Як п’еса пададзена?

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

На малой сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі распачалася серыя мерапрыемстваў для вывучэння глядацкага попыту. Пра мэты і задачы новага праекта карэспандэнту “К” распавёў кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка.

Ад пачатку асноўнай задачай Цэнтра беларускай драматургіі стала распаўсюджванне сучаснымі спосабамі твораў найноўшай нацыянальнай драматургіі. Звыклай з’явай сталі розныя публічныя чыткі, прэс-паказы, майстар-класы, онлайн-праекты і перформансы. Цяпер задача — не толькі даць усім, хто цікавіцца сучасным тэатральным мастацтвам, магчымасць самарэалізацыі, але і сфарміраваць з міні-спектакляў адносна сталы рэпертуар. Па сутнасці, афіша малой сцэны будзе фарміравацца паводле пажаданняў публікі.

Гледачам прапануюць спектаклі малой формы, створаныя з упорам на блізкасць акцёра і публікі і ў асноўным акцёрскімі сродкамі выразнасці (бо, зразумела, эксперыментальныя пастаноўкі не могуць разлічваць на істотны бюджэт на дэкарацыі, багатыя касцюмы і безліч бутафорыі). “У нас тут хутчэй інтымная прастора, якая дазваляе перфарматыўнымі тэхнікамі і, безумоўна, традыцыйнымі сродкамі прадставіць айчынную драматургію найноўшага часу, — патлумачыў суразмоўца. — А потым глядач будзе вырашаць, цікавіць яго тэматыка дадзеных п’ес альбо нам, пастаноўшчыкам і драматургам, неабходна шукаць нешта іншае, больш патрэбнае сучаснаму чалавеку”.

Па вялікім рахунку, зразумець, ці будзе аўдыторыя падтрымліваць гэтую ініцыятыву, можна па колькасці прададзеных білетаў. Плануецца, што адпаведныя мерапрыемствы будуць ладзіцца на малой сцэне раз на месяц. Першы паказ адбыўся 27 лютага: давалі “Участковые, или Преодолеваемое противодействие” Віталя Каралёва ў пастаноўцы рэжысёра Алены Сілуцінай. “Попыт быў каласальны! — дадаў Аляксандр Марчанка. — Напярэдадні прэм’еры ўсе білеты распрадалі, а людзі працягвалі тэлефанаваць і запытваць, ці не з’явіліся свабодныя месцы. Таму вырашана паўтарыць спектакль 13 сакавіка”.

26 сакавіка публіку чакаюць на спектакль “А калі заўтра няма” па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Першапачаткова гэта была дыпломная работа студэнтаў IV курса акцёрскай спецыяльнасці Акадэміі мастацтваў. Зараз жа былы дыплом імкнуцца перавесці ў больш важкую катэгорыю. А ў красавіку ў праекце з’явіцца трэцяя назва. Малады беларускі драматург Андрэй Іванаў паспрабуе сябе ў ролі рэжысёра ўласнай п’есы “Жэня на кухні”.

Ініцыятыва — бадай самае каштоўнае, што ёсць у развіцці творчасці і культуры. І важна, што ў Год культуры гэтая ініцыятыва праяўляецца з падвоенай энергіяй. А хэштэг #2016годкультуры стаў назвай новай рубрыкі "К" і пазнакай для такіх матэрыялаў на сеціўных рэсурсах газеты.