Файл для дуды

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Ці пададуць беларускую традыцыю ў спіс UNESCO?
Днямі ў Інстытуце культуры Беларусі адбыўся “круглы стол” “Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да мультынацыянальнага файла “Культура дуды” ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (UNESCO)”. Нагодай стала ініцыятыва Славакіі па ўнясенні сваёй дударскай традыцыі і заклік далучацца да гэтай намінацыі іншым еўрапейскім краінам. На “круглым стале” абмяркоўвалася, ці варта Беларусі сёлета рыхтаваць дакументы з аналагічнай ініцыятывай (да дэдлайну засталося трохі больш за месяц).

/i/content/pi/cult/575/12630/12-1.jpgПазіцыя інстытута

Загадчык аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч адзначыла, што далучэнне да мультынацыянальнага файла “Культура дуды” бачыцца вельмі перспектыўным. Якія “плюсы” атрымае Беларусь? Вядомасць на міжнародным узроўні, а паколькі далучыцца рыхтуюцца Чэхія, Балгарыя і, магчыма, Польшча, гэта рэальны шлях паказаць сваю культуру ў еўрапейскай перспектыве. Прамоўца падкрэсліла, што на элемент адразу звернуць пільную ўвагу дзяржаўныя органы кіравання, ад якіх можна чакаць падтрымкі мерапрыемстваў. Скажам, “Дударскага фэсту”… UNESCO дае магчымасць для самарэалізацыі, паляпшаюцца шанцы на атрыманне міжнароднай матэрыяльнай дапамогі з розных крыніц, — падкрэсліла Ала Сташкевіч.

Меркаванні дудароў

Ініцыятар адраджэння традыцыі дударства ў Беларусі Алесь Лось падтрымаў ініцыятыву Інстытута культуры Беларусі, акрэсліўшы пэўныя праблемы: “У сакавіку будзе 35 гадоў, як я пачаў вырабляць свае дуды. На той час інфармацыі было мала, а тры гады шукаў для таго інструмента рэпертуар. Паступова з’яўляліся вучні, потым утварыўся цэлы дударскі рух, чаму я вельмі рады. Не так істотна, ці дасць унясенне нашага дударства ў спіс UNESCO нейкія гранты, грошы. І без іх мы шмат гадоў працавалі, паколькі быў інтарэс, меўся творчы запал. Хачу заўважыць, што ў славацкім дударстве ёсць тое, чаго ў нас няма: пераемнасць этна ў кантэксце нацыянальнай культуры. Са свайго боку гатовы дапамагчы прасоўваннем у інфармацыйным полі. Наогул, згаданая ініцыятыва падштурхне дударскую супольнасць, тых, хто грае, робіць дуды, ствараць яшчэ больш якасны прадукт, бо працы яшчэ вельмі багата, каб прыйсці да традыцыі, той, якая была”.

Вячаслаў Калацэй, дудар, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ прытрымліваецца таго ж меркавання: “Мы са студэнтамі былі на фестывалі ў Славакіі, у рэгіёне Мала Лігота, дзе распаўсюджана дуда. У славакаў свае праблемы: не ўсе музыкі там віртуозна граюць, ёсць людзі, якія толькі вучацца, ёсць праблемы з рэпертуарам. Калі мы далучымся да мультынацыянальнага файла, заявім пра існаванне беларускай дударскай традыцыі, няхай і ў адноўленым выглядзе, на ўвесь свет".

Трохі скепсісу

А вось Яўген Барышнікаў, дудар, куратар Дударскага клуба (сустрэчы дудароў і танцораў), намеснік старшыні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, акрэдытаванага UNESCO як кансультант па нематэрыяльнай культурнай спадчыне, выказаўся супраць сёлетняй падачы беларускага дударства ў мультынацыянальны файл. Ён адзначыў: “Ёсць ля тузіна зафіскаваных найгрышаў дудароў з тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. З гэтага тузіна толькі некалькі сучасных дудароў граюць па пары мелодый. Да ўсяго, наша дударская традыцыя была распаўсюджана ў паўночнай Беларусі (Падзвінне, Навагрудчына, поўнач Міншчыны і Магілёўшчыны) і на Вілейшчыне, у сённяшняй латвійскай Латгаліі, на захадзе сучасных Цвярской і Смаленскай абласцей, на поўдні Пскоўскай вобласці Расіі. На тэрыторыі Беларусі, нагадаў Барышнікаў, захоўваюцца толькі дзве старыя дуды: у Лепельскім краязнаўчым музеі і ў Гродне, а большасць інструментаў, датычных Беларусі, знаходзяцца ў музеях Вільнюса, Масквы, Санкт-Пецярбурга.

“Агулам нам вядомая канструкцыя каля 30 дуд. Можна сказаць, матэрыялаў пра аўтэнтычныя дуды ў нас хапае”, — працягнуў прамоўца. “Але мяне хвалюе тое, што ўзровень як навуковага вывучэння дударскай традыцыі, так і рэканструкцыі яе (грання, тэхнікі) у Беларусі вельмі нізкі. Не хочацца выходзіць з гэтым на міжнародны ўзровень. Я б прапанаваў спачатку ўнесці дударскую традыцыю ў нацыянальны інвентар і паспрабаваць вырашыць нашы праблемы: перадача ведаў, якасць грання, аднаўленне аўтэнтычнага рэпертуару", — выказаў меркаванне Яўген Барышнікаў.

Да слабога знаёмства сучасных дудароў з традыцыйным граннем апеляваў і дудар Стась Чавус: “Тое, што цяпер усведамляецца ў інфармацыйным полі як беларуская дударская традыцыя — вельмі стракатая рэч. Тут і шатландскія валынкі, і нямецкія дудльзакі, і сярэднявечны рэпертуар. Вось гэта і ёсць сёння нашай жывой традыцыяй, як бы ні імкнуліся асобныя дудары працаваць з этнаграфічным матэрыялам. У параўнанні з гэтым славацкае дударства выглядае проста маналітам, нават з усімі іх праблемамі. Я за тое, каб падаць у UNESCO толькі сучасны пласт, не паглыбляючыся ў этнаграфію”.

Пра музыказнаўчы аспект і працу з дзецьмі казала выкладчыца дуды ў Івянецкай ДШМ Кацярына Радзівілава: “Як практык, бачу вялікую перспектыву ў занятках з дзецьмі, і ў той жа час вельмі мала дудароў, якія хацелі б гэтым займацца. Яшчэ заўважу, што ў нас большасць дудароў грае ў адкрытай манеры, у той час як Дзяніс Сухі вынайшаў, што традыцыйна ў нашай дудзе адсутнічала адна нота, што прыводзіла да іншай падачы гуку”.

На гэта сам Сухі заўважыў: “За 11 гадоў я вырабіў каля 140 дудаў, большасць з іх грае ў адкрытай манеры. Гэта сучасны строй. У нас так склалася”.

Што рабіць?

Падсумоўваючы дыскусію, Ала Сташкевіч паабяцала, што акрэсленыя праблемы будуць пазначаны ў файле на падачу ў UNESCO. Што да прапановы спачатку вырашыць пытанні ў Беларусі, а потым выходзіць на міжнародны ўзровень, Ала Сташкевіч заўважыла, што працэсы могуць ісці паралельна, а праблемы можна вырашаць і пасля ўнясення ў спіс.

Дудар Алесь Сурба заўважыў: “Мне вельмі падабаецца гэта ініцыятыва, тым больш з боку дзяржаўнай установы. Нам цяжка часам дамовіцца пра адзіны погляд, але разнастайнасць мне не здаецца чымсьці страшным”.

Чым вырашыцца гэта спрэчка і ці атрымаецца ў выніку далучыцца нашай краіне да мультынацыянальнага файла “Культура дуды” ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва? Пра гэта даведаемся літаральна праз месяц.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

 

Каментарый з нагоды

Магда ПАСПЯШЫЛАВА, дарадца пасла Рэспублікі Славакія ў Рэспубліцы Беларусь:

— Летась Славакія выступіла з ініцыятывай уключыць “Культуру дуды” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Галоўная прычына такога рашэння заключаецца ў тым, што гранне на дудзе (у Славакіі гэты інструмент называецца “gajda”) вельмі папулярнае. Але “культура дударства” ўключае ў сябе шмат чаго: гэта і выраб інструментаў, і выбар музычнага рэпертуару, і стыль выканання, і афармленне танца, асаблівая лексіка і народныя звычаі. Навык грання на дудзе перадаецца ў сем’ях і ў супольнасцях. Многія яго атрыбуты з’яўляюцца сімваламі славацкай традыцыйнай культуры, адлюстроўваючы цесную сувязь з прыродай, бо і музычныя інструменты ствараюцца з прыродных матэрыялаў. Ці не ў кожнай славацкай вёсачцы ганарацца сваімі выканаўцамі. Дудар часта з’яўляецца галоўнай асобай на мясцовых святах. Вельмі важна, што дударская музыка выклікае ў людзей адчуванне ідэнтычнасці.

Пры гэтым мы разумеем, што дударства — гэта частка традыцыйнай культуры не толькі Славакіі, але і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі. Вось чаму мы рады таму, што з боку Беларусі маецца жаданне прыняць рашэнне далучыцца да мультынацыянальнага файла “Культура дуды”. Супрацоўніцтва з UNESCO дае новыя магчымасці ў падтрымцы нацыянальнай культуры. А таму Славакія ганарыцца, што можа прапанаваць супрацоўніцтва ў гэтым плане іншым славянскім краінам. Славацкія прафесіяналы, у прыватнасці Юрай Гамара, дырэктар Цэнтра традыцыйнай народнай культуры Славакіі, заўсёды рады падзяліцца сваім досведам у выпадку зацікаўленасці беларускага боку. Прыемна, што такая зацікаўленасць і назіраецца з боку Інстытута культуры вашай краіны.

Занатаваў Кастусь АНТАНОВІЧ

 

Тым часам

10 відэаўрокаў ад майстра і дудара гурта “Pawa” Юрася Панкевіча з’явілася ў Сеціве. Цягам гэтага курса можна даведацца, як выбраць і наладзіць дуду, як вывучыць мелодыю і падладзіць інструмент падчас канцэртаў.

Пра тое, як вучыўся граць на дудзе аматар-навічок, чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"