2 і дзясятага класа гімназіі № 1.

Бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі Людміла Пакаціла і Святлана Чайкіна звярнуліся да творчасці Францішка Багушэвіча і яго зборніка “Дудка беларуская”.

Распавялі яны і пра класікаў беларускай літаратуры. Была арганізавана электронная прэзентацыя па творчасці Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча.

На мерапрыемстве юнакі і дзяўчаты з задавальненнем удзельнічалі ў гульні “Літара заблукала”, у конкурсе фразеалагізмаў. А “Вясёлая віктарына” ўнесла іскрынку весялосці. Яшчэ бібліятэкары прадставілі кніжную выставу “Святло роднага слова”. Кожную кнігу вучні маглі ўзяць на абанеменце і пазнаёміцца з творамі пісьменнікаў, пра каго вялася гаворка.

Ірына, КАВАЛЕЎСКАЯ, бібліёграф Мастоўскай раённай бібліятэкі


Магілёў / Голас Мулявіна

У Магілёўскім абласным палацы культуры адбылася вечарына «Голас душы», прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.

Адкрыў імпрэзу магілёўскі паэт Алесь Казека. Ён прачытаў свой верш, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. Гучалі чароўныя акорды песняроўскай “Спадчыны”… Саліст групы “Каскад” Палаца культуры вобласці Леанід Савіцкі, якому пашчасціла некаторы час працаваць побач з выдатнымі музыкантамі, выканаў цудоўныя апрацоўкі беларускіх народных песень і арыгінальных твораў з рэпертуару знакамітага гурта. Песня “Александрына” ў выкананні народнага ансамбля эстраднай песні «Арыён» Палаца культуры вобласці (кіраўнік — Ірына Буракоўская) перанесла ў гады маладосці многіх прысутных. Славутую “Белавежскую пушчу” выканаў Ілья Шынкарэнка, саліст вакальнай групы “Натхненне” Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцячай эстраднай студыі “Вясёлыя ноткі” (кіраўнік — Павел Пабягаеў).

І ўвесь час дзею ў рэжысуры Алы Кусковай па сцэнарыі аўтара гэтых радкоў суправаджала відэапрэзентацыя аб жыцці і дзейнасці Песняра, падрыхтаваная вядучым спецыялістам бібліятэкі Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя Аляксандра Пушкіна Кацярынай Саламянікавай, гучалі ўлюбёныя песні ў выкананні Уладзіміра Мулявіна “Крык птушкі”, “Калядачкі”, “Малітва”.

Алена КАНДРАЦЕНКА, загадчык бібліятэкі Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя Аляксандра Пушкіна

 

Петрыкаў /Стартаваў праект

У Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы стартаваў праект “Культурная спадчына Петрыкаўшчыны”, скіраваны на адраджэнне народных традыцый, вывучэнне малой радзімы і фарміраванне інтарэсу чытачоў да гісторыі.

Рэалізоўвацца праект будзе цягам года на базе аддзела абслугоўвання і інфармацыі Петрыкаўскай ЦРБ. Запланаваны віртуальныя вандроўкі, слайд-экскурсіі, медыяпанарамы роднага краю, вечарыны-ўспаміны, фальклорныя вячоркі, адкрытыя прагляды літаратуры, выставы-экспазіцыі, экскурсіі ў музеі горада і раёна.

Краязнаўчы клуб “Спадчына” (пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі) правёў віртуальную вандроўку “Мой Петрыкаў… Мая Радзіма”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні восьмых класаў сярэдняй школы № 1 Петрыкава і мясцовая паэтэса Любоў Арлова. Школьнікам былі прапанаваны медыяпрэзентацыя і відэафільм “Мой горад”.

Чарговае мерапрыемства было прысвечана Дню роднай мовы. Зноў чытальная зала напоўнілася аматарамі беларускай літаратуры і сябрамі бібліятэкі, сярод якіх — вучні гарадской гімназіі і пісьменнікі-землякі. Была прэзентавана кніга Ніны Ачапоўскай “Не маўчы, памяць”. Выданне з 18 нарысаў і апавяданняў на беларускай мове з’яўляецца своеасаблівым помнікам землякам, загінулым на вайне, і тым, каму давялося пакутаваць на акупаваных фашыстамі тэрыторыях.

Алена СЦЯФНЯК, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі