"Калыска..." як пасланне

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Супрацоўнікі Жодзінскага краязнаўчага музея заўсёды надавалі ўвагу не толькі непасрэднай краязнаўчай працы, але і сучаснаму жыццю горада, асабліва — яго культурнаму складніку. Дзякуючы таму Гарадская выставачная зала заўжды прымае аўтарскія экспазіцыі вядомых беларускіх мастакоў.

/i/content/pi/cult/577/12696/8-2.jpgА чарговая выстава ў нашай галерэйнай прасторы пад назвай “Калыска памяці” — яшчэ і юбілейная для яе аўтара Галіны Конанавай, чые творы напісаныя ўсяго за год.

Галіна Мікалаеўна — выхаванка Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, удзельніца шматлікіх выстаў, конкурсаў і пленэраў. Яна прайшла вялікі творчы шлях і нарэшце вырашыла рэалізаваць даўнюю думу — асэнсаваць гэтую дарогу і сваё жыццё наогул праз фармат выставы-памяці. Балазе яна нарадзілася ў гарпасёлку Зялёны Бор, непадалёк ад Жодзіна.

Гэта цудоўная экспазіцыя падпарадкавана адзінай ідэі, якая працяла своеасаблівай арнаментальнай стужкай усе палотны. Вось што кажа аб сваёй задумцы сама Галіна Мікалаеўна: “Чалавек пачынаецца з маленства, з песні роднай зямлі, з матчынай калыханкі, з любові і таямніцы адкрыццяў свайго роду. Выстава “Калыска памяці” — гэта намер выказаць выяўленчымі сродкамі сваю любоў і падзяку, каб зберагчы ў залатых успамінах дарагіх сэрцу людзей, тых людзей, што шмат энергіі і часу ўклалі ў фарміраванне мяне як асобы”.

Цэласная ды гарманічная па ідэйнай сутнасці, выстава выглядала даволі рознабаковай па змесце. Акрамя жывапісу, тут можна было ўбачыць здымкі з сямейнага архіву, што перадаюць непаўторны каларыт часу, а таксама саматканыя і вышываныя абрусы, рушнікі і посцілкі з “матулінага скарбу”. Вялікую цікавасць уяўляюць і выкананыя ў розных мастацкіх тэхніках самі творы.

Экспазіцыя ўмоўна падзялялася на дзве часткі. Першая — гэта творы з нізкі “Спадчына”. Яны адсылаюць нас да вытокаў і ўвасабляюцца ў адзіны вобраз-знак як жыватворную крыніцу, што спрыяе развіццю пакаленняў і захоўванню аўтэнтычнасці. У гэтай частцы найбольш поўна разгортваецца тэма творчага ўзаемаўзбагачэння мастака і народнай культуры, іх цесная ўзаемасувязь. Другая частка — “Гісторыя кахання”: гісторыя часу і адначасова гісторыя роду аўтара, якая прадстаўлена ў вобразах з сямейнага альбома і трансфармаваная ў малюнках праз асабістыя перажыванні мастака. Адзенне, фон, выраз твару — усе дэталі на гэтых партрэтах пераносяць думкі наведвальнікаў у мінулую эпоху.

Праз свае працы Галіна Мікалаеўна набліжае да гледача некалькі блізкіх сэрцу вобразаў. Першы і найгалоўнейшы з іх — вобраз роднай матулі, якая падтрымала абраны яшчэ ў дзяцінстве маленькай Галяй творчы лёс. Побач з маці, як і разам з іншымі роднымі, на малюнках прысутнічаюць памятныя рэчы, знакавыя ланцужкі з мінулага: гэта і матчына шлюбная сукенка, і дзіцячае паліто самой Галіны Мікалаеўны. Акцэнтаваныя яркімі колерамі, гэтыя рэчы служаць нібыта меткамі ў гісторыі рода. Адным з такіх маркераў стала хустка маці, якую мастачка захоўвае дагэтуль. Вобраз простага чалавека, раскіданы па ўсіх творах, гарманічна ўпісаны ў атмасферу прамінулай эпохі, набліжае выявы да рэчаіснасці, робіць вобраз блізкім ці не кожнаму гледачу.

Праз такія абліччы Конанава таленавіта перадала ідэі павагі да блізкіх і сваёй радзімы. Так тлумачыла выхаваўчы пасыл і сама Галіна Мікалаеўна: “Выстава сталася сапраўдным адкрыццём. Мінулае ў ёй знітавана з цяперашнім часам і будучыняй. І праца над праектам глыбока закранула мяне. Напрыклад, калі я малявала бацькоў, мае пачуцці выліліся ў пасланне, тэкст якога таксама прысутнічае на выставе. Не проста так я выстаўляю напаказ асабістае жыццё: для мяне вельмі важна данесці да людзей грунтоўныя каштоўнасці. Ёсць такая высокая місія ў мастакоў — выхоўваць”.

З кнігі водгукаў: “Выстава ўражвае! Гісторыя вашай сям’і — гэта невялічкі кавалак гісторыі Беларусі. Дай Бог кожнаму мастаку, ды й не толькі мастаку, з такім тактам, з такой любоўю ставіцца да сваіх бацькоў, сваіх дзядуль і бабуль, свайго роднага краю. Атрымаў сапраўдную асалоду і, здаецца, стаў крыху больш аптымістычным”.

Віктар АЎЧАРЭНКА, навуковы супрацоўнік Жодзінскага краязнаўчага музея