Рэклама, выстава, сувенір

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Спроба пошуку схемы дзеянняў ад творчага музея
Рэгіна Лопанэ — дырэктар музея, у якім захоўваецца самая буйная ў Еўропе калекцыя твораў Мсціслава Дабужынскага — аднаго з тых, пра каго “К” неаднойчы пісала ў рубрыцы “Вяртанне імёнаў”, удзельніка творчага аб’яднання “Мир искусства”. Да “мирискусников” адносіўся і Леў Бакст, чые творы зараз прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі. Дык вось, творы Дабужынскага ў рамках выставы Бакста "паходзяць" акурат з Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно, якім кіруе спадарыня Рэгіна.

/i/content/pi/cult/576/12673/13-2.jpgЯк моладзь Літвы ставіцца да класічнага мастацтва? Чым прыцягвае гледачоў вільнюская ўстанова? Дырэктар распавяла карэспандэнту “К” пра “гульню ў прафесію”, а таксама выказала сваё меркаванне наконт буфетаў у музеях.

Музеі супернічаюць

— Мы калекцыянуем усё, што звязана з літоўскай тэатральнай гісторыяй. Праз час дадалося яшчэ і выяўленчае мастацтва, калі атрымалі вялікую спадчыну жывапісца, графіка, тэатральнага мастака Мсціслава Дабужынскага — больш за тысячу ягоных эскізаў дэкарацый. І гэта самая вялікая ў Еўропе калекцыя згаданага мастака, сабраная ў адным музеі.

Мы папаўняем калекцыю самага маладога аддзела, створанага ў 1992 годзе, датычную кіно. Наш музей мае анімацыйныя і тэатральныя студыі для дзяцей. У аддзеле музыкі знаходзяцца старадаўнія музычныя інструменты, асабістыя калекцыі кампазітараў. Акрамя кінатэхнікі, касцюмаў, эскізаў, у музеі можна ўбачыць яшчэ і раяль, зроблены прыкладна ў 1830 годзе ў Пінску, і лічыцца, што на гэтым музычным інструменце грала Марыля Верашчака, у якую быў закаханы Адам Міцкевіч.

У Літоўскім музеі тэатра, музыкі і кіно “не цесна” відам мастацтва, наадварот,  — гэта наша асаблівасць. Падобны нашаму музей па шырыні ахопу знайшлі яшчэ ў Новай Зеландыі. Лічу, галоўны наведвальнік  — будучы. Таму трэба займацца выхаваннем школьнікаў. У Літве дзяржава выдзяляе сродкі на наведванне культурных устаноў. Таму ў нашай краіне музеі супернічаюць паміж сабой, але, зразумела, у кожнага з іх свае "фішкі".

Гульня ў прафесію

— Наведвальнік змяняецца. Таму, у першую чаргу, музейшчыкам трэба зрабіць так, каб ён прыйшоў. Зацікавіць. У нашым выпадку не хапае інтрыгі… У моладзі зараз іншае ўспрыманне: ёй усё хутка надакучвае. Што цікава сучаснаму пакаленню? На жаль, не класічнае мастацтва. А зацікаўленасці няма ад таго, што маладыя не ведаюць гісторыі. Каб затрымаць гледача, даводзіцца прыдумляць перформансы, інтэрактывы, прэзентацыі экспазіцый, якія праводзім у форме гульні. Мерапрыемствы мусяць абуджаць творчую энергію ў наведвальнікаў.

У нас ёсць анімацыйнае памяшканне, дзе можна зрабіць фільм. Гэта свайго кшталту “гульня ў прафесію”, калі музейныя работнікі тлумачаць школьнікам тонкасці рэжысёрскай працы. Напрыклад, да 450-годдзя з дня нараджэня Шэкспіра для старшых класаў мы арганізавалі паказ фільмаў тэатральных рэжысёраў — Эймунтаса Някрошуса і Оскара Каршуноваса. Пасля прагляду ўрыўкаў кінастужак навучэнцы пераапраналіся ў Афелію, Гамлета і іншых персанажаў ды спрабавалі сыграць урыўкі. Навучэнцы таксама слухаюць п’есы, а пасля  — робяць касцюмы да іх пастановак, сцэнаграфію, працуюць з асвятленнем. Для малодшых школьнікаў распрацавана праграма з лялькамі: за адну гадзіну дзеці могуць сыграць дзесьці пяць казак. Усё робіцца для таго, каб яны ведалі літоўскі фальклор і літаратуру. Да ўсяго, наш музей праводзіць “жывыя” урокі па гісторыі і літаратуры, і абавязкова  — з паказам экранізацый.

На 2017-ы плануецца зладзіць выставу сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно: прывязем у Вільнюс кінаплакаты, афішы, пакажам урыўкі з фільмаў вашых рэжысёраў. А яшчэ ў наш музей планую прывезці Таніна Гуэра. Можа, тады больш людзей прыйдзе?

Па ўласным жаданні

— Многае залежыць ад таго, якую выставу прывозім. Летась адзначалася 90-годдзе літоўскага балета, і мы прывезлі работы італьянскага мастака. На іх, як калісьці ў Эдгара Дэга,  — балерыны. Рэкламу добрую зрабілі, але людзей усё роўна было няшмат. Не ведаю, чаму так. Усё ж такі трэба нам яшчэ пашукаць “разыначку” ў рэкламе ды ў назвах выставачных праектаў.

Бывае, не ведаеш, што б такое зрабіць, каб наведвальнік завітаў… Нядаўна з сям’ёй зайшла ў Нацыянальную мастацкую галерэю на выставу сучаснага мастака Шарунаса Саўкі пабачыць, колькі людзей цікавіцца выставай (На работах людзі з дэфармаванымі аголенымі целамі нагадваюць персанажаў карцін Іераніма Босха.  — В.Р.). Некаторыя задаваліся пытаннем: “А што мастак хацеў гэтым сказаць?”. Да карцін і подпісы былі, але ўсё роўна людзі шукалі нешта патаемнае…

Але найчасцей не бывае такога, каб заўсёды ў музеі знаходўзіўся натоўп наведвальнікаў. Людзі ідуць на выставы па ўласным жаданні. Урэшце, мы думаем і над тым, як стварыць атмасферу пэўнай эпохі, “ажывіць” экспанаты. Зрабіць так, каб яна “не крычала”, а толькі дала наведвальніку нагоду задумацца. Музейны работнік  — творчы чалавек. Ён стварае з артэфактаў адпаведную атмасферу экспазіцыі. Ніколі не зробіш дакладную рэканструкцыю гісторыі: кожны чалавек свет бачыць па-іншаму.

Культурны абмен

— Важкі акцэнт павінен быць на тым, каб турыст набыў сабе сувенір. Я добра стаўлюся да кавярняў, але ў нас яе няма. Мой муж падчас наведвання музеяў у ЗША назіраў такую карціну: турысты прыехалі ў музей, але перад атрыманнем эстэтычнай асалоды ад экспанатаў вырашылі зайсці ў буфет. Пасля, задаволеныя, пайшлі глядзець музейныя здабыткі. Але ва ўсім павінна захоўвацца раўнавага, каб прастора не пераўтварылася ў нейкі бізнес-цэнтр.

Памятаю, як наведала музей у беларускім Залессі  — там у кожным пакоі работнікі ў адпаведных касцюмах праводзяць экскурсію. Гэта наогул мара! Шкада, не засталося арыгіналаў, і гэта адчуваецца… Але паступова мы абменьваемся досведам не толькі з беларускімі калегамі. Разам з Галандыяй робім міжнародную адукацыйную праграму (чытаем казкі), нядаўна прывезла з Санкт-Пецярбургу ноты, паштоўкі пачатку ХХ стагоддзя. І ў гэтым працэсе абмену ўсё ж такі важная падтрымка дзяржавы.

Фота са старонкі музея ў "Фэйсбуку"

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст