Трылер з буктрэйлера

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Сёння для таго, каб зняць свой буктрэйлер, дастаткова прачытаць літаратурны (і не толькі) твор і скарыстацца відэакамерай, якая маецца ці не ў кожным мабільным тэлефоне.

/i/content/pi/cult/575/12645/7-1.jpgТаму ў многіх краінах штогод праходзяць тэматычныя фестывалі. Укладанні ў такі від кінамастацтва — мінімальныя, а вось эфект бывае сапраўды ўражвальным. У гэтым давялося пераканацца падчас беларускага фестывалю мабільнага кіно “SmartFilm”, што ўжо пяты год ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры кампаніяй “Velcom”. Менавіта буктрэйлерам у Год культуры быў прысвечаны гэты кінафорум.

Для пачатку некалькі фактаў. Самымі малодшымі ўдзельнікамі фестывалю сталі вучні 10 класа адной з мінскіх гімназій, якія знялі буктрэйлер да трылогіі Рэйчал Уорд “Лічбы”. А найстарэйшы канкурсант — дзед Фёдар: 80-гадовы аўтар і выканаўца ролі дзеда Талаша ў буктрэйлеры да твора Якуба Коласа “Дрыгва”. Некаторыя відэа прапаноўваліся аўтарамі твораў або пры іх непасрэдным удзеле. Вядома, размова ў гэтым выпадку ідзе пра маладых айчынных пісьменнікаў. Усяго ж на сёлетні конкурс было пададзена 94 ролікі, траціна якіх прысвячалася айчынным творам. Большасць буктрэйлераў агучылі па-беларуску. Урэшце, для работ на роднай мове была створана і асобная намінацыя. Адпаведна, шанц на ўзнагароду ў такой стужкі значна павялічваўся.

Самым папулярным беларускім пісьменнікам, па чыёй творчасці прапаноўвалі буктрэйлеры, стаў Уладзімір Караткевіч. Ды і ў агульным спісе яго абышлі толькі Рэй Брэдберы і Джордж Оруэл. Вось толькі відэарэклама твораў Караткевіча не надта ўразіла журы. Лепшы буктрэйлер паводле твора беларускай літаратуры — стужка Дзяніса Кудраўцава “Сіні карабель у блакітным моры плыве”; пераможца ў намінацыі “Лепшы буктрэйлер на беларускай мове” — Андрэй Куцко з ролікам паводле казкі “Заклятыя скарбы”. Працы Максіма Максімава “Сем Камянёў” і Мікалая Асадчага “Неба сэканд-хэнд” сталі лепшымі альтэрнатыўным і анімацыйным буктрэйлерамі.

Што да жанравай разнастайнасці, то перавагу надалі драмам, хорарам і трылерам. Нават прыгоды Віні Пуха былі прадстаўлены адным з пераможцаў конкурсу якраз у апошнім, зусім не дзіцячым жанры! А вось якасных камедый пабачыць на фэсце так і не ўдалося. Ігнараванне такога жанру сведчыць, мяркую, не столькі пра праблемы з гумарам, колькі з акцёрскім майстэрствам. Урэшце, большасць стваральнікаў буктрэйлераў  — аматары, і такі падыход зразумелы.

І ўсё ж галоўны пасыл форуму — папулярызацыя літаратуры і дапамога сучасным аўтарам павялічыць продаж выданняў. Адзін з прыкладаў: нямецкія выдаўцы твораў Віктара Марціновіча пажадалі выкарыстаць фестывальны буктрэйлер на раман “Мова” ў рэкламе кнігі ў Германіі.

З гэтай нагоды з’явілася і такая думка: чаму б не дэманстраваць фестывальныя і не толькі буктрэйлеры, прысвечаныя беларускай літаратуры, скажам, у рэгіёнах перад правядзеннем масавых мерапрыемстваў? Ці гэта не ўзор сацыяльнай рэкламы айчыннай культуры? Іншае пытанне, што да стварэння буктрэйлераў трэба актыўна прыцягваць і адмыслоўцаў з тых самых рэгіёнаў, каб рух набыў характар узаемазацікаўленасці. Статыстыка фэсту засведчыла: пераважная большасць прац даслана з Мінска, некалькі — з Гомеля ды Гродна і зусім мала — з раённых цэнтраў, сярод якіх Масты, Шаркаўшчына, Горкі, Рагачоў... У спісе шчыра здзівіла адсутнасць удзельнікаў з Барысаўшчыны. А дакладней з вёскі Вялікая Ухалода, бібліятэка якой якраз і праславілася колькі год таму сваімі буктрэйлерамі. Магчыма, проста інфармацыя пра фестываль не дайшла да патэнцыйных удзельнікаў. А таму ў будучым арганізатарам было б не лішнім надаваць рэкламе форуму больш увагі менавіта сярод работнікаў культуры з рэгіёнаў.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"