“Алгарытмы”: вяртанне ў будучыню

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

1968 год быў багаты на падзеі ў рок-музыцы. “Бітлы” выпусцілі свой “белы альбом”, эффектны дэбют гуртоў “Led Zeppelin” і “Deep Purple” знаменаваў нараджэнне хард-рока, на паліцах музычных крамаў з’явіліся кружэлкі Джэніс Джоплін. А ў Мінску прайшоў першы на тэрыторыі Савецкага Саюза рок-фестываль. Тады назва гэтага музычнага напрамку яшчэ не ўстаялася, таму фэст меў прыстаўку “біт-”.

Па вадасцёкавых трубах за год да Вудстака
Нягледзячы на “жалезную заслону”, актуальныя музычныя тэндэнцыі траплялі ў родныя пенаты досыць аператыўна. І ўжо ў сярэдзіне 60-х беларускія маладзёны не толькі вылоўлівалі “бітлоў” у “заглушаным” радыёэфіры, але і спрабавалі ім прыпадабняцца, беручы першыя акорды на ўласнаручна вырабленых з фанеры электрагітарах.

 /i/content/pi/cult/156/1269/Algarytmy1.jpg

На здымку: “Алгарытмы” на беларускім тэлебачанні з кампазіцыяй “Strange blue” гурта “Cream” — (злева направа) Уладзімір Бяляеў, Яўген Адстаўноў, Генадзь Старыкаў і Аляксандр Кукоўскі (зверху). Магчыма, гэта і сталася першым “жывым” выступленнем рок-групы на ТБ у СССР.

— Маім першым настаўнікам стаў радыёпрыёмнік,— згадвае непасрэдны ўдзельнік тых падзей Генадзь Старыкаў. — Набыць гітару ды ўсю іншую патрэбную апаратуру ў СССР тады было ў прынцыпе немагчыма: яе нашы заводы проста не выпускалі. Прафесійныя інструменты траплялі да нас выключна дзякуючы людзям, якія бывалі ў краінах сацлагера.
Неўзабаве цэнтрам гэтага броўнаўскага руху стаў Мінскі радыётэхнічны інстытут. На звычайныя студэнцкія танцы людзі ламіліся, бы на канцэрт якой знакамітасці. І ўсё таму, што іграў на гэтых танцах ансамбль з цалкам адпаведнай духу ўстановы назвай — “Алгарытмы”. Паслухаць студэнцкую каманду прыходзілі і будучыя суперзоркі Уладзімір Мулявін і Юрый Антонаў.
У адрозненне ад многіх іншых рок-ансамбляў таго часу, рэпертуар калектыву складаўся зусім не з нягеглых каверверсій заходніх хітоў: “Алгарытмы” ігралі досыць складаную інструментальную музыку, настоеную на рытм-н-блюзе. І ніколі не баяліся імправізаваць. Таму “знятыя” ў замежных зорак матывы набывалі новае, нечаканае развіццё. Смелыя пасажы негалоснага лідэра ансамбля гітарыста Яўгена Канавалава ды арганіста Вячаслава Ксяндзова здатныя выклікаць захапленне і ў сённяшняга слухача, якога цяжка чымсьці здзівіць.
Менавіта гэты калектыў стаў галоўным ініцыятарам правядзення ў родных сценах РТІ першага біт-фестывалю. Ініцыятыву падтрымалі яшчэ 11 мінскіх ансамбляў, “прапісаных” у самых розных установах — ад Акадэміі навук да ЦУМа. На працягу трох дзён — з 12 па 14 красавіка 1968 года — у актавай зале Радыётэхнічнага ды прылеглых да яе тэрыторыях тварылася нешта неверагоднае для савецкай рэчаіснасці. Сказаць, што фэст нязменна збіраў поўны аншлаг, было б занадта сціпла — прагная публіка часам трапляла ўнутр будынка па вадасцёкавых трубах.
Паводле Палажэння аб фестывалі, кожны з яго ўдзельнікаў мусіў выканаць сем твораў. У абавязковы “набор” уваходзіла песня савецкага кампазітара, варыяцыя на матывы беларускага фальклору (тады, дарэчы, гэтае патрабаванне было звыклым для любога конкурсу), уласны твор і “інструменталка”. Астатнія тры нумары ніяк не рэгламентаваліся, і ў іх спіс патрапілі не толькі “бітлы”, але нават і Рымскі-Корсакаў.
Журы, якое ўзначальваў вядомы дырыжор Барыс Райскі, было строгае і патрабавальнае. Нават да тых ансамбляў, якія складаліся са школьнікаў, як, напрыклад, “Funny Foxes”. Але ж агульнага жадання асудзіць новую музычную плынь у прафесіяналаў, у ліку якіх быў, дарэчы, і малады кампазітар Ігар Лучанок, зусім не ўзнікала.
Больш або менш паспяхова выступілі “Дысканты”, “Пінгвіны”, “2+2”, “Грыфы”... Запісы фестывальных канцэртаў, якія, на жаль, ацалелі толькі фрагментарна і ўпершыню прагучалі ў адмысловым цыкле радыёперадачы “Новая зямля” (“К” пісала пра яе ў № 9 за 2008 год), сведчаць, што агульны ўзровень рок-сцэны тады зусім не выклікаў шкадобы. Адчуваючы ўвагу журы і значнасць мерапрыемства, музыканты рыхтаваліся ўсур’ёз.
Фаварытамі фестывалю сталі дзве каманды з тэхнічных ВНУ. “Зодчие” з Політэхнічнага інстытута запомніліся сваімі варыяцыямі на тэму беларускага фальклору. Але сапраўдны фурор выклікалі “гаспадары” пляцоўкі. Публіка доўга не хацела адпускаць “Алгарытмы” са сцэны, а журы бадай аднагалосна прысудзіла ім перамогу.

Пад апекаю камсамола
Назваць біт-фестываль андэрграундным было б абсалютнай памылкай. Папраўдзе ашаламляльнай акалічнасцю яго правядзення стала непасрэдная падтрымка з боку ўлад — прычым не толькі кіраўніцтва РТІ, але і куды вышэйшага ўзроўню. Так, ініцыятыва ішла “знізу”, ад саміх музыкантаў, якія самі пераважна і вырашалі непасрэдныя арганізацыйныя клопаты. Але без паразумення з камсамолам зладзіць форум такога высокага ўзроўню наўрад ці б у іх атрымалася.
Неверагодна, але факт: фестываль асабіста курыраваў першы сакратар ЦК ЛКСМБ Арсень Ваніцкі, а сакратар ЦК КПБ Аляксандр Кузьмін не толькі санкцыянаваў правядзенне гэтай імпрэзы, але і ўласна завітаў на яе адкрыццё. Прычым, па словахудзельнікаў, такі сур’ёзны статус ніяк не паўплываў на атмасферу фестывалю: у паветры веяў дух свабоды, таму і паралелі з Вудстакам не выглядаюць надта прыцягнутымі за вушы.

 /i/content/pi/cult/156/1269/Algarytmy2.jpg

Генадзь Старыкаў напярэдадні фэсту.

І якой жа была афіцыйная рэакцыя на незвычайную дзею і гучную музыку? Пераважна станоўчай! Як і розгалас пасля фестывалю ў СМІ. Пэўныя аспекты “новых форм маладзёжнай самадзейнасці” сталі нагодай для ўсеагульнай крытыкі — прычым справядлівай, як, напрыклад, папрок у другаснасці. Але агулам усе сышліся на тым, што біт-рух трэба не тое што забараняць, наадварот,— усяляк падтрымліваць. Да ўсяго, стаўленне з боку ўлад было вельмі тактоўнае: ніхто не патрабаваў ад рок-ансамбляў, каб тыя спявалі оды КПСС у новых аранжыроўках.
Здавалася б, яшчэ крыху — і лёд кранецца. Рок-каманды атрымаюць афіцыйны статус, а разам з тым магчымасць выступаць на прыстойных пляцоўках, зарабляючы сваёй творчасцю грошы. Тым болей, патэнцыял некаторых з іх дазволіў бы “прагрымець” па ўсім Саюзе — пра гэта сведчыць ашаламляльны поспех саматужных гастрольных паездак тых самых “Алгарытмаў”. І таленты, праяўленыя на першым біт-фестывалі яшчэ толькі ў зародку (большасці яго ўдзельнікаў на той момант не было і дваццаці гадоў), атрымаюць магчымасць раскрыцца напоўніцу.
Тады беларуская музыка апошніх дзесяцігоддзяў магла быць зусім іншай за тую, якую мы ведаем. Прынамсі, больш разнастайнай. Але...
Ідылія скончылася раптоўна. Пасля ўводу савецкіх войск у Чэхаславакію пачалося ўсеагульнае “закручванне гаек”. Пад удар трапілі і “праявы ідэалагічна варожай культуры”.
— Бачачы валасатага хлопца, міліцыянер альбо салдат мог са злосцю на яго ашчэрыцца: такія, як вы, маўляў, кідалі камяні ў нашых вайскоўцаў у Празе, — згадвае Генадзь Старыкаў. — І як тады было патлумачыць, што ні я, ні мае сябры ні ў кога камянямі не кідалі? Нас наогул нельга было назваць барацьбітамі з пануючай ідэалогіяй, і ўсе ярлыкі “антысаветчыкаў” ды “амаральных тыпаў” вешаліся на рокераў беспадстаўна.
Прадузятыя стэрэатыпы сталі адной з прычын таго, што ці не ўсе зоркі біт-фэсту неўзабаве згаслі. Так, адной з прычын…
Неўзабаве пасля трыумфу “Алгарытмы” напаткала сапраўдная трагедыя: віртуозныімправізатар Вячаслаў Ксяндзоў, здатны выціснуць з электрааргана “Юнацтва” папраўдзе неверагодныя гукі, раптам скончыў жыццё самагубствам. Іншыя ўдзельнікі ансамбля адзін за адным пакідалі калектыў, каб заняцца “сур’ёзнай справай”, адпаведнай атрыманай спецыяльнасці. З часам і Яўген Канавалаў сканцэнтраваўся выключна на сваёй працы ў касмічнай прамысловасці.
Характэрны прыклад ансамбля “Зодчие”. Дзякуючы выхаду ў фінал Усесаюзнага конкурсу “Алё, мы шукаем таленты!” 1969 года, гурт атрымаў магчымасць гастраляваць па ўсёй краіне. З часам музыкантам прапанавалі сталую працу ў “Росконцерте”, аднак… тыя абралі свае інжынерныя спецыяльнасці. І “самадзейны” калектыў неўзабаве загадаў доўга жыць.
Але характэрна і тое, што гэта не канец гісторыі. Бо зусім нядаўна, якіх гадоў пяць таму, сталыя мужчыны зноў узялі ў рукі электрагітары…

“Бітнікі”: з Залы славы зноў на сцэну
Рок-н-ролльное время ушло безвозвратно / Охладили седины твоей юности пыл…”. Гэта радкі з песні Віктара Цоя “Калісьці ты быў бітнікам”, прысвечанай, трэба меркаваць, не амерыканскім літаратарам-контркультуршчыкам, а менавіта тым, хто ў гады сваёй маладосці граў савецкі біт, а потым, пасталеўшы, “сацыялізаваўся”.
Без сумневу, ёсць у гэтых словах доля рацыі. Але песімізм прадстаўніка аднаго з наступных пакаленняў савецкіх рокераў усё ж празмерны. Вяртанне адбылося, бо напрыканцы 90-х многія рокеры самага першага пакалення — і Яўген Канавалаў, і Генадзь Старыкаў і шмат хто яшчэ — ізноў, пасля доўгага-доўгага перапынку, узялі ў рукі гітары.
Яны ахвотна паўдзельнічаюць у юбілейным фестывалі, які ладзіцца сёлета 12 красавіка ў былым РТІ (цяпер — БДУіР) па ініцыятыве нястомнага “культуртрэгера блюза” Генадзя Старыкава.
Не пагрэбуюць аказіяй выйсці на вялікую сцэну і прадстаўнікі наступных пакаленняў музыкантаў. Тым болей, магчымасць гэтая для многіх зусім не частая: не ўсе ўпісаліся ў сучасныя варункі шоу-бізнесу.
Пабываўшы пару гадоў таму на вяселлі сяброўкі, я на свае вушы чуў, як сівы і вельмі вядомы рокер выконваў нейкіх аднадзённых “шакаладных зайцоў” з сапраўдным рытм-н-блюзавым драйвам. Але мэта сёлетняга фестывалю — не толькі настальгічныя ўспаміны. Ён пакліканы нагадаць пра тое, што ў плане развіцця сучаснай музыкі Беларусь далёка не заўсёды адставала ад Масквы. Сёння цяжка паверыць, што быў час, калі нашы музыканты мелі рэпутацыю самых прагрэсіўных у СССР. І паўстанне Залы славы беларускага рок-н-рола, створанай усё тым жа Старыкавым у краме “Музыка”, цалкам апраўданае. А яшчэ ў планах рупліўца — адраджэнне “Алгарытмаў”, але цяпер ужо ў выглядзе студыі, дзе колішнія ўдзельнікі ансамбля маглі б перадаць сваё майстэрства маладняку.
...Што ж, згадаем і працяг куплета песні Цоя: “Но я верю, и верить мне в это приятно, / Что в душе ты остался таким же, как был”. Пазнаёміўшыся з гэтымі сталымі, але настолькі поўнымі маладога імпэту мужчынамі, часта прыгадваеш тыя словы.

Ілля СВІРЫН