Таямніца Міцкевіча “па кудзелі”

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Неверагодна, але факт: яшчэ раз пра паходжанне маці паэта
У першай частцы нашага дакументальнага даследавання мы пачалі разбірацца ў паходжанні Маеўскіх у Рэчы Паспалітай. Працягнем гэты пошук на аснове архіўных крыніц.

/i/content/pi/cult/577/12691/14-2.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 8.)

Маеўскія ў ВКЛ

У Вялікае Княства Літоўскае першы з вядомых нам Маеўскіх, Якуб, прыбыў з Прусіі. У 1643 годзе ён паступіў у Віленскую езуіцкую акадэмію. У 1656-м, атрымаўшы адукацыю, разам з групай канонікаў-ліцвінаў Якуб выпраўляецца на “павышэнне кваліфікацыі” ў Багемію. Больш ранніх згадак пра дадзенае прозвішча на тэрыторыі Княства пакуль што не ўдалося знайсці.

У 1650 годзе ў шляхецкай ваколіцы Бердаўка (недзе паміж Нёманам і Усялюбам) згаданы разам з жонкай з Корсакаў Казімір Маеўскі — найхутчэй, прапрапрадзед Барбары, маці Адама Міцкевіча. (Так мяркуе, у тым ліку, польскі прафесар Анджэй Рахуба.) Наступная згадка пераносіць нас на тэрыторыю сучаснай Літвы. У 1655-м Сымон Маеўскі з Біржаў (магчыма, кальвініст паводле канфесійнай прыналежнасці) паставіў свой подпіс пад “Актам інкарпарацыі ВКЛ у каралеўства Швецыі” (“Кейданская ўнія”).

У самым пачатку XVIII стагоддзя згадак пра Маеўскіх значна большае. Напрыклад, у 1733 годзе прозвішча згаданае ў спісах каралеўскіх электараў Рэчы Паспалітай. Ад Менскага ваяводства за Станіслава І Ляшчынскага аддаў голас Тэадор Маеўскі. У той самы час і ад таго самага ваяводства, але за Аўгуста ІІІ Саксонскага, сталі Міхал і Уладзіслаў Маеўскія. У 1740-м пасаду падстолія старадубаўскага атрымаў Тэадор-Лявон Маеўскі, магчыма, згаданы вышэй электар. Маюцца згадкі пра Тэрэзу з Маеўскіх, якая ў 1754 годзе была ў першым шлюбе за Андрэем Барташэўскім, падчашым віцебскім (другі яе шлюб — са Станіславам Адахоўскім, канюшым менскім). Язэп-Францішак Маеўскі гербу “Ястрабец” у 1757 заняў пасаду троцкага скарбніка. І гэта далека не ўсё!..

Уласна, пра продкаў Міцкевіча

Адна з першых згадак пра Маеўскіх у Міцкевічавых краях (1650) закранае самае сэрца Вялікага Княства — старажытную Наваградчыну. Да падзелаў Рэчы Паспалітай ваяводства складалася з трох паветаў: скажам, з 1731 года Маеўскія вядомыя ў Ваўкавыскім, у Слонімскім — з 1761-га… Не маючы магчымасці пералічыць усіх вядомых нам Маеўскіх навагрудскай зямлі і ВКЛ наогул, проста скажам: іх вельмі і вельмі шмат. І ўсе яны, як ні дзіва, належаць да шляхецкага стану.

Цяпер аб пратапластах роду. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца вывадовая справа “нашых” Маеўскіх. Да нас яе глядзелі роўна 20 гадоў таму (беларускі гісторык-архівіст Сяргей Рыбчонак). У справе ўсяго 12 аркушаў — некалькі даведак і копія “Указа Его Императорскаго Высочества” ад 31 ліпеня 1842 года, якім абвяшчаецца, што пасля разгляду дзясяткаў прадстаўленых дакументаў (першы датуецца 1741 годам) гэты род Маеўскіх заносіцца ў VI частку Радаслоўнай кнігі.

Першым сваім продкам, згаданым у прадстаўленых дакументах, Маеўскія назвалі ўжо вядомага нам Казіміра. Дзе ён жыў і калі, справа не падае, але гэта вядома з артыкула Сяргея Рыбчонка (1999) і працы Анджэя Рахубы (2002). У 1650 годзе Казімір Маеўскі, ці сам, ці “ад продка”, асеў у згаданай шляхецкай ваколіцы Бердаўка на поўнач ад Наваградка. Сынамі яго ў паперах названы Юрый і Міхал (апошні жыў у Бердаўцы ў 1690-м). І акурат пра Міхала дакладна вядома: гэта дзед Барбары, маці Адама Міцкевіча. (У судовых дакументах і родавай справе маюцца звесткі пра шматлікіх нашчадкаў Казіміра, але мы засяродзімся толькі на галоўнай для нашага даследавання галіне.)

Некалькі разоў жанаты, Міхал пакінуў пасля сябе, прынамсі, трох сыноў: Тыбурцыя, Алойзыя і Мацея. Першы з іх, як вынікае з яго тастаменту (1781), мог быць уніятам, бо склаў ахвяру на тры ўніяцкія царквы — у Райцы, Міратычах і Валковічах (Радзіма Самойлы Корсака, героя Сойму Рэчы Паспалітай 1773 года і паплечніка Тадэвуша Рэйтана — З.Ю.). Алойзый ў 1768 — 1769 гадах быў забіты нейкім Язэфовічам. Мацей жа, ажаніўшыся з Ганнай з Арэшкаў, нарадзіў сыноў Ануфрыя, Ігната і дачок Барбару, Марыяну. (Арэшкі з Падляшша былі вядомыя сваёй заможнасцю ўжо ў XVI стагоддзі. Паступова частка гэтага старадаўняга шляхецкага роду перасялілася на Піншчыну. Дзед Ганны, Мельхіёр, валодаў Абрынкай на Наваградчыне, ён меў двух сыноў — Антона і Язэпа. Апошні ажаніўся з Сюзанай Эйдзятовіч, і, акрамя Ганны, меў сына Аляксандра і дачку Барбару, якая выйшла замуж за Лявона Паўловіча (ці не яго нашчадкам быў наваградчанін-паўстанец, аўтар мемуараў Эдуард Паўловіч?).

Сярод Маеўскіх былі асобы, якія атрымлівалі каралеўскія патэнты на вайсковыя і грамадскія чыны, але Мацей такіх не меў, хоць і быў, разам з Міцкевічамі, Сапліцамі і іншымі фаміліямі, актыўным гульцом на палітычным полі ваяводства. Пра гэта сведчыць таксама імя Мацея (як і яго шматлікіх сваякоў) пад пастановамі наваградскіх соймікаў. Што яшчэ вядома пра гэтага сына Міхала? Даволі доўгі час ён служыў аканомам у маёнтку Чомбраў (вёска Валеўка паблізу ад Свіцязі), а значыць, сачыў за палявымі працамі, што было пад сілу толькі асобе шляхецкага паходжання, прычым адказнай і шанаванай сялянамі. Мяркуючы па ўспамінах гаспадароў маёнтка Узлоўскіх, Маеўскі настолькі быў у пашане, што гаспадары Чомбрава, Язэп і Анэля (з Вярэйскіх), прапанавалі яму застацца на “ласкавым хлебе” (поўным забеспячэнні) у маёнтку, калі прыйшоў час выходзіць на “пенсію”.

Барбара пры Анэлі Узлоўскай была “рэспектовай” (незамужняя шляхцянка на ўтрыманні гаспадыні) і дапамагала ёй у хатніх справах. Марыяна, сястра Барбары, служыла ахмістрыняй, загадчыцай гаспадаркі ў Рудковічах, маёнтку дзядзькі Анэлі Адама Вярэйскага (у будучым наваградскага маршалка). Старэйшы брат Ануфрый у 1820-х жыў у Відзах, дзе яго неаднаразова наведвалі пляменнікі — Адам і Аляксандр Міцкевічы, як вынікае з ліставання братоў і іншых філаматаў. Аляксандр Міцкевіч у 1861 годзе ў лісце да спадара Брахоцкага, наваградскага маршалка, яшчэ раз згадае свайго дзядзьку Ануфрыя і яго нашчадкаў, якіх добра ведаў у 1820-х. Ігнат жа, які спачатку стаў рэгентам мазырскім, пусціў карані ў Неміраве Падольскай губерніі.

“Рэспектовая” Барбара

Міцкевічы, дзяды і бацька Адама, мелі даволі шмат рознага судовага клопату. У некаторых справах яны знаходзілі пэўную апеку з боку мазырскага земскага суддзі Адама Бернарда Абуховіча. Апошні быў у прыязных стасунках з Узлоўскімі. Настолькі прыязных, што сыны Абуховіча пачалі заляцацца да дачок гаспадароў Чомбрава. Мо акурат Адаму Бернарду, які бачыў Барбару і ведаў яе бацькоў, і прыйшла ў галаву думка выдаць яе, “рэспектовую”, але “ў дзеўках” (28 гадоў), за Мікалая-Караля Міцкевіча? Апошні як юрыст пачаў падаваць надзеі, балазе таксама быў не такі ўжо і малады (33 гады). Міцкевіч быў не супраць, і шлюб згулялі ўзімку 1795 — 1796 гадоў. Першанца, Францішка, ахрысцілі 23 жніўня 1796-га. Як вынікае з метрыкі, яго хроснай маці стала Разалія Арэшка, жонка наваградскага ротмістра Казіміра, дзядзькі Барбары. Другая цётка Барбары, Барбара Паўловіч, ротмістравая слонімская, была асістэнткай.

Каб замацаваць сувязі з двума ўплывовымі родамі Наваградчыны, Міцкевічы 12 лютага 1799 года запрасілі ў якасці хросных Адама Бернарда Абуховіча (паэт атрымаў імя ў гонар заступніка рода) і Анэлю Ўзлоўскую. Марыяна Маеўская, сястра Барбары, у 1801 годзе стане асістэнткай на хросце Юльяна-Аляксандра, склаўшы пару з Нікадзімам Бакам, ротмістрам менскім. 7 сакавіка 1804 яна і Роза Арэшка (дачка згаданага Казіміра) асіставалі пры хросце Казіміра-Юрыя. Ізноў імя Марыяны мы бачым і сярод асістэнтаў пры хросце Міхала-Антона 7 мая 1805 года.

Ёсць і іншыя дакументы, якія даводзяць, што між Міцкевічамі, Маеўскімі і Арэшкамі існавалі трывалыя сувязі.

“Апошні наезд на Літве”

Часам можна сустрэць думку, што менавіта Мацей Маеўскі, дзед паэта, стаў прататыпам ключніка Гервасія, які арганізаваў той знакаміты трагікамічны наезд на Сапліцова, з веданнем справы апісаны ў “Пане Тадэвушы”. Ды ёсць пэўныя “але”. Як мы ведаем, Мацей Маеўскі ў лепшы свет выправіўся напрыканцы XVIII стагоддзя, а ў творы усё адбываецца напярэдадні вайны 1812 года. Да таго ж, сам Міцкевіч згадвае наезд 1817 года, калі “нейкі У. пабіў наваградскі гарнізон”. Грамадзянін “У” — Вінцэнт Узлоўскі, сын ужо вядомага нам Язэпа. І гэта гісторыя рэальная, бо Узлоўскі атрымаў за яе сем гадоў у Бабруйскай фартэцыі. Паколькі Маеўскага яна не тычыцца, згадаем гісторыю 1794 года, калі па загадзе гаспадароў Чомбрава Мацей Маеўскі сабраў да 60 чалавек — войтаў, дзясятнікаў, фурманаў, дваровых людзей і дробную шляхту, прыхільную да Узлоўскіх, і арганізаваў наезд на “іхмосць паноў” Грачыхаў.

Да гэтага варта дадаць некалькі выпадкаў і з гісторыі уласна Міцкевічаў. У 1795-м Завоссе двойчы атакавалі ўзброеныя стрэльбамі Гарбатоўскія. У 1798-м паны Курачыцкія падрыхтаваліся больш грунтоўна, бо наехалі на Завоссе з... ”арматай”! Калі да гэтага дадаць смерць двух дзядоў Адама, Базыля (1799), якую той прыняў ад свайго старога знаёмага Яна Сапліцы, і Адама (1802), каго смяротна паранілі ля наваградскай ратушы музыкі татарскага палка, то становіцца відавочным: паэту было чым натхняцца. Дарэчы, не выключана, што і астатнія дзяды Адама Міцкевіча выправіліся ў апошні шлях не па сваёй волі, бо, як сведчаць дакументы, яны таксама не зажыліся. Таму і няма чаго дзівіцца, што так мала яго трымала на радзіме “рукамі сваякоў”, але так шмат жывымі ўспамінамі пра Беларусь!

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар