“Пакаленне…”: працяг будзе

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна гатовая да супрацоўніцтва з кожным, хто звяртаецца са слушнай ідэяй. Бібліятэка стала сапраўды сучасным інфармацыйным цэнтрам, пляцоўкай для правядзення крэатыўных акцый і праектаў. Урэшце, кніжніца — гэта не толькі новыя тэхналогіі, але і мноства таленавітых людзей, гатовых да навацый.

/i/content/pi/cult/575/12647/7-3.jpg

Падчас форуму валанцёраў.

Мы пісалі ўжо на старонках "К", што ў 2015 годзе бібліятэка распачала маладзёжны бібліятэчны праект “Пакаленне МЫ”. Падводзячы вынікі года, падлічылі, што ў нашы акцыі былі ўцягнуты больш за тры з паловай тысячы маладых людзей. Найбольш значным аказалася тое, што бібліятэка можа здзяйсняць шмат добрых спраў. Прычым валанцёрская дзейнасць заняла ў праекце значнае месца. У рамках аднаго з блокаў —“Час дзейнічаць!” — адбыліся цікавыя акцыі.

Удзельнікі адной з іх, “Для нас усе свае”, арганізавалі супрацоўніцтва з Абласной дзіцячай клінічнай бальніцай ды Абласным цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Маладыя людзі прыходзяць да дзяцей-інвалідаў, сірот, каб разам пагуляць, пачытаць кнігу, стварыць нешта ўласнымі рукамі. Перыядычнасць наведванняў — 2 разы на месяц.

Напярэдадні Вялікадня ў фае абласной бібліятэкі праходзіў збор велікодных шакаладных яек для дзяцей, пазбаўленых бацькоўскага цяпла. У ходзе акцыі “Падары радасць дзіцяці” студэнты сабралі 175 шакаладных сюрпрызаў. Акцёры створанага пры бібліятэцы народнага тэатра “Гракі” падрыхтавалі велікодную п’есу, вырабілі дэкарацыі і касцюмы. Адбыліся выезды ва Улукаўскую дапаможную школу-інтэрнат і Гомельскі дзіцячы дом.

“Трэці ўзрост” — камп’ютарныя курсы для пажылых людзей. Моладзь, валанцёры праекта, сярод якіх ёсць супрацоўнікі бібліятэкі, арганізавалі і правялі на базе інтэрнэт-цэнтра бібліятэкі камп’ютарныя курсы для людзей сталага ўзросту.

З улікам усё большай патрэбы працы з маладой катэгорыяй чытачоў было вырашана працягнуць рэалізацыю праекта “Пакаленне МЫ” ў 2016 годзе. Што чакае нашых наведвальнікаў? “Ад Дня дабра да Дня шчасця” — гэта назва форуму валанцёраў, які адбыўся 17 лютага ў аддзеле перыядычных выданняў бібліятэкі. Мы казалі пра тое, што для нас саміх стала новым, цікавым. Тое, што закранула нас і як прафесіяналаў, і як неабыякавых людзей. Падзея сабрала 14 прадстаўнікоў дабрачынных арганізацый, валанцёрскіх атрадаў. У нас у гасцях былі прадстаўнікі Чырвонага крыжа, БРСМ, Гомельскай епархіі, ВНУ абласнога цэнтра. Сярод нашых сяброў — супрацоўнікі тэлебачання і мясцовага друку.

Мы падзяліліся вопытам, распавялі пра свае поспехі і праблемы. Назва форуму выбрана невыпадкова. Правялі яго ў Сусветны дзень дабра. Менавіта ў гэты дзень далі старт дабрачыннай акцыі па зборы канцылярскіх тавараў, цацак для выхаванцаў Гомельскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Наша акцыя будзе доўжыцца да 20 сакавіка, калі адзначаецца Сусветны дзень шчасця.

Настасся КАРАТКЕВІЧ, загадчык аддзела перыядычных выданняў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна