Маэстра і яго сад у квецені

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Сённяшняя публікацыя яшчэ раз адгорне старонкі запісаў Ігара Паліводы, 20 гадоў з дня сыходу з жыцця якога споўніцца 28 лютага. Пададзеныя са скарачэннямі нататкі апавядаюць пра перажыванні вострага, як і заўжды, у сваіх выказваннях Ігара Ігаравіча з нагоды адзінага ягонага творчага вечара напрыканцы 1995 года.

/i/content/pi/cult/575/12639/14-1.jpg(Заканчэнне серыі артыкулаў. Пачатак у №№ 18, 20, 23, 25, 28, 30, 36, 44 за 2015 год.)

1995 год

"Сб.16.12

Як ні дзіўна, цудоўнае мерапрыемства ў канцэртнай зале філармоніі пад назвай “Аўтарскі вечар кампазітара Ігара Паліводы” ўсё ж такі адбылося. Тое здарылася ў панядзелак 11 снежня.

Падрыхтоўка ішла, як прынята, […] нервова. Прыкладна за месяц да дзейства па просьбе кіраўніцтва мной быў прадстаўлены прыблізны пералік песень да канцэрту. Ён уключаў у сябе 32 найменні (спіс якіх дадзены ў прыкладзеным буклеце). Стараўся адабраць лепшае і ў той жа час не пакрыўдзіць нікога з паэтаў-сааўтараў. Трэба было падумаць і пра сённяшні кантынгент аркестравых сінгераў, якія складаюцца, у асноўным, з маладняка* (*Старыя “эвакуіраваліся”: У.Кудрын жыве ў Аўстраліі, М.Скорыкаў — у Германіі, Ю.Скараход — у Швецыі) і падроста. Кантынгентам меркавалася замяніць ранейшых выканаўцаў маіх “нятленак”** (**Пры гэтым хацелася не столькі хвастануть колішнімі здзяйсненнямі (Багдановіч, Купала, Куляшоў), колькі паказаць тое, што не гучыць па радыё — тое, чым займаюся цяпер). Маэстра быў строгі. Прыдзірліва вывучыўшы пералік, ён […] унёс першыя карэктывы:

— Ты ведаеш, стары, як я цябе люблю-паважаю, і скажу табе, як роднаму: у мяне каласальны вопыт па гэтых аўтарскіх вечарах, я іх правёў больш за дзвесце і дакладна ведаю, што трэба рабіць, каб былі апладысменты, павер мне. Ты хочаш, каб былі апладысменты?

[…] Я зразумеў гэта як ласкавае "бяру ўсё на сябе". Не маючы "каласальнага вопыту […]", з удзячнасцю даверыўся масцітаму […] арганізатару […]. Праз некалькі хвілін […] песні ў большасці сваёй былі замененыя іншымі, ужо знаёмымі хатнім гаспадыням […]. Усялякія мае спробы ўставіць хоць малое, але сваё слоўца ў гэты хвалюючы працэс натыкаліся на:

— Стары, ты мяне паважаеш? Ты згодны, што ў мяне каласальны вопыт? Ты хочаш, каб былі апладысменты? Дык даверся мне! […]

“Напэўна, ён мае рацыю, — думалася міжволі. — У яго ўсё ж такі каласальны вопыт...”

Не стану ўнурвацца ў дэталі. Тым больш, на гэтым тады і развіталіся.

[…]

Тыдзень хадзіў займаўся з маладняком — пад фартэпіяна. Кожную песню развучвалі скрупулёзна. Але на наступнай рэпетыцыі маладняк выглядаў яшчэ горш, чым на папярэдняй. Я зразумеў, што мае заняткі прыносяць шкоду, і пасля “генеральнай здачы” […]

На трэці ці чацвёрты дзень рэпетыцый аркестравых завітаў туды. Там усё ішло па гадамі напрацаваным раскладзе: з 9.45 да 12.45 з перакурамі напрыканцы кожнай гадзіны. […] Час ад часу Маэстра выстройваў сінгерскі маладняк разам з вакальнай групай у роўную шарэнгу (пяткі разам, наскі ўбок) і прамаўляў страсную бацькоўскую гаворку. “Вы паступілі на працу ў лепшы аркестр Еўропы” […] “Вы павінны працаваць па 25 гадзін у суткі”. […] — ну і гэтак далей […].

[…]

У апошнюю рэпетыцыйную гадзіну, аднак, уся неўтаймаваная энергія […] абрынулася на мае партытуры. Без ведама (не кажучы ўжо пра згоду) аўтара, які прысутнічаў тут жа, змяняліся тэмпы, нюансы, рабіліся купюры, якія не паддаваліся ніякай логіцы, мяняліся месцамі вялікія і малыя кавалкі; адным ударам тупога тлустага алоўка, нагадваючага калун, з партытур прыбіраліся асобныя інструменты і цэлыя аркестравыя групы; струнныя, блытаючыся ў рысках, кідаліся з адной актавы ў іншую... […]

Нейкі час аўтар назіраў за экзекуцыяй індыферэнтна, нават не без вядомай долі гумару. Потым гумар змяніўся дапытлівай насцярожанасцю, затым здзіўленнем і, нарэшце, раздражненнем, абурэннем, ліхаманкавымі парывамі перашкодзіць, […] спыніць. […] Кампазітар устаў і ўзвысіў тон.

Не памятаю дакладна, што ён там нёс. Памятаю толькі, што амаль не мацярыўся і не лез з […] кулакамі і крэсламі наперавес. Памятаю толькі, што скончыў фразай: “Такі канцэрт мне не патрэбны, можаце яго з поспехам адмяняць!” Пасля чаго апрануўся і хуткім крокам накіраваўся ў піўнуху, што насупраць.

На наступны дзень даведаўся ў добрых людзей па тэлефоне, што цуда-рэпетыцыі працягваюцца, канцэрт не адменены, і ў суботу 9 снежня — “генеральны прагон”.

На “прагон” ісці вельмі не хацелася. Але простая цікаўнасць перамагла. Што засталося ад партытур пасля […] “праўкі”? Ці засталося што-небудзь наогул? Ці здолею я прызнаць тыя абрыўкі, што засталіся, за нешта сваё? Чым сябе адчувае шарэнга сінгераў, якая ўшчэнт разгубілася?

[…]

На “генеральным прагоне”, седзячы побач з гукарэжысёрамі, не прамовіў ні гуку. […] Парадак песень [...] уражваў усё глыбей па меры прасоўвання “генеральнага прагону” наперад. Названы гучным словам “драматургія”, парадак гэты зыходзіў не з уласна зонгаў, але ад імёнаў-прозвішчаў іх выканаўцаў. “Драматургія” была па-вайсковаму жорсткай: маладыя (“салабоны”) — наперадзе, вопытныя (“старыя” — у сярэдзіне, зоркі (“дзяды”) — напрыканцы. Тэматыка і характар песень не мелі для гэтай драматургіі ніякага значэння. [...]

Каля трох гадзін без перапынку (а я так прасіў, каб быў перапынак!) працягвалася гэта […] дзейства. І вось, нарэшце, поўнае святло. Увесь асабісты склад салістаў на сцэне. Перакрыкваючы адзін аднаго, салісты вядуць “Талаку”. Апафеоз. […] На сцэну выклікаецца аўтар, які выходзіць, з цяжкасцю перастаўляючы зацёклыя канечнасці, і агучвае ў мікрафон нейкія дзяжурныя словы падзякі ўсім і ўся. Апладысменты. […] Кветкі. Шмат прыгожых кветак. [...] На вазку выкатваюць вялікіх памераў торт. Народны паэт Рыгор Іванавіч Барадулін з выразнасцю чытае доўгую оду галоўнаму беларускаму Маэстра, і ўвесь натоўп вывальвае ў кулісны паўзмрок.

Прасунуўшыся скрозь купку віншавальнікаў і надаўшы належную ўвагу толькі праф. Д.Б.Смольскаму з жонкай, некалькім радыйшчыкам-тэлевізійшчыкам з камерамі і мікрафонамі, аўтар галопам нясецца да буфета. Бо разумее: абяцанага (і абавязковага ў такіх выпадках!) фуршэт-рауту не будзе. Скончаны, як той казаў, баль, патухлі свечкі.

Назаўтра, пахмяліўшыся, адразу пасля дзевяці набіраю Маэстра. У цёплых і, як мне здаецца, вытанчаных фразах дзякую за ўсё, што ён для мяне зрабіў за 6 гадоў сумеснага жыцця. Заканчваю, аднак, нечаканай […] мадуляцыяй: […] "Заяву перадам на днях”. [...]

З гэтым жа заканчваецца такі багаты на падзеі, мітуслівы і няроўны 1995-ы ад Нараджэння Хрыстова год."

Падрыхтоўка і публікацыя запісаў Вольгі ПАЛІВОДА