Дыскатэка: што здыме пытанні?

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Абмяркоўваем Кодэкс аб культуры
Як мы і абяцалі ў мінулых нумарах, “К” распачынае рубрыку, у якой будуць друкавацца адказы на частыя пытанні наконт палажэнняў будучага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Сёння абмяркуем некалькі праблемных аспектаў, датычных дыскатэчных вечароў у сельскіх дамах культуры.

/i/content/pi/cult/576/12680/2-1.jpgТак, некалькі тыдняў таму на нашу электронную скрыню прыйшоў ліст ад дырэктара СДК аднаго з раёнаў Гродзенскай вобласці.

“Якім спосабам і хто са штатных супрацоўнікаў установы культуры павінен выконваць наступныя пункты з праекта “Кодэкса…”: “не дапускаць знаходжання на дыскатэках у начны час (з 23 да 6 гадзін) грамадзян, якія не дасягнулі шаснаццаці гадоў, без суправаджэння бацькоў, апекуноў, папячыцеляў або без суправаджэння па іх даручэнні асоб, якія дасягнулі васямнаццаці гадоў; не дапускаць прысутнасці грамадзян, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў; не дапускаць грамадзян з халоднай, агнястрэльнай, газавай зброяй, выбуханебяспечнымі рэчывамі і боепрыпасамі; забяспечваць ахову грамадскага парадку ў час правядзення дыскатэкі, у тым ліку на аўтамабільных паркоўках, арганізаваных для наведвальнікаў дыскатэкі” (раздзел “Парадак правядзення дыскатэк”, пункты 12.2 — 12.5)?

Справа ў тым, што я і мае супрацоўнікі паводле дзеючага заканадаўства не маюць права правяраць дакументы ў грамадзян. Права на гэта мае вызначаны шэраг упаўнаважаных асоб. Акрамя таго, калі няма відавочных прыкмет ап’янення, а наведвальнік выпіў, на падставе чаго яго нельга пусціць на дыскатэку? Толькі медыцынскае заключэнне дае права канчаткова сцвердзіць, знаходзіцца чалавек у стане алкагольнага ап’янення ці не… Акрамя таго, ці мае права супрацоўнік установы культуры праводзіць асабісты дагляд наведвальніка? І калі ў прыватных клубах ёсць штатныя супрацоўнікі, як у такіх выпадках быць дзяржаўным клубам? І хто павінен ахоўваць аўтастаянку на вёсцы? У штаце такіх людзей няма. Прапаную тады разгледзець магчымасць заключэння пагадненняў са службамі аховы для выканання пералічаных пунктаў”.

Гэты ліст “К” перанакіравала намесніку старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Наталлі КУЧЫНСКАЙ. Публікуем яе адказ:

— Дзякуй за пытанні і за імкненне якасна выконваць абавязкі арганізатара дыскатэк. Зразумела, што на дыскатэку людзі ідуць, каб пабавіць свой вольны час, культурна адпачыць падчас танцавальнай ці забаўляльнай праграмы, якой і з’яўляецца дыскатэка. Яе наведвальнікі хочуць быць упэўненыя, што іх правы як грамадзян, як карыстальнікаў культурных паслуг не будуць парушаны. Падкрэслю, што і арганізатары дыскатэк, і іх наведвальнікі, і дзяржаўныя органы зацікаўлены, каб дыскатэка прынесла людзям задавальненне, а не стала праблемным мерапрыемствам.

Таму парадку правядзення дыскатэк прысвечаны асобны артыкул праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Падчас пасяджэнняў рабочай групы па дапрацоўцы праекта кодэкса гэты артыкул змяняўся і ўдакладняўся, яго нормы карэкціраваліся з улікам практыкі прымянення і тых заўваг, што паступілі ад работнікаў культуры. Але пры ўсіх удакладненнях сутнасць зместу артыкула засталася нязменнай — дыскатэкі павінны быць бяспечныя. Таму пэўныя абавязкі павінны выконваць як наведвальнікі, так і арганізатары дыскатэк.

Калі грамадзянін плануе ісці на дыскатэку, то ён павінен добра ўсведамляць, што яго абавязак — захоўваць грамадскі парадак, прытрымлівацца правілаў правядзення дыскатэкі, законных патрабаванняў арганізатара дыскатэкі і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку.

Акрамя таго, наведвальнікам дыскатэкі (як і тым грамадзянам, што наведваюць культурна-відовішчныя мерапрыемствы) забаронена мець пры сабе зброю, выбухованебяспечныя рэчывы і боепрыпасы, іх імітатары і муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якіх можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю грамадзян.

Згодна з праектам Кодэкса наведвальніку, які прыйшоў на дыскатэку, забараняецца ствараць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян. З гэтай прычыны яму нельга знаходзіцца на дыскатэцы ў стане наркатычнага ап’янення ці псіхатропнага адурманьвання. Ёсць забарона на знаходжанне грамадзяніна на дыскатэцы ў стане алкагольнага ап’янення. Тут выключэннем выступаюць выпадкі, калі культурна-відовішчнае мерапрыемства ці дыскатэка праводзіцца ў памяшканнях, дзе змяшчаюцца аб’екты грамадскага харчавання. Такім чынам, калі вы пайшлі адпачыць на дыскатэку ў начны клуб, то выпіць бакал шампанскага вам не забаронена.

Што да арганізатара дыскатэкі, то ён прымае шэраг мер па прадухіленні надзвычайных сітуацый, яго прамы абавязак — “забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў) і іншай маёмасці”, а ў выпадку ўзнікнення небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян спыніць дыскатэку. Арганізатар абавязаны не дапускаць дыскрымінацыі ў адносінах да наведвальнікаў дыскатэкі, захоўваць іх правы.

Таксама арганізатар не дапускае знаходжання на дыскатэках у начны час (з 23 да 6 гадзін) грамадзян, якія не дасягнулі шаснаццаці гадоў, без суправаджэння бацькоў, апекуноў, папячыцеляў або без суправаджэння па іх даручэнні асоб, якія дасягнулі васямнаццаці гадоў. Зразумела, якім чынам гэта робіцца. Дакумент (пашпарт), які тлумачыць узрост, знімае ўсе пытанні: быць вам на танцавальнай праграме ці ісці адпачываць дома. Узроставыя рамкі гэтай нормы яшчэ абмяркоўваюцца.

Арганізатар дыскатэкі пры неабходнасці забяспечвае арганізацыю аказання грамадзянам медыцынскай дапамогі. Таксама ў абавязкі арганізатара ўваходзіць забеспячэнне выканання патрабаванняў, прадугледжаных у пункце аб абавязках грамадзян падчас культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

Таму калі вы з’яўляецеся індывідуальным прадпрымальнікам ці прадстаўляеце юрыдычную асобу, што арганізуе дыскатэкі, то павінны прадумаць, якім чынам парадак і бяспека грамадзян на дыскатэцы будуць забяспечаны. Безумоўна, пры выяўленні фактаў ужывання наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў наведвальнікамі дыскатэкі вы павінны неадкладна праінфармаваць органы ўнутраных спраў. Неадкладны званок ў міліцыю павінен быць і ў выпадку, калі хтосьці з наведвальнікаў дыскатэкі здзяйсняе супрацьпраўныя дзеянні.

Дарэчы, разгледжаныя вышэй абавязкі арганізатара дыскатэкі не з’яўляюцца абсалютнай навацыяй праекта Кодэкса. На сённяшні дзень дзейнічае Пастанова Савета Міністраў краіны ад 14 мая 2007 года № 582 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб арганізацыі правядзення дыскатэк і арганізацыі культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь”. Такім чынам, цягам ужо 8 гадоў арганізатары дыскатэк працавалі па гэтых нормах.

Дадам, што члены працоўнай групы (члены Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, спецыялісты Сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў, спецыялісты Міністэрства культуры краіны, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў) зацікаўлены ў тым, каб нормы былі працоўнымі. Таму мы замацоўваем палажэнні, якія паспрыяюць правядзенню дыскатэкі як праграмы, падчас якой людзі думаюць аб баўленні вольнага часу, а не пра сваю бяспеку.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"