Як уключыць “шэрыя клетачкі”?

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

Прызнаюся, у мяне шмат сяброў з ліку работнікаў культуры ў сацыяльных сетках. Што, вядома, вельмі зручна для журналісцкай працы: можна звярнуцца ды атрымаць кансультацыю ці каментарый ад любога спецыяліста хоць з Мінска і Віцебска, хоць з Мазыра і Браслава. Але даволі часта падобная перапіска можа стацца і нагодай для артыкула…

/i/content/pi/cult/576/12651/4-22.jpgДык вось, зусім нядаўна з аднаго раёна Гомельскай вобласці жанчына-бібіятэкар даслала мне свой разліковы лісток. Яна, спецыяліст другой катэгорыі са стажам працы ў 26 гадоў, напрыканцы мінулага года ў аванс атрымала 1 мільён рублёў, і яшчэ 1 мільён 700 тысяч — у заробак… Вось такія лічбы, якія, верагодна, не змяніліся і ў гэтым месяцы. Кажу “верагодна”, бо гэтая бібліятэкарка на сваёй пасадзе ўжо не працуе — сышла на пенсію. І, як распавяла яна мне ў сваім даволі вялікім лісце, галоўнай прычынай звальнення была менавіта нізкая аплата працы, а таксама няўвага да гэтай праблемы кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама…

Да слова, прыведзеныя ў гэтым цэтліку лічбы не надта адрозніваюцца ад апошніх даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Так, у студзені бягучага года тыя, хто быў заняты ў бібліятэчнай, архіўнай, музейнай і іншай дзейнасці ў сферы культуры, атрымалі, у сярэднім, 3 мільёны 890 тысяч рублёў налічэннем. Цікава, што да апошняга часу самыя нізкія заробкі ў Беларусі вылучалі ў сацыяльных работнікаў. Але са студзеня бягучага года сітуацыя змянілася. Для параўнання прывяду сярэдні заробак тых, хто ў студзені быў задзейнічаны ў сферы інфармацыйных тэхналогій і інфармацыйнага абслугоўвання: 35 мільёнаў 457 тысяч рублёў.

Мэтай абвешчанай у краіне яшчэ некалькі гадоў таму аптымізацыі ў сферы культуры было, як вядома, і павышэнне заробкаў у сферы. Гэтага, на жаль, пакуль не адбылося. А ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы ў сферы культуры ў 2015 годзе, як было заяўлена на выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у параўнанні з сярэднім заробкам па краіне склаў толькі 61,1%. Прыкладна такія лічбы агучваліся падчас выніковых калегій і ў мінулыя гады.

Названая праблема, на мой погляд, — адна з галоўных. Бо без належнага заробку чакаць прыходу ў сферу культуры маладых таленавітых кадраў сёння не варта. Як і не трэба спадзявацца на тое, што дзясяткі і сотні новых культурных ініцыятыў і праектаў у Год культуры будуць рэалізаваны і “раскручаны” ў вёсках і гарадах Беларусі. Бо без стымулу ў выглядзе годнай аплаты працы хто ж стане працаваць самааддана і творча?

Натуральна, у Міністэрстве культуры пра нізкія заробкі ведаюць і прымаюць усе магчымыя захады, каб вырашыць гэтую праблему. Так, падчас выніковай калегіі сярод задач на 2016 год прагучала і неабходнасць “прапрацоўкі пытання аб павышэнні заработнай платы работнікаў культуры з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй шляхам унясення дапаўненняў у пастанову Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 2000 года № 6 “Аб удасканаленні ўмоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыроўнены па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый”. Натуральна, сённяшняя складаная эканамічная сітуацыя не дазваляе казаць пра хуткае вырашэнне агучанай праблемы.

Таму яшчэ раз паўтару тое, пра што казаў ужо неаднаразова: сёння разлічваць на бюджэтны “рубель” асабліва не варта. Трэба шукаць спонсараў і мецэнатаў, распрацоўваць праекты ў сферы дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, падаваць заяўкі на замежныя гранты і субсідыі… Адным словам, ісці туды, дзе яшчэ ніхто не хадзіў. Але для гэтага, натуральна, спачатку трэба мець, чым зацікаўліваць грантадаўцу, спонсара ці мецэната… Таму культработнікі сёння проста вымушаны, кажучы словамі Эркюля Пуаро, “уключаць шэрыя клетачкі”, арганізоўваць “мазгавыя штурмы” ў сваіх установах культуры, пастаянна зазіраць на самыя розныя сайты і дасылаць туды свае заяўкі і прапановы па супрацоўніцтве… Даказваючы такім чынам сваю запатрабаванасць у раёне, вобласці, краіне, сярод жыхароў вёскі ці горада, маленькага мястэчка ці сталіцы…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"