Старт з платформы

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Новыя формы ўзаемадзеяння з чытачамі асвойвае Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк сталіцы.

Мінскі гарадскі тэатр паэзіі, што створаны па прыкладзе аналагічнага ў дагестанскай Махачкале на базе Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы, дзякуючы літаратару Міхасю Пазнякову, павінен зарабіць аўтарытэт. Наўрад ці гэта будзе складана, бо кніжная сістэма (яна ўключае ў сябе 25 бібліятэк) мае вялікі вопыт творчых стасункаў з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, якое і ачольвае Пазнякоў. Прасцей кажучы, за плячыма бібліятэкараў каля 170 мерапрыемстваў у год, звязаных толькі са згаданым Саюзам.

Галоўная задача гарадскога тэатра паэзіі — стаць цэнтрам прыцягнення не столькі вядомых беларускіх паэтаў, колькі новых імёнаў, вядомых вузкаму колу чытачоў-слухачоў альбо наогул навічкоў. Таму можна быць гатовым да гучных дэбютаў з гэтай платформы, у год культуры такія падзеі асабліва чаканыя і гарманічныя.

Лагічным падалося рашэнне Мінскага гарадскога тэатра паэзіі заручыцца падтрымкай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкамам: скажам, з такімі пытаннямі, як сацыяльная рэклама ў грамадскім транспарце і іншае, такое супрацоўніцтва вырашаць дапамагае. Ну а наяўнасць статусу тэатра дазволіць запрашаць сюды літаратараў з далёкага і блізкага замежжа для выступленняў, майстар-класаў, фармальных і нефармальных сустрэч.

Пакуль што Мінскі гарадскі тэатр паэзіі плануе ладзіць паэтычныя вечары раз на месяц, кожны раз прыцягваючы розных асоб з уласнай канцэпцыяй і бачаннем пастаноўкі. Адна з першых паэтычна-музычных імпрэз адбылася 29 лютага ў актавай зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы пад назвай “Чатыры пары года” з удзелам паэтак Ганны Мартынчык, Маргарыты Латышкевіч, Кацярыны Масэ і Людмілы Клачко.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст