Парафразы і баланс

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Максім ПЯТРУЛЬ, скульптар
Я вырас у мінскім мікрараёне Грушаўка. Таму той факт, што я працаваў над станцыяй метро з такой самай назвай, абсалютна арганічны для мяне.

/i/content/pi/cult/575/12662/5-1.jpgЯшчэ падчас вучобы ў мастацкім вучылішчы давялося распрацоўваць тэму міфічнага дрэва шчасця ці дрэва дзяцінства, а для мяне паняцці шчасця і дзяцінства тоесныя. Бо дзяцінства — і ёсць Грушаўка. Я паспрабаваў зліцца са сваімі тагачаснымі перажываннямі праз нейкія творчыя навыкі, і атрымаўся вось такі мой шчыры твор, які інтэграваны ў інтэр’ер станцыі метро. Сёння апошнія — гэта свайго роду Тэйт Мадэрн галерэя ў Лондане, самыя наведвальныя месцы. Там бывае больш людзей, чым на футбольным матчы. Таму, на мой погляд, гэта ўдалая альтэрнатыва традыцыйным культурным інстытуцыям.

А вось каб зрабіць творы, якія інтэграваны ў інтэр’ер станцыі метро “Малінаўка”, мне патрэбна была гісторыя. І я прыдумаў такую па чатырох станцыях: “Міхалова”, “Пятроўшчына”, “Малінаўка” і “Грушаўка”. Вёскі растварыліся ў горадзе, а памяць пра іх захоўваецца ў вобразах падземных “перонаў”. Я задумаў зрабіць парафраз рэчамі, якія нагадвалі б пра ўласцівыя тым вёсачкам адметнасці. Выкарыстаў знакі візуальнай культуры і камунікацыі, даступныя любому савецкаму грамадзяніну, які перасяліўся з вёскі ў горад. Скажам, парафраз на шпалеры стварыў з дапамогай шаўкаграфіі, а тын — гэта плот, які прысутнічаў у тым ці іншым выглядзе ў сельскай мясцовасці. Гэты вобраз прысутнічае ў афармленні надпіса “Малінаўка”. Урэшце, птушачкі дораць радасць людзям. Гэта цацкі і майго дзяцінства, якія заводзіліся ключом. Наўпростая асацыяцыя з самай папулярнай забаўкай савецкіх дзяцей.

Ведаеце, матэрыял дыктуе тэму, і тэма, у сваю чаргу, дыктуе матэрыял. Я люблю кантраст апошніх, мне падабаецца выкарыстоўваць халоднае з чымсьці цёплым, гладкае — з друзлым. І ва ўсіх маіх творах гэты кантраст прысутнічае. Лічу, што гэта якраз тая самая амбівалентнасць, якая дае гарманічнасць пры дачыненні аднаго да іншага ў ліках шэрагу Фібаначы. Мая творчасць пабудаваная на гэтай дыхатаміі. Я лічу, што чалавечы розум так упарадкаваны, што ўсё дзеліць на дзве часткі. І, падзеленае напалам, усё пры гэтым застаецца непадзельным. Але розум усё адно дзеліць і патрабуе гэтага дзялення. Як зліцца ў нешта цэлае? Пра гэта мая праца, якая называецца “Контрбаланс”: я спрабую знайсці раўнавагу гэтых супярэчнасцяў унутры мастацтва і ўнутры самога жыцця. Гэтая скульптура знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, як паркавая скульптура — у Кітаі, а трэці “Контрбаланс” я прадставіў на нядаўняй сваёй выставе “Untitled” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Дарэчы, пра назву. Я лічу, што XX стагоддзе — гэта гісторыя ў брэндах. Яны мелі і пакуль маюць вялікае значэнне. Але хутка, мяркую, мы выйдзем на новае разуменне свету, дзе брэнды будуць не патрэбныя. У новым часе назвы брэндаў стануць заклейваць. Проста мастак заўсёды апярэджвае час, таму што сутыкаецца з нейкай універсальнай энергіяй. Так што мы знаходзімся напярэдадні новага часу!

Занатавала Вольга ГОМАНАВА