Ці будзе пераглядацца нагрузка бібліятэкара ў залежнасці ад групы па аплаце працы?

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г


У сувязі з тым, што бібліятэкі да цяперашняга часу карысталіся “Тыпавымі штатамі цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь”, зацверджанымі Загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 08.01.1996 № 5, якія патрабуюць тэрміновай карэкціроўкі, Планам распрацоўкі нарматыўнай прававой базы галіны на 2008 год, зацверджаным міністрам культуры, у другой палове сёлетняга года плануецца перагледзець Тыпавыя штаты культурна-асветніцкіх устаноў, у тым ліку і Тыпавыя штаты цэнтральных раённых і гарадскіх бібліятэк.
Паколькі дзейнасць бібліятэк сёння непарыўна звязана з укараненнем новых інфармацыйных тэхналогій, якасна новым падыходам да абслугоўвання карыстальнікаў, развіццём усё новых відаў паслуг, то неабходна перагледзець і нагрузку на бібліятэкара ў залежнасці ад групы па аплаце працы. Таму, разумеючы сур’ёзнасць гэтага пытання, Міністэрствам культуры сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі — галоўным метадычным цэнтрам рэспублікі — вядзецца планамерная праца па разглядзе гэтага пытання.

Ганна ГАМЕЗА, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

 

 

Ці будзе пры планаванні, складанні бюджэту на 2009 год прадугледжана накіраванне сродкаў бацькоўскай аплаты за навучанне на патрэбы дзіцячых школ мастацтваў?

Дзіцячыя школы мастацтваў утрымліваюцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, у сувязі з чым планаванне і фінансаванне выдаткаў на іх утрыманне ажыццяўляецца выканаўчымі і распарадчымі органамі па месцы іх знаходжання. Да 2008 года сродкі, атрыманыя ад платы за навучанне ў дзіцячых школах мастацтваў, накіроўваліся на аднаўленне касавых расходаў па заработнай плаце. У дадзены час фінансаванне дзіцячых школ мастацтваў цалкам ажыццяўляецца за кошт мясцовых бюджэтаў.
З 2008 года з уступленнем у сілу Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце ў Рэспубліцы Беларусь на 2008 год” (артыкул 30) сродкі, што атрымліваюцца за навучанне ў дзіцячых школах мастацтваў, залічваюцца ў даход адпаведных бюджэтаў у лік кампенсацыі выдаткаў мясцовых бюджэтаў на ўтрыманне гэтых школ.

Вольга КАНАНЮК, начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

 

 

Ці захаваюцца Тыпавыя штаты ССНУ культуры і мастацтва ў тых межах, што дзейнічалі раней?

Загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 1996 г. № 206 былі зацверджаны Тыпавыя штаты сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва. Каб перагледзець дадзены дакумент, Міністэрства культуры павінна быць надзелена адпаведнымі паўнамоцтвамі. З гэтай мэтай быў падрыхтаваны праект Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
У працэсе ўзгаднення Міністэрства адукацыі патлумачыла, што ў адпаведнасці з падпунктам 4.5. пункта 4 Палажэння аб Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 2001 г. № 1554 Тыпавыя палажэнні аб установах адукацыі, штаты і нарматывы колькасці работнікаў арганізацый сістэмы адукацыі, у тым ліку сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі. Такім чынам, пакуль неабходна кіравацца штатамі, што зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі.

Анатоль МУКАЛАЎ, намеснік начальніка ўпраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь