“Амартызацыя” ў мастацтве

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Творца ў пошуку суразмоўцы
Арт-працэс можна прыпадобніць да складанага механізму, які аб’ядноўвае як творчыя, так і вытворчыя складнікі: пры іх зладжаным узаемадзеянні дасягаецца належны эфект. І калі мастакоў у нас яўна не бракуе, з прадстаўнікамі тых спецыяльнасцяў, якія ўтвараюць своеасаблівую інфраструктуру, праблемы навідавоку. Яны ў чарговы раз абмяркоўваліся падчас “круглага стала” рэдакцый газеты “Культура" і часопіса "Мастацтва” пад назвай “Баланс інтарэсаў: мастак — куратар — крытык”.

/i/content/pi/cult/577/12694/2-1.jpgЯшчэ адносна нядаўна паняцце “куратар” успрымалася як малаўцямны неалагізм альбо і наогул мела не надта прыемныя канатацыі (“Была такая асоба, якая суправаджала дэлегацыі мастакоў у рамках выездаў за мяжу”, — прыгадаў падчас “круглага стала” знаны мастацтвазнаўца, рэдактар аддзела газеты “Культура” Барыс Крэпак). Больш за тое: арт-працэс спраўна функцыянаваў і без гэтага звяна. Але “выстаўкамы” і “мастсаветы” незваротна сышлі ў мінулае, і пытанне, хто ж павінен запоўніць вакантнае месца пасярэдніка паміж мастаком і гледачом, набыло актуальнасць.

Пасада “куратар” па-ранейшаму адсутнічае ў штатных раскладах, але самое паняцце ўжо, бадай, прыжылося. Што праўда, удзельнікі дыскусіі не раз падкрэслівалі нявызначанасць яго ролі ў айчынным арт-працэсе. Як паказвае практыка, куратара ў нас досыць часта блытаюць з менеджарам, спонсарам, экспазіцыянерам, надзяляючы яго неўласцівымі для гэтай прафесіі функцыямі.

Зборныя выставы, якія жартаўнікі яшчэ ў савецкі час празвалі “брацкімі магіламі”, сёння зазвычай маюць гордае найменне “праект” і, вядома ж, куратарскую канцэпцыю. Але, як неаднаразова адзначалася падчас “круглага стала”, сама сутнасць ад гэтага мала змянілася, а новаўвядзенні — не больш чым знешні флёр і даніна модзе.

— Выбар прафесійных куратараў у нас вельмі малы, —- адзначыла дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч. — З кожным ты ўжо працаваў і адразу пазнаеш ягоны почырк, як бы ён ні імкнуўся яго прыхаваць. Адпаведна, можна адразу зразумець, які вынік будзеш мець напрыканцы. І гэтая сітуацыя зусім не радуе.

У сваю чаргу, яна паабяцала падтрымку з боку Нацыянальнага цэнтра тым добрым ідэям, якія патрабуюць пэўнай дапрацоўкі — прычым падтрымку не толькі арганізацыйную, але таксама і куратарскую. Балазе установа мае папраўдзе моцную каманду, якая ўключыла перадусім спрактыкаваных куратараў-практыкаў, здатных даць пачаткоўцам карысныя парады не з тэорыі, але менавіта з уласнага досведу.

На думку старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы, у многіх выпадках куратар не надта і патрэбны: з яго функцыяй можа паспяхова справіцца сам мастак. Маўляў, каму, як не аўтару, лепш зразумела, якім чынам прадстаўляць свае творы публіцы. У сваю чаргу, скульптар Канстанцін Селіханаў адзначыў, што погляд збоку для мастака можа быць надзвычай карысным, і менавіта таму ён ахвотна супрацоўнічае з куратарамі пры арганізацыі сваіх праектаў...

Яшчэ адна прыкметная тэндэнцыя беларускага арт-жыцця — “шматстанковасць” большасці з тых, хто выступае ў якасці куратара. Зазвычай гэта бывае мастак, які ініцыюе той ці іншы праект, каб сябе паказаць і іншым даць аналагічную магчымасць. Трохі радзей — мастацтвазнаўца. Пры гэтым на Захадзе такая сітуацыя — хутчэй выключэнне з правілаў.

Скульптар, мастацтвазнаўца і куратар Павел Вайніцкі прапанаваў паставіць выпуск прадстаўнікоў гэтай арт-спецыяльнасці “на акадэмічны паток”, задзейнічаўшы адпаведны замежны досвед, а пры магчымасці — і спецыялістаў. Пры ўсёй слушнасці такой ідэі, яна выклікае нямала пытанняў, і першае з іх: куды ж будуць размяркоўвацца выпускнікі? На жаль, на сённяшні момант куратарства досыць цяжка назваць прафесіяй, і звыклых для замежнай практыкі ганарараў яе прадстаўнікі не атрымліваюць. Прыкладам, той самы Вайніцкі на голым энтузіязме пракурыраваў цікавы праект вулічнага мастацтва ў рамках буйнога міжнароднага форуму. Адпаведна, прычына часам нават не ў поўнай адсутнасці сродкаў. Проста няма ў нас такой завядзёнкі — плаціць куратару.

З іншага боку, у беларускай арт-прасторы паступова праяўляецца і іншая звыклая для замежжа тэндэнцыя. Як адзначыла рэдактар аддзела часопіса “Мастацтва” Алеся Белявец, часам куратар выкарыстоўвае аўтараў, не раўнуючы, бы жывапісец фарбы. Прычым куратарскі валюнтарызм можа ахопліваць не толькі сучасную, але і гістарычную парадыгму мастацтва. Нехта сваім валявым рашэннем вызначае, якой была нядаўняя гісторыя нашага мастацтва, хто ўвайшоў у яе, а хто — праляцеў міма.

Пэўнай панацэяй (ці, прынамсі, “амартызатарам”) для гэтай і падобных з’яваў магла б стаць арт-крытыка — яшчэ адзін важны пасярэднік паміж аўтарам і рэцыпіентам. Але сёння яна мае прынамсі дзве істотныя хібы — павярхоўнасць і кампліментарнасць. Прычым мастакі з ліку ўдзельнікаў “круглага стала” наракалі перадусім на першае, а вось самі крытыкі — акурат на другое. Маўляў, надта прынцыповым у тутэйшым арт-асяроддзі жывецца няпроста.

— Ды не, да крытыкі я акурат гатовы, абы яна была ўзважанай і ўдумлівай, — запэўніў Рыгор Сітніца. — І калі я чытаю пра сябе і мне робіцца ніякавата, дык зусім не таму, што мяне нехта ганіць. Хутчэй, усё акурат наадварот…

Па словах старшыні секцыі крытыкі Саюза беларускіх мастакоў Леаніда Дзягілева, гэтая прафесія цяпер зусім не ў фаворы. Зрэшты, і прафесіяй яе даволі цяжка назваць. Не так шмат у нас рэдакцый, якія б мелі ў штаце ўласнага арт-крытыка. Ды і што можна казаць, калі ці не найпапулярны айчынны інтэрнэт-партал нават пазбавіўся ад самой рубрыкі “Культура”?

Заканамерныя вынікі такой сітуацыі абмяркоўваліся на “круглым стале”. Героямі СМІ становяцца тыя аўтары, хто ўмее запэўніць малакампетэнтных журналістаў ва ўласнай геніяльнасці, і частотнасць згадвання ў медыяпрасторы мала залежыць ад мастацкага ўзроўню. Адпаведна, месца і паўнамоцтвы крытыка захоплівае піяр-менеджар.

Праблема яшчэ і ў тым, што кампетэнтная гутарка пра мастацтва рэдка выходзіць па-за межы своеасаблівых гета для “прасунутай публікі” — спецыялізаваных выданняў. Ды і іх на Беларусі прыкметна бракуе: як адзначыў Канстанцін Селіханаў, зацікаўленыя асобы маюць магчымасць выказваць свае меркаванні на адных і тых самых пляцоўках, і таму даўно ўжо наспеў час ствараць новыя культурныя СМІ. Не дзеля канкурэнцыі, але дзеля плюралізму.

Разважаючы на тэму, чаму многія цікавыя выставы застаюцца незапатрабаванымі гледачом, прысутныя наракалі на брак рэкламных бюджэтаў. І сапраўды, мінулы год прынёс вельмі красамоўны прыклад: “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам” пабіў усе рэкорды наведвальнасці, не ў апошнюю чаргу дзякуючы маштабнай рэкламнай кампаніі. Але дзеля справядлівасці варта адзначыць, што і арганізаваны гэты праект быў на прынцыпова іншым узроўні, чым “сярэднестатыстычная” зборная выстава.

Гутарка зайшла і пра тэлебачанне. Гэта заканамерна: яго крытыкуюць бадай заўсёды, калі гаворка вядзецца пра папулярызацыю культуры. А тэлебачанне амаль і не рэагуе, спасылаючыся на голыя лічбы рэйтынгаў. Маўляў, не карыстаюцца праграмы пра культуру глядацкім попытам. Рыгор Сітніца патлумачыў гэтую сітуацыю проста: не карыстаюцца, бо атрымліваюцца яны нуднымі ды бесканфліктнымі.

— Пасадзілі б мяне ў якім ток-шоу насупраць Альгерда Бахарэвіча, вось тады былі б сапраўдныя “страсці па культуры”, і рэйтынг бы адразу ўзрос, — адзначыў ён, намякаючы на бурлівую дыскусію аб стаўленні да класікі, што разгарэлася пару гадоў таму ў Інтэрнэце.

Урэшце, усе прысутныя сыйшліся на тым, што важная функцыя і куратара, і крытыка — гэта быць для мастака цікавым ды шчырым суразмоўцам, які не псуе яму нервы дзеля ўласнага самазадавальнення, але дазваляе расці, выпраўляючы ягоныя хібы.