"Мядзведзь" у Санцьяга

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Як Лацінская Амерыка спявала і танчыла пад нашу “Троіцу”
“Хто ўсе гэтыя людзі?” — магчыма, менавіта так думаў лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук, кідаючы погляд на ўдзельнікаў фестывалю сусветнай музыкі, мастацтва і танца “WOMAD” на поўначы чылійскай сталіцы Санцьяга.

/i/content/pi/cult/575/12632/13-2.jpg

"Троіца" выступае ў Санцьяга. / Фота са старонкі гурта ў Facebook

Так далёка (у геаграфічным сэнсе) творчасць закiдвала нашых землякоў хіба аднойчы. У пачатку 2000-х Іван Кірчук рэкламаваў і папулярызаваў беларускую музыку на кірмашы сусветнай музыкі “VOMEX” у Ратэрдаме. Праўда, на сумесным з афрыканскімі таварышамі стэндзе. Малазійцы, якія праходзiлi побач, мабыць, уражаныя перадачай “Антрапалогія” з удзелам “Троіцы”, што транслявалася ў якасці прома на экране тэлевізара, прапанавалі вядомаму нашаму барадачу рушыць з калегамі на фэст “Rain Forest”. На востраве Барнэа ў 2002-м артысты і адыгралі беларускае этна як след! Лёгкі флёр ужо і да гэтага хваляваў розумы і душы еўрапейскага слухача, які з цікавасцю ўслухоўваўся ў гэтыя спевы. А пасля Калімантана, верагодна, у ансамбля здарыўся сапраўдны міжнародны прарыў. Так што чарговае запрашэнне для “Троіцы” неспадзеўкай не стала. Тым больш яна павінна была сыграць і праспяваць на “WOMAD” у Вялікабрытаніі летась, але з нятворчых меркаванняў ад выступу давялося адмовіцца. Урэшце, адзін “WOMAD” у біяграфіі каманды ўжо быў: фестываль 2013 года ў расійскім Пяцігорску.

Але вы ўжо, напэўна, зачакаліся чылійскіх падрабязнасцей. Такім чынам, 32 градусы спёкі, шум-гам, намёты з экзатычнымі рэчамі ды смакоццямі, урокі музычнага сакрамэнту для ўсіх ахвотных ад мясцовых ды прыезджых творцаў, некалькі канцэртных пляцовак, з якіх “льётся музыка, музыка, музыка, то печаля, а то веселя” і гэтак далей (дзякуй Леаніду Дзербянёву за цудоўны тэкст, які дакладна ахарактарызаваў атмасферу ў Чылі).

Больш за 20 выканаўцаў узрушвалі сваім майстэрствам Санцьяга. У асноўным — з Паўднёвай Амерыкі (і пераважна з краіны-гаспадыні фэсту) ды Афрыкі. Еўропу, акрамя “Троіцы”, прадстаўлялі гурты з Польшчы (“Muzykanci”) ды Іспаніі (“Mercedes Peon”). Знаёмых для сябе імёнаў ды назваў сярод іх Кірчук не сустрэў. Але мерапрыемства гэта — найпрэстыжнае, і абы каго на яго не ангажуюць. Урэшце, фэст не пазіцыянуе сябе як этна-форум, і граюць тут усялякае-рознае: альтэрнатыву, авангард, аўтэнтычныя фольк і джаз. “Ад лацінскай папсы з яе фірмовай падтанцоўкай “дах” рэальна паехаў”, — даў экспертную ацэнку пачутаму і ўбачанаму фронтмэн “Троіцы”.

Нашы хлопцы далі “жар-жару” ў заключны дзень, адыграўшы з 19-й да 20-й гадзіны з дзясятак баевікоў: “Яблынь”, “Котка”, “Ой, бору мой”, “Мар’я”, “Мядзведзь”… Сваімі (прывезенымі) інструментамі музыканты абышліся мінімальна, а ўсё, што яны замовілі па райдару, арганізатары прадаставілі. Тысячны натоўп рэагаваў на гадзінны сэт па-рознаму, але абыякавых у iм дакладна не было: нават карагоды спрабавалі вадзіць і падпяваць, танчачы пога! “У наш рытм народ уварваўся, экзотыкай ён застаўся задаволены”, — зрабіў выснову Іван Іванавіч.

Агулам мінчане прабылі ў Чылі паўтара сутак. Знаходжанне на фэсце (праезд, харчаванне, сутачныя…) цалкам узяў на сябе аргкамітэт. У гатэлі (паўгадзіны язды да месца выступу) усіх засялілі ў асобныя нумары, пры патрэбе падаваўся фестывальны транспарт, у крайнім выпадку можна было за кошт прымаючага боку скарыстацца таксі. Да артыстаў замацавалі суправаджаючага. “Капрызаў і закідонаў не было, — адразу зазначае перкусіяніст Юрый Паўлоўскі, — але і фэст мы асабліва глыбока не пабачылі. А дзяўчыне — дзякуй: яна была адной з нямногіх з фестывальнага персаналу, хто размаўляў па-англійску”.

Правялі для музыкантаў і дзвюхгадзінную экскурсію па горадзе. “Фантаны, старадаўнія будынкі, пальмы, бясконцая людская плынь — усё гэта ўражвае, вядома”, — згадвае Кірчук. Але акрамя “абавязковай праграмы” для ўдзельнікаў фэсту, на погляд простага беларускага менестрэля — вельмі багатай, у астатнім эканомія адчувалася. Не эканоміў фэст хіба на эмоцыях. “Усё натуральна, без натугі, ад сэрца, — працягвае Кірчук. — Але з тых, з кім мы размаўлялі, пачынаючы ад мясцовых “аргаў” і заканчваючы супрацоўнікамі аэрапорта, ніхто пра Беларусь не чуў. Спрабавалі ім на пальцах растлумачыць — хто мы, з якога мерыдыяна глобуса”.

А “Троіцу” чакаюць у госці наступныя фестывалі ды праекты, пра якія лідар гурта казаць катэгарычна адмаўляецца, абмяжоўваючыся фразай: “Такія-сякія кантакты на “WOMAD” з’явіліся...” І дадаючы яшчэ адну, якую адрасуе журналістам ды зацікаўленым у развіцці нацыянальнай культуры асобам: “Нам бы яшчэ кропку рэпетыцыйную ў Мiнску...”

 

Дарэчы, 8 красавіка канцэрт "Троіцы" ў сталічным Маладзёжным тэатры эстрады. Варта завітаць, каб быць на адной хвалі з усім светам!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"