Маларыта, Ганцавічы, Ліда...

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г


/i/content/pi/cult/576/12676/10-2.jpgМаларыта /Што табе падарыць?

Маларыцкая ЦБС не перастае здзіўляць чытачоў запамінальнымі мерапрыемствамі. Апошняе таму пацвярджэнне — выстава творчых работ “Падарункі сваімі рукамі” з серыі “Свет хобі”, якая працуе ў чытальнай зале раённай бібліятэкі.

Аўтарам прадстаўленых работ з’яўляецца Валянціна Ібрагімава, загадчык аддзела абслугоўвання Маларыцкай ЦБС.

— Я прадставіла 50 твораў — падарункаў да розных святаў: Новага года, вяселля, дня нараджэння, 8 Сакавіка, дня ўсіх закаханых — кажа Валянціна Піліпаўна. — Усе яны зроблены ўласнаруч, і дзвюх аднолькавых рэчаў няма. Падарункі розныя па аб’ёме, памерах, колеравай гаме, але гарманічна ўпісваюцца ў любы інтэр’ер ды, як мне здаецца, ствараюць адчуванне незвычайнасці і чароўнасці. Усё, што прэзентавана на выставе, зроблена ў асноўным з паперы, картона і нітак.

Дарэчы, мерапрыемствы, якія арганізуе раённая бібліятэка, афармляюцца пры непасрэдным удзеле Валянціны Ібрагімавай. Гэта тычыцца і абласных, рэспубліканскіх творчых конкурсаў, у якіх прымае ўдзел Маларыцкая ЦБС.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара


Ганцавічы / А на карціне — мора

У Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя персанальнай выставы мясцовага мастака Івана Караленкі. Дырэктар музея Наталля Кулеш распавяла пра жыццёвы і творчы шлях мастака, а сама выстава называлася “Песні прыбою” і была прысвечана марской тэматыцы.

Тэму абралі невыпадкова. У свой час аўтар работ скончыў Каспійскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча і быў накіраваны для праходжання службы на Ціхаакіянскі флот. Служыць давялося на атамным падводным ракетаносцы старатэгічнага прызначэння. Вось адсюль і любоў да марской стыхіі, якую мастак і выказаў у сваіх творах.

Былы капітан 3 ранга — пастаянны ўдзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў жывапісу. З 2010 года — член грамадскага аб’яднання аматараў мастацтва рэгіёна “Белавежская пушча” і Берасцейшчыны “Тур”. Плён яго працы навідавоку: гэта 16-я па ліку персанальная выстава Івана Караленкі.

Мікалай ЛЕНКАВЕЦ, метадыст Ганцавіцкага РМЦ


Ліда / На сцэне — барды

Эстафету мерапрыемстваў у рамках Года культуры падхапіла аматарскае аб’яднанне кампазітараў, аўтараў і выканаўцаў песень “МузАльянс” пад кіраўніцтвам Рэгіны Снітко пры Палацы культуры горада Ліды. У рамках вечара “Спявай, мая гітара” на малой сцэне Палаца культуры выступалі людзі розных прафесій, якіх аб’ядноўвае бардаўская песня.

Так, напрыклад, Ганна Камінская па прафесіі ўрач-хірург. Яе паэтычны стаж складае 27 гадоў, а вось гітару ў рукі яна ўпершыню ўзяла толькі два гады таму. Аляксандр Блахін добра вядомы лідчанам як нязменны кіраўнік гурта “Нэма”. На сцэне ён выконваў свае песні пад акампанемент скрыпкі, на якой грала Наталля Батаргіна.

Беларускамоўны бард Сяргей Чарняк вядомы далёка за межамі Ліды. Ён выконвае пад гітару песні на вершы беларускіх паэтаў. Вось і гэтым разам прысутныя праслухалі ў яго выкананні песні на вершы Францішка Багушэвіча, Рыгора Барадуліна, Аркадзя Моркаўкі, Хрысціны Лялько (апошняя, дарэчы, наша зямлячка, сёлета ёй спаўняецца 60 гадоў).

Лілія Радзевіч, работнік гандлю, пачала пісаць песні параўнальна нядаўна, але ў творчай скарбонцы аўтара іх ужо больш за трыццаць. Гэтым разам дзве яе песні выканалі салісткі Ірына Бялайц і Тэрэза Міндзюліс. Сяброўка Ліліі Радзевіч, Станіслава Белагаловая, таксама з той жа сферы. Нядаўна яна выйшла на заслужаны адпачынак і пачала пісаць вершы, а пад уплывам сяброўкі — і спевы. Першы з іх Станіслава Іванаўна прысвяціла дачцэ. А выканала твор на вечары навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Анастасія Козар.

Усе барды, з чыёй творчасцю крыху пазнаёміліся гледачы ў той вечар, атрымалі ад аб’яднання “МузАльянс” памятныя сувеніры ў знак павагі да іх творчасці.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ