Ці “пасунецца” Бах дзеля беларусаў?

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Мы прызвычаіліся да таго, што метрапалітэн дазваляе бавіць хвіліны ў чаканні цягніка, атрымліваючы інфармацыю з плазменных экранаў, размешчаных на станцыях. З нядаўніх часоў пад зямлёй сталі ўпершыню круціць класічную музыку.

/i/content/pi/cult/576/12685/2-2.jpgВы можаце мяне паправіць, маўляў, летась яна ўжо тут гучала, прычым — “жыўцом”, у выкананні маладых прафесійных музыкантаў. Так, але тое была акцыя разавая да юбілею Іагана Себасцьяна Баха, а выступленні ладзіліся ў падземных пераходах да станцый метро. Цяпер жа музыка — на саміх станцыях, а спіс кампазітараў значна пашырыўся. І няхай творы гучаць усяго толькі з экранаў!

Прапаноўвае навінку пасажырам кампанія “БелРосРэклама” і непасрэдна канал “Метро-ТВ”.

— У Год культуры мы палічылі сваім абавязкам запусціць некалькі праектаў, — кажа намеснік дырэктара канала Таццяна Крыжчанка. — Па выніках праведзеных апытанняў сярод рэкламадаўцаў, работнікаў канцэртных агенцтваў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, шараговых пасажыраў наш кантэнт пашырыўся цяпер, напрыклад, мультфільмамі ды анонсамі мастацкіх фільмаў. А адна з новых рубрык уключае ў сябе апавяданні пра беларускія гарады ды прайграванне класічнай музыкі. І надалей станем практыкаваць наўпросты кантакт з пасажырамі: нам важная іх рэакцыя на ўбачанае ды пачутае. Натуральна, чакаем ад спажыўцоў кантэнту заўваг ды прапаноў.

Музычны рэпертуар фарміравалі самі супрацоўнікі кампаніі. Мяркуючы па ўсім, з густам у іх усё ў парадку. Але пара прапаноў у рэдакцыі “К” усё ж ёсць. Першая, быць можа, і не такая істотная. Фанаты, скажам, Баха засмучаны тым, што опусы Іагана Себасцьяна чутныя не гэтак гучна, як ім хацелася б. Чаму б не павялічыць узровень гуку?

— Ён узгоднены са службамі метрапалітэна, — адказвае спадарыня Крыжчанка. —- Раніцай, калі хтосьці спяшаецца на працу, хтосьці — на вучобу, у гадзіны “пік”, на працягу дня псіхіка людзей больш схільная да раздражняльных фактараў, якімі можа стаць і гучная музыка. Павялічваць гучнасць можна па заканчэнні працоўнага дня. Дарэчы, з той жа прычыны і кліпы цяпер дэманструюцца з 22-й да 23-й гадзіны.

Другая прапанова больш сур’ёзная. А дзе ж, уласна, беларуская класічная музыка? Стагоддзяў мінулых ды сучасная? Пакуль яе няма, у Год культуры...

— Пакуль няма, — не адмаўляе відавочнага намеснік дырэктара ўстановы. — Вось вы мне зараз пра гэта сказалі, я — задумалася. Сігнал прыняты!

Прыемны, увогуле, дыялог у нас атрымаўся. Аптымістычны. Але прасемафорылi мы пытаннем “Ці хацелі б нашы кампазітары, што пішуць класічную музыку, каб іх творы гучалі ў метро?” i Беларускаму саюзу кампазітараў у асобе сакратара яго праўлення Аліны Безансон. І атрымалі адказ:

— Я абедзвюма рукамі “за”! І давяду да ведама сваіх калег, што такое, верагодна, будзе магчымым. Натуральна, трэба будзе вырашыць пытанні з аўтарскімі правамі. Вядома і тое, што не ўсе творы пасуюць для іх прайгравання ў такім спецыфічным месцы. Адпаведна, трэба падабраць нешта цікавае, небанальнае, нясумнае. Чые сачыненні маглі б падысці? Назаву першых, хто прыйшоў у галаву: Абеліёвіч, Алоўнікаў, Глебаў... Наогул, ідэя гэтая — выдатная ва ўсіх сэнсах, тым самым найперш папулярызавалася б айчынная акадэмічная музыка, якая таго вартая.

На тое спадзяемся і мы! Справа за кампаніяй, якая, упэўнены, не падвядзе. Тым больш, не выключана, ва ўжо блізкай будучыні мы з вамі, гледзячы на экраны, зможам атрымліваць асалоду ад карцін беларускіх мастакоў ды чытаць з плазмы вершы айчынных паэтаў!..

Фота metro-tv.by

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"