Як тысячы метраў стужкі сталі "кінапрыбыткам"

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Пакручасты лёс архіўных матэрыялаў
Калі не сам кірую аўтамабілем, дык на пад’ездзе да Дзяржынска не гляджу на дарогу, а вышукваю вокам у даляглядзе “высотку”, падобную на сколаты зуб, і скручваю галаву, ажно пакуль знакавая пабудова не знікне. Там працуюць людзі, якія рупліва зберагаюць маю спадчыну — тое, што наздымаў больш як за паўстагоддзя, тое, што не здолеў ці не меў магчымасці захаваць сам. Кажу пра ўстанову, якую называю скарбніцай гістарычнай і мастацкай спадчыны Беларусі.

/i/content/pi/cult/577/12690/14-1.jpgНас, кінематаграфістаў, якія пачыналі і большую частку творчай спадчыны пакінулі на стужцы — з нітра ці трохацэтатнай асновай, — цягне ў Дзяржынск: пакорпацца ў сваіх, амаль забытых, працах, а мо, і знайсці нешта нечаканае, невядомае, што можна выкарыстаць у наступных. А яшчэ: сустрэцца з дырэктарам-эрудытам Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, руплівым гаспадаром — Віктарам Баландзіным, паказаць яму чарговы твор, папіць гарбаткі з “захавальніцамі” тваёй спадчыны на чале з працавітай і абаяльнай Аленай Грыневіч. Творцам тут заўсёды рады, іх чакаюць і паважаюць.

Архіў адлічвае сваё існаванне з 29 сакавіка 1941 года з пастановы № 723 Савета Народных Камісараў СССР “Аб зацвярджэнні палажэння пра Дзяржаўны архіўны фонд і сетку дзяржаўных архіваў Саюза ССР”. Час для “збору камянёў” аказаўся не надта спрыяльным: менш чым праз тры месяцы пачалася Вялікая Айчынная вайна. Таму сапраўдная дзейнасць архіва па зборы дакументаў пачалася толькі па вызваленні нашай зямлі ад фашыстаў летам 1944-га. Але яшчэ 16 лістапада 1943 года СНК БССР сваёй пастановай № 172 зацвердзіў штат будучага кінаархіва: 5 адзінак.

Першыя “адзінкі захоўвання” размясцілі ў… простай шафе архіва Мінскай вобласці, а новыя дакументы, хоць і фіксаваліся, але працягвалі знаходзіцца ва ўстановах, якія іх прадастаўлялі: напрыклад, у фільмасховішчы — вежы-званіцы Чырвонага касцёла, дзе 15 пасляваенных гадоў размяшчаўся “Беларусьфільм”.

27 кастрычніка 1949-га рашэннем Мінскага гарсавета архіву аддалі будынак царквы Марыі Магдаліны на зачыненых Старажоўскіх могілках: культавае памяшканне нязручнае для такіх задач ужо паводле архітэктуры, некарэктнае ў адносінах да рэлігіі і вернікаў. Адна якасць спрыяла захоўванню кінастужкі: там і летам, і ўзімку было халаднавата. Ды акурат на згаданай пляцоўцы і пачалася сапраўдная плынь дакументаў: толькі фіксуй! Фотаадбіткі і негатывы неслі фотакарэспандэнты, ветэраны вайны і партызаны! “Усплывала” з нябыту нават фота- і кінахроніка канца ХІХ стагоддзя: укладка рэек Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, запуск паветранага шара ў Губернатарскім садзе Мінска, візіт у Беларусь імператара Мікалая ІІ і яго паляванне ў Белавежскай пушчы, віды нашых гарадоў і мястэчак.

Тысячы метраў стужкі пакінулі тут нашы аператары-франтавікі Міхаіл Бераў, Іосіф Вейняровіч, Уладзімір Цяслюк. Яны фіксавалі падзеі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, ляталі праз лінію фронта ў партызанскія атрады — рызыкавалі жыццём поруч з байцамі. Праз шмат гадоў сын франтавога аператара Уладзімір Цяслюк-малодшы зняў “дакументальнік”, прысвечаны ім, ветэранам, што заставаліся заўсёды, як кажуць, “за кадрам”.

А ў 2000 годзе ў нямецкім Гамбургу на падставе архіўных фота арганізавалі выставу “Злачынствы вермахта на тэрыторыі Беларусі”. Афіцэры фатаграфаваліся на фоне сваіх закатаваных ахвяраў... Наведвала выставу і фрау Айк. На адным з фота сярод катаў яна пазнала бацьку! А той жа пісаў дамоў, што кіруе працамі па рамонце чыгункі ў раёне Оршы... Фрау прыехала ў Беларусь, наведала Музей гісторыі Айчыннай вайны, завітала ў Дзяржынск. Тут ёй Алена Грыневіч арганізавала паказ фільма 1946 года "Суд народаў” з перакладам. Сярод 18 асуджаных катаў-фашыстаў госця пазнала бацьку, убачыла кадры трыбунала і павешання Пауля Айка. Узрушаная праўдай, яна толькі і вымавіла: “Дзякуй беларускаму народу, што ўмее дараваць…”

Значны ўнёсак у фонды, на дзіва, унесла нямецкая хроніка, пакінутая акупантамі пры ўцёках з беларускай зямлі. А ў 1945-м Міністэрства замежных спраў БССР вывезла з Германіі 63 пульхныя альбомы. Там фота жыцця ў нямецкім тыле, выявы карнікаў у акупаваных краінах, у гета — жудасныя падзеі, халодна зафіксаваныя фотакамерай. Таксама ў архіў з Міністэрства замежных спраў пасля вайны трапіла 21 скрыня, у якіх знаходзілася 140 тысяч здымкаў — без аніякіх “выхадных даных”. (Для параўнання: за 60 гадоў у архіве назапасілі 218 645 фота.) Тое аказаліся здымкі карэспандэнтаў розных краін з часоў Другой сусветнай вайны на ўсіх кантынентах, партрэты сусветна вядомых асоб, падзеі са свету палітыкі, мастацтва, спорту. Частка выяў была ў альбомах, частка у канвертах, частка — у россыпу. Беларускія архівісты пачалі працу па ідэнтыфікацыі. Але “рука Масквы” загадала знішчыць фота без анатацый, партрэты “невядомых” (прынамсі, невядомых архівістам), падвойныя фота, выявы “непалітычнага характару”. Прадпісвалася скласці “адборачныя спіскі”, але дакладных крытэрыяў адбору не было. 16 студзеня 1956-га адбылося “вялікае спаленне”. Засталося… 10 тысяч фотаздымкаў, і з іх 9 тысяч загадалі адправіць у Маскву. У Дзяржынску засталася ўсяго адна скрыня з каталогам. Прычым пазітывы, што засталіся, былі перазняты, негатывы іх узяты на захаванне, а арыгіналы — знішчаны ці выкінуты.

Узгадваю, што фільм Эйзенштэйна, які па загадзе Сталіна належала знішчыць, нехта выкраў з кінастудыі і такім чынам выратаваў. Аператар Эдуард Гайдук захаваў і вырачаны на знішчэнне свой фільм “13 маршрут” пра першы ў СССР фестываль рок-музыкі ў Мінску, ды так, што нават жонка не ведала. Кінакадры апошняга выступлення маршала Тухачэўскага, які неўзабаве быў прызнаны “ворагам народа”, адна маскоўская архівістка з рызыкай для жыцця выкрала і закапала пад ганкам свайго лецішча — “да лепшых часоў”. Так і захаваўся матэрыял.

“Кінапрыбытак” значна павялічыўся працамі творчага аб’яднання “Тэлефільм” Дзяржтэлерадыё, якое з 1963 года шырока разгарнула асабістую кінавытворчасць. Да 1968-га толькі мной там былі зняты музычныя фільмы “Вясёлы цягнік”, “Спявае Зіновій Бабій”, “Спявае Нінэль Ткачэнка”, “Спявае Віктар Чарнабаеў”, “Спявае Ігар Сарокін”, “Дзяржаўны Народны хор БССР”, “Песні славы баявой”, мастацка-дакументальны фільм пра паэта-воіна Алеся Жаўрука “Песня і вяла, і грэла”, “дакументальнік” 1964 года “Слова аб рэспубліцы маёй”… Мае калегі, памятаецца, знялі вялікі канцэрт “Партызанская сюіта” Дзяржаўнага ансамбля танца БССР… Усё пералічанае і шмат іншага, на што я забыўся ці проста пра тое не ведаю… знішчана, спалена. Як і вялікая калекцыя так званых трафейных (па сутнасці — даваенных галівудскіх) фільмаў, што знаходзіліся у фільмасховішчы тэлебачання. Гэта ўсё, на жаль, нават не дайшло да кінаархіва. Пасля нейкага пажара ў вясковым клубе праз кінаперасоўку ўсё, што было адзнята на стужцы з нітраасновай, загадалі спаліць. А як узбагацілася б дзяржаўная спадчына, каб было месца ў фільмасховішчы той самай царквы Марыі Магдаліны!

Сумую па назаўсёды страчаным…

Шмат архівістаў-прафесіяналаў ездзілі на працу ў Мінск. З 1987 года “маршруты” змяніліся: цяпер некаторыя мінчане сталі электрычкай наведвацца ў Дзяржынск. Тады кінаархіў атрымаў урэшце спецыяльнае памяшканне: той самы “зламаны зуб”. Сёння усе супрацоўнікі выключна мясцовыя — “койданаўцы”.

Лічбы наведвальнікаў уражваюць: кінастудыя, тэлеканалы, праект “Зваротны адлік” Уладзіміра Бокуна, друкаваныя СМІ — прадстаўнікі прадпрыемстваў, проста зацікаўленыя асобы — матэрыялы знаходзяць тут усе. Ажыятаж узрастае з набліжэннем дат, важкіх падзей, юбілеяў. Прадпрыемствы адзначаюць свае “круглыя” тэрміны існавання, а чыесьці нашчадкі ўзгадваюць, што ў маладосці іх бацька ці дзядуля “засвяціўся” ў нейкім кіначасопісе, у дакументальным фільме. Архівісты шукаюць  — і знаходзяць!

А колькі нечаканага, якое часам выглядае наіўным, знаходзім у 10-хвілінных выпусках хронікі “Савецкая Беларусь”, “Піянер Беларусі”, “Мастацтва Беларусі”, у спартыўных сюжэтах! Усе без выключэння раёны краіны звярталіся сюды пры падрыхтоўцы кніг “Памяць”. А куды ж яшчэ, урэшце?! Вялікую навукова-даследчую працу правялі тут пры падрыхтоўцы манументальнага праекта “Мастацтва Беларусі”. На жаль, праца засталася няскончанай па абставінах, што не залежалі ад архівістаў.

З пераходам на лічбавыя носьбіты амаль перасталі паступаць кінастужкі. Але на фота гэты “пераход” амаль не адбіўся. У 1992 годзе Беларусь наведала Эльжбета Тамашэўска-Радзівіл. Ад яе каштоўны набытак: 55 фотаздымкаў з радзіннага архіва беларускіх князёў.

Пры здымках фільма “Настаўнік” герой фільма вязень канцлагера, партызан, выкладчык геаграфіі, нямецкай і беларускай моваў, стары вясковы настаўнік Павал Мілюк дастаў з шуфляды стос фотак, адна мяне зацікавіла.

— Ці ж гэта не малады Якуб Колас?

— Дык хто ж яшчэ! — спакойна адрэагаваў Павал Адамавіч. — Ён стрыечны дзядзька маёй маці.

Рыйцеся, людзі, у закінутых шуфлядах! Усплываюць жа па сёння рукапісы Пушкіна, Хэмінгуэя, аўтографы Пятра І. Сачыце, дзе апынуцца, куды падзенуцца багацейшыя архівы фотамастакоў — увесь беларускі “бамонд”, уся багема, знакавыя ці папросту побытавыя падзеі Беларусі — у іх фоталетапісах.

Чаго пажадаць у дзень нараджэння архіву? Таго, чаго яму бракуе. Мантажных сталоў са спраўным гукам! Сёння іх у архіве два: адзін — з гукам, другі — без. Ліквідавалі “Тэлефільм” Белтэлерадыёкампаніі, “Беларускі відэацэнтр”, зменшыла вытворчасць на стужцы кінастудыя — пэўны лік спраўных сталоў вызваліўся ж. Няўжо яны спісаныя? Як з жахам высветліў: больш, чым ад пажараў ці войнаў, гіне стужка ад грыбкоў, вірусаў, шкоднікаў. Архіву неабходна навуковае забеспячэнне па захаванні дакументаў на стужцы. Няма ў штаце архіва і мікрабіёлага.

А яшчэ варта на падставе ўнікальных фота- і кінадакументаў стварыць 10-хвілінны рэкламны відэаролік на 5 — 6 мовах для дэманстрацыі экскурсіям і замежным карыстальнікам.

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр