Паясамі тчэцца вечнасць

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

На памяць адразу прыходзяць радкі з выдатнага верша “Слуцкія ткачыхі” Максіма Багдановіча, калі гаворка заходзіць пра легендарныя слуцкія паясы.

У пачатку мінулага стагоддзя слава аб майстэрстве ткачых са Слуцка разнеслася па ўсім свеце. Цяперашняя моладзь, у большасці, не валодае гэтым старажытным відам народнага промыслу. Але сёння на Бераставіччыне з’явіліся ўжо першыя ластаўкі — людзі, якія натхнёна імкнуцца перадаць маладому пакаленню мастацтва слуцкіх майстрых.
Мар’яна Уладзіміраўна Кажанеўская і Алена Адольфаўна Барцэвіч жывуць у вёсцы Плябанаўцы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Дарэчы, першая з іх — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Жанчыны ў сталым узросце, з багатым жыццёвым досведам. А колькі ж у іх вачах жывых іскрынак! Колькі цяпла душы яны ўкладваюць у свае творы — шыкоўныя дываны, што стракатымі фарбамі нібы пераносяць нас у даўніну, у вечнасць. А якія ў іх атрымліваюцца паясы, ручнікі!
Працуюць жанчыны пры Бераставіцкім доме рамёстваў. Гурткі для дзяцей працуюць па хатах плябанаўцаў. Вучні— у захапленні, ім вельмі цікава самім ствараць такія прыгожыя рэчы. І хто ведае, мо праз пэўны час бераставіцкія паясы стануць не горшымі за слуцкія, а натхнёныя паэты будуць пісаць пра іх вершы.

 

Іван РУТКОЎСКІ
г.п. Вялікая Бераставіца