Спектаклі і музей батлейкі

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

У межах мерапрыемстваў, прысвечаных абвешчанаму сёлета Году культуры, з 3 па 13 сакавіка ўпершыню ў Мінску праходзіць фестываль праваслаўнай культуры “Кладезь”. Цэнтральнай пляцоўкай фестывалю стане Мінская абласная бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна. Асноўнай жа мэтай фэсту з’яўляецца праблема ўмацавання праваслаўных традыцый і маральных каштоўнасцей у сучасным свеце, пытанні духоўнай асветы.

Арганізатары фестывалю  — Свята-Елісавецінскі манастыр Мінска і сястрынства ў гонар святой прападобнамучаніцы Марыі — падрыхтавалі насычаную духоўна-асветніцкую і забаўляльную праграму для гасцей усіх узростаў. У прыватнасці, наведвальнікаў чакаюць канцэртныя нумары, выстава-кірмаш вырабаў, створаных манастырскімі майстрамі, унікальныя майстар-класы па іканапісе, мастацкім роспісе вырабаў з дрэва, а таксама валянні. Кожны дзень фестывалю — сустрэчы з цікавымі людзьмі: са святарамі, педагогамі, псіхолагамі і медыкамі. У рамках падзеі адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы пройдуць не толькі ў бібліятэцы, але і ў школах, дзіцячых дамах і інтэрнатах. Самых маленькіх кожны дзень чакаюць прадстаўленні лялечнага тэатра “Батлейка” і кінапаказы. Па задуме арганізатараў спектаклі будуць ісці кожную гадзіну.

Акрамя таго, падчас фестывалю “Кладезь” будзе працаваць выстава-кірмаш вырабаў майстэрняў Свята-Елісавецінскага манастыра. Мяркуецца, што атрыманыя сродкі пойдуць на будаўніцтва дома для людзей без вызначанага месца жыхарства, дапамога дзецям-сіротам, былым зняволеным і людзям з аслабленым псіхічным здароўем.

Трэба сказаць, што дагэтуль “Кладезь” праводзіўся ўжо больш, чым у 80 гарадах і меў пазітыўныя водгукі ўдзельнікаў і гасцей.

Дарэчы, у Адукацыйным цэнтры пры Свята-Елісавецінскім манастыры 22 лютага адкрылі музей лялек “Дом радасці”. Калекцыю пачала збіраць сястра міласэрнасці Людміла Ждановіч. Сёння яе справу працягваюць кіраўнікі анімацыйнай студыі “Мы ёсць і мы разам!” Марыя Іванова і батлеечнай студыі пры нядзельнай школе сёстры Дарыя і Кацярына Чачко.

Калекцыя істотна папоўнілася пасля Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”. У конкурснай праграме прынялі ўдзел 19 калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны. Кожны тэатр прывёз для калекцыі музея ў падарунак сваю ляльку.

— Удзельнікі фестывалю з радасцю адгукнуліся на ідэю аб стварэнні музея. Мы плануем зрабіць гэта добрай традыцыяй. Гэты музей — своеасаблiвы мост, які звязвае прыхільнікаў батлеечнага мастацтва з Мінска з калегамі і аднадумцамі з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа, — распавяла прэсе, дырэктар конкурснай праграмы па Беларусі Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы” Святлана Семянюк.

Убачыць калекцыю лялек можна кожную нядзелю ў рамках паказальных выступленняў батлеечнай студыі пры манастыры.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"