Недзіцячае дзіцячае

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Яўген АЛЕЙНІК, кампазітар, прадзюсар
Мне неаднойчы даводзілася ўдзельнічаць у якасці аўтара песень ды прадзюсара ў падрыхтоўцы дзяцей з розных краін да спеўных конкурсаў.

/i/content/pi/cult/576/12668/5-3.jpgТак, у 2007 годзе наш Аляксей Жыгалковіч з песняй “З сябрамі”, якую мне давялося прадзюсіраваць, выйграў дзіцячае “Еўрабачанне” ў Галандыі. А напрыклад, у 2012 годзе я працаваў з расійскай дзяўчынкай Сашай Болдаравай, якая трапіла ў тэлеадбор сваёй краіны. У Беларусі ж мае песні ўдзельнічаюць у галасаваннях амаль штогод. І з цягам часу мне ўсё больш цікавыя такія праекты: дзеці становяцца ўсё больш прафесійнымі ды музычнымі.

Штогод дзіцячае “Еўрабачанне” для мяне і маёй каманды пачынаецца яшчэ ўзімку з тэлефанаванняў бацькоў, што просяць заняцца іх дзецьмі. Амаль заўсёды першай умовай мам ды тат з’яўляецца эксклюзіўнасць супрацоўніцтва: маўляў, я павінен працаваць толькі з іх дзіцем. Але сёлета мы вырашылі інакш: самі абярэм падлетка, які, на нашу думку, справіцца з песняй лепш за ўсіх. Для таго каманда абвясціла кастынг. Мы шукаем актыўнага, яркага хлопчыка ці дзяўчынку ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў і просім запісаць не больш як 30 секунд яго “жывога” выступу любым гаджэтам і скінуць вынік па электроннай пошце. Не абяцаю, што некага ўсё ж абярэм. Але, калі такі чалавек знойдзецца, усю падрыхтоўку да тэлеадбору правядзем для яго бясплатна — уключаючы стварэнне песні ды нумара.

Навошта нам гэта трэба, спытаецеся вы? Таму што я хачу, каб наша краіна яшчэ раз перамагла на дзіцячым “Еўрабачанні”. І першапачаткова прашу не турбавацца ахвотных проста засвяціцца ў нацыянальным адборы. Нам не цікавыя канкурсанты, якія, нібы рабатызаваныя лялькі, з году ў год перапяваюць тыя ж песні і не ведаюць адказу на пытанне “Навошта ты хочаш паехаць на “Еўрабачанне”?” Многія не могуць патлумачыць, навошта яны хочуць спяваць. Таму мы шукаем маленькіх артыстаў, з самабытным поглядам на музыку, з жаданнем падзяліцца сваёй творчасцю з іншымі ды... імкненнем выйграць міжнародны конкурс!

А яно, дзіцячае “Еўрабачанне”, па сваёй унутранай кухні нават больш скандальнае, чым дарослае. Абурэнне бацькоў падлетка, што прайграў, куды страшнейшае за абурэнне мужа спявачкі, якая “не патрапіла ў прызы”. Асабліва “лютуюць” уплывовыя заможныя людзі. Калі так здараецца, што нашчадак спыняецца за крок ад перамогі, увесь гнеў падае не толькі на арганізатараў, але і на аўтараў. Паказальным у маёй кар’еры быў выпадак, калі да мяне прыйшлі бацькі з хлебам-соллю, ручнікамі, маўляў, “добры дзень, наша апора і надзея, даручаем табе творчы лёс нашай дачкі!” І калі яна заняла ў нацыянальным адборы другое месца, вынікам сталі дзясяткі скаргаў, у тым ліку ў дзяржаўныя структуры, што “дзяўчынку пакрыўдзілі, а яна найгодная з усіх”. Дарэчы, мала хто з дзяцей з’яўляецца ініцыятарам удзелу ў конкурсах. У большасці сваёй — гэта нерэалізаваныя амбіцыі бацькоў. І гонар ды хвала тым з іх, хто, як тата таго ж Жыгалковіча, мала таго, што засланіў сына ад празмернай увагі СМІ ў момант яго трыумфу, дык і пазней яны разам прааналізавалі, чаго ж насамрэч хоча Лёша. Зараз ён вучыцца кінарэжысуры і ніяк не звязаны з эстрадай.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"