Фарбы Кітана для Янкі Купалы

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

“Класікаў раз на дваццаць гадоў варта пераздымаць”
Мастак і літаратар Адам ГЛОБУС амаль год дзяліўся ў сацыяльных сетках сваімі ілюстрацыямі да п’есы Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Творца распавёў “К”, чаму вырашыў звярнуцца да знакамітага твора, прычым — у нязвыклай для інтэрпрэтацый Купалы стылістыцы.

/i/content/pi/cult/576/12653/14-1.jpg“Гэта не замова, а наканаванне”

— Ёсць рэчы, якімі наканавана займацца. Знаёмства з п’есай Янкі Купалы “Тутэйшыя” пачалося для мяне ў самвыдаце на пачатку 1980-х: перадавалі твор з рук у рукі, захапляліся ім. Калі ж задумаліся, як назвацца таварыству маладых літаратараў пры саюзе пісьменнікаў, нехта сказаў: “Тутэйшымі”. Маўляў, гэта і шырока, і няпафасна.

А неяк выпадкова сустрэўся ў метро з пісьменнікам Віктарам Казько, які спытаў, чаму я не займаюся кіно.

— Віктар Апанасавіч, дык ніхто не запрашае! — адказваю я.

— Тады я цябе запрашаю. Ёсць якая-небудзь ідэя? Пакуль мы даедзем ад Акадэміі навук да кінастудыі, зможаш прыдумаць?

— Я гатовы! У мяне ёсць мара: зняць “Тутэйшых”.

— Вось і выдатна! Прызначым табе рэжысёра. Зараз напішаш заяўку.

І “Тутэйшых” сапраўды знялі! Як лічу, на “троечку”. Тады я “не дадушыў” рэжысёра, мастака — карацей, ставала памылак. Ды ў стужцы ёсць і ўдалыя ролі. Скажам, я ў захапленні ад таго, як Сямён Фарада сыграў Спічыні! А зараз, калі фільму пераваліла за 20 гадоў, звяртаеш увагу і на стары Мінск у кадры…

Каб не анекдот, а…

— Не так даўно я задумаўся пра патрэбу ў рэмейку таго фільма. Перачытаў адпачатковы сцэнарый, натхніўся выданнем перакладу п’есы на французскую мову (яго зрабіла Вяргінія Шыманец)… На мой сённяшні розум, усе экранізацыі твора Купалы рабіліся не зусім слушна. У гэтых стужках п’еса прачытваецца як гумарыстычнае апавяданне Зошчанкі, анекдот, а ў Купалы ўсё ж больш ад Маякоўскага — так, з буфанадай, але і з рэвалюцыйнай манументальнай стылістыкай. Калі знойдзецца спонсар, рэжысёр (абавязкова роднасная душа, які прачытае твор не так, як папярэднікі: пад яго бачанне я гатовы адаптаваць сцэнарый), то рэмейк бачу ў стылі фільма “Інтэрвенцыя” з Уладзімірам Высоцкім. А сябе ў гэтым праекце я ўяўляю не мастаком, не сцэнарыстам і нават не прадзюсарам. Хутчэй тым, хто павінен натхняць, пераконваць усе патэнцыйна зацікаўленыя бакі, што гэта патрэбна і актуальна. Тым больш, досвед аднаго фільма адносна таго, як пачаць рабіць кіно і давесці яго да экрана, у мяне ёсць.

Год на “Тутэйшых”

— Пад пэўную тэму імкнуся вылучаць сабе год, і мінулы займаўся якраз “Тутэйшымі”. Проста так. Захацелася актуалізаваць Купалу (без кан’юнктуры!), па-новаму ўбачыць п’есу. Ну і прыемна ж сядзець у майстэрні, фантазіраваць, што ты не проста малюеш аркушык (іх ужо пад сотню), а з яго можа вырасці кіно! Няблага і тое, калі атрымаюцца толькі ілюстрацыі да кніжкі ці нават танюткі комікс (балазе, кіно і ёсць комікс, а ўсе гэтыя галівудскія бэтманы — акурат адтуль).

Колеры Кітана

— Колішні спектакль на сцэне Купалаўскага тэатра асацыюецца з чорна-белай гамай, а фільмы паводле п’есы вытрыманы ў сепіі ды пастэльных танах. На малюнках мне хацелася кампенсаваць нястачу асветленасці, што ўласціва Мінску цягам года, за кошт яркасці касцюмаў і дэкарацый. А на кідкую колеравую гаму мяне натхніў японскі рэжысёр Такешы Кітана, які адзін з самых лірычных сваіх фільмаў зняў у аранжава-сініх фарбах. Мне падалося, што такое спалучэнне слушнае, а да ўсяго — вельмі кінематаграфічнае, і ў нас яго ніхто, падаецца, не выкарыстоўваў.

Як у тэатры?

— Гэты фільм мне хутчэй бачыцца сфатаграфаваным спектаклем. Коміксавым, вельмі гратэскным. Каб запамінальна было! А з усіх герояў купалаўскай п’есы найбольш люблю, вядома, Мікіту Зносака. І вельмі шкадую, што Віктар Манаеў не сыграў пасля спектакля і ў кіно. Рэжысёр першай экранізацыі Валерый Панамароў палічыў, што ён занадта тэатральны артыст, для кіно — празмерна гратэскны. А мне ў той карціне якраз і не хапіла гратэску, весялосці, своеасаблівай вуглаватасці, манаеўскай тэатральнасці. Прынамсі, новы фільм я рабіў бы з улікам гэткай камедыйнасці, дынамікі. Адпаведна таму, колькі гэтых “спецый” унясем, столькі і атрымаем эфекту на экране.

Мінск у ролі камеа

— Трактоўка Мінска на ілюстрацыях сапраўды атрымалася нестандартная: з яркімі колерамі і відавочнай геаметрыяй. Хоць зазвычай сталіца мне бачыцца горадам шэра-блакітным, праўда, з нейкімі яркімі, запамінальнымі ўкрапваннямі. Але для экрана я гэтую гаму ўсё ж падфарбаваў бы. Прычым не бачу праблемы ў тым, што не ўсё захавалася з апісанага Купалам горада. Наш сённяшні Мінск павінен сыграць ролю таго самага: “запросім” сталіцу, дзе шмат чаго адноўлена (у адрозненне ад здымак у 1990-х), сыграць камеа — сябе “ў маладосці”. А сучаснасць я прапанаваў бы ўвесці праз касцюмы.

Урэшце, “Тутэйшыя” — гэта не абавязкова выключна мінская гісторыя, яна можа стацца касмаганічнай. Многія краіны ведалі ўсходніх і заходніх вучоных, правых і левых, тупаканечнікаў і востраканечнікаў, як у Свіфта. Скажам, такое здарэнне магло адбыцца і ў Барселоне. Чаму б і не?

Шматкроць

— Можа, атрымаецца міні-серыял. Але хацелася б, каб увайшла ў яго ўся п’еса. Адпаведна, малабюджэтнай такая стужка наўрад ці стане. Ужо з той прычыны, каб атрымаўся сапраўдны рэмейк: выданне другое, выпраўленае і дапоўненае. Урэшце, ёсць творы, якія шмат разоў экранізаваліся, скажам, “Гамлет”. І Купала — якраз той варыянт, калі чарговая экранізацыя не зашкодзіць і будзе актуальнай. Мне здаецца, раз на дваццаць гадоў варта здымаць Купалу па-новаму: нарасло новае пакаленне гледачоў, прыйшлі новыя рэжысёры…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах
Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар