Навошта Пугачоў у Ветку прыязджаў? Гіпотэза кінадакументалістаў Гомельшчыны

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Пераключаючы каналы, выпадкова натрапіла на сюжэт, які адразу прыцягнуў увагу: камера высвеціла карціну, вядомую як “двайны партрэт”: паверсе выявы Кацярыны ІІ намаляваны кіраўнік паўстання ХVІІІ стагоддзя ў Расіі Емяльян Пугачоў. Сцвярджалася, што партрэт гэты створаны мастаком-стараверам у Ветцы, дзе знаходзілася на той час славутая іканапісная школа, а сама карціна — падарунак старавераў свайму абранніку, так бы мовіць, ідэалагічнае забеспячэнне яго права на трон.

Фільм быў настолькі цікавы, што я не магла адарваць вачэй ад экрана. І ў наступныя дні ўважліва праглядала праграму тэлеканала “ЛАД”: ці не з’явіцца сярод трансляцый перадач “Тэлерадыёкампаніі “Гомель” новая дакументальная стужка. І яна з’явілася, і фільм быў зроблены на такім жа высокім узроўні, як і папярэдні. Аказваецца, і ў правінцыі, дзе магчымасці далёкія ад магчымасцей сталічных тэлевізійшчыкаў, таксама ствараюцца надзвычай цікавыя праграмы і кіно, вартыя ўвагі гледачоў.

 /i/content/pi/cult/156/1263/Pugachev1.jpg

“Двайны партрэт”: паверсе выявы Кацярыны ІІ намаляваны Емяльян Пугачоў.

Аўтар сцэнарыяў фільмаў “Казацкія Балсуны” і “Паляванне на ваўкоў” — Рыгор Андрэявец, пісьменнік, публіцыст, адметны даследчык гісторыі. Яго ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны. У свой час Андрэявец быў адзначаны прэстыжнай прэміяй “Лепшыя пёры Расіі”, а зараз адкрыўся яго новы талент — талент сцэнарыста.
“Казацкія Балсуны” ўпершыню ў айчыннай тэледакументалістыцы расказваюць пра беларускае казацтва. Гісторыя ўзнікнення вёскі Казацкія Балсуны ў Веткаўскім раёне звязана з нацыянальна-вызваленчай вайной запарожскіх і беларускіх казакаў. У 1648 годзе адзін з казацкіх загонаў перайшоў памежную рэчку Бесядзь і спыніўся на высокім беразе. Ён быў пасланы на беларускае Палессе Багданам Хмяльніцкім, які, як вядома, хацеў стварыць незалежную казацкую дзяржаву. Сярод запарожскіх ваяроў было шмат выхадцаў з Беларусі, якія ад прыгнёту ў Рэчы Паспалітай уцякалі ў ніжняе цячэнне Дняпра. Цяпер жа яны вярталіся на сваю радзіму...
Нават праз 350 гадоў, якія мінулі з тых дзён, не даводзіцца сумнявацца ў тым, што Казацкія Балсуны — сапраўды казацкае паселішча: хаты тут стаяць кругам, прыкладна гэтак, як ставіліся буданы і намёты ў запарожскім табары.
Казакі — гэта ў першую чаргу люд служылы, і тут, у Казацкіх Балсунах, можна адчуць трапяткую павагу да воіна і абаронцы. Камера бясстрасна высвечвае мундзіры салдат Савецкай Арміі, што вісяць на сцяне паблізу чырвонага кута. Іх дзесяткі гадоў беражліва захоўвае ў сваёй хаце казачка Марыя Якаўлеўна Карпенка. Яна ганарыцца тым, што пяцёра яе сыноў былі адважнымі воінамі.
Але “Казацкія Балсуны” — гэта яшчэ і фільм-гіпотэза. Як вядома, Емяльян Пугачоў два разы бываў уБеларусі: упершыню, калі ў складзе вайсковай каманды ўдзельнічаў у так званай “другой выганцы” веткаўскіх старавераў, а другі раз — хаваўся ад пераследу царскага ўрада ў Ветцы, якая ў тыя гады знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай. Гэтыя даўно вядомыя факты апісаны яшчэ Аляксандрам Пушкіным.
Але ж прыезд Пугачова ў Ветку меў выразна акрэсленую мэту, якая ўпершыню і агучваецца ў фільме: згодна з гіпотэзай гомельскіх дакументалістаў, будучы правадыр сялянскай вайны быў “заквашаны” на царства ў Расіі менавіта стараверамі Веткаўшчыны. Царом жа Пятром ІІІ яго “выпеклі” ў Арэнбургскай печы ў асяроддзі казакаў-старавераў. Дзве сілы рыхтавалі Пугачова ўзняць “смуту” ў Расіі: раскольнікі падказалі ідэю вярнуцца да старой даніканаўскай веры, а казакі далі ўзброеную сілу, якую цяжка было адолець урадаваму войску. Зрэшты, акурат тут, на памежжы Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, не адзін раз “выпякаліся” самазванцы. Прыкладам — доўгае знаходжанне ў Брагіне Лжэдзімітрыя І, дзе яго “рыхтаваў” на маскоўскі трон князь Адам Вішнявецкі.
15 тыдняў правёў у Ветцы ў старавера Крылова Емяльян Пугачоў, і за гэты час заручыўся падтрымкай старавераў Веткаўшчыны і недалёкага Старадуба. Ён пабываў у Казацкіх Балсунах, жыхары якіх забяспечылі яго “адрасамі” сваіх знаёмых і родзічаў, што казакавалі ў тую пару на Паволжы, Доне, Прыураллі. На гэтых людзей і абапіраўся Пугачоў, калі ўздымаў паўстанне ў Расіі.
Стараверы сталі сябрамі Пугачова на ўсё жыццё. Пры выхадзе з Веткі на дабранскім фарпосце Пугачоў назваўся раскольнікам. Пажадаў, каб па пашпарце яму вызначылі жыццё на рацэ Іргіз. І ведаў, што прасіў: там якраз стаялі манастыры старавераў, пабудаваныя веткаўскімі манахамі, а сярод казакаў, якія прыйшлі на берагі Іргіза з Беларусі і Украіны, былі яго браты не толькі па веры, але і па будучых вайсковых справах.

 /i/content/pi/cult/156/1263/Pugachev2.jpg

Кадр з фільмаў “Казацкія Балсуны”

І сёння ў Казацкіх Балсунах ідзе адраджэнне казацкіх традыцый і звычаяў. Члены добраахвотнага таварыства “Беларускае казацтва” з Гомеля на ўездзе ў вёску ўстанавілі і асвяцілі шасціметровы Паклонны Крыж.
Прыемна, што гэтая старонка гісторыі беларускага казацтва была адкрыта менавіта гомельскімідакументалістамі. А колькі такіх невядомых старонак у нас яшчэ не адгорнута!..
Другі фільм, зняты гомельскімі дакументалістамі, — “Паляванне на ваўкоў” — гімн палескай прыродзе, яе непаўторнай прыгажосці, якую можна сустрэць нават на звычайнай вулачцы вёскі Тартак Лельчыцкага раёна: тут стаяць дубы-волаты, што памятаюць ратнікаў Грунвальдскай бітвы. У іх дуплах жывуць дзікія пчолы, а бортніцтва — звычайнае ўмельства вясковых мужчын.
Гомельскія тэлежурналісты па праве могуць лічыць сябе першаадкрывальнікамі знойдзенага ў Мілашэвіцкім гаі бярозавага крывалесся, якое зрэдку можна напаткаць толькі на альпійскім высакагор’і ды Кольскім паўвостраве. У гэтым лясным царстве людзі, звяры і птушкі жывуць побач, часам дапамагаючы адзін аднаму. Так, уздоўж Убарці бабры шчыруюць у асінавых зарасніках: маладзенькія дрэўцы і галлё зацягнулі ў свае кармавыя сховішчы, а тоўстыя асіны падгрызлі і пакінулі. Паколькі цяпер у вёсцы мала мужчын, жанчынам лягчэй ссякаць гэтыя дрэвы, каб нарыхтаваць дроў.
Для раскрыцця тэмы ў фільме выкарыстоўваецца ўвесь спектр выяўленчых сродкаў. Камера нацэлена не толькі на панарамныя здымкі, але і трапна выхоплівае невялікія дэталі. І гэтыя дэталі — як, напрыклад, ядлаўцовыя ягады, занесеная снегам былінка, раскрытыя шышачкі вольхі — сапраўды робяць фільм з’явай мастацтва.
У “Паляванні на ваўкоў” некалькі пастановачных сюжэтаў, і ўсе яны звязаны з беларускай міфалогіяй. А кульмінацыйны момант фільма — палеміка паміж аўтарам і паляўніцтвазнаўцам Аляксеем Папірняком. Апошні сцвярджае, што ў палескіх лясах трэба цалкам знішчыць ваўка, каб ён не знішчаў казуль, дзікоў, ласёў, як гэта было зроблена ў Еўропе, дзе ў выніку знішчэння ваўкоў цяпер водзіцца шмат капытных. Але аўтары фільма перакананы, што чалавек не можа, не мае права падмяняць сабой Бога на гэтай зямлі. І калі воўк “паселены” ў прыродзе, значыць, ён патрэбны і як від павінен захавацца. Кіравацца варта законамі Сусвету, а не моднымі “павевамі”.
Не сакрэт, што стварэнне любога дакументальнага фільма — плён працы зладжанай каманды аднадумцаў. Для выхаду на экран дзвюх згаданых стужак шмат папрацавалі, уклаўшы свой талент і майстэрства, рэжысёр Ірына Арцёмава, аператар Яўген Макеенка, гукарэжысёр Алена Цяленчанка. Прыемна, што дакументальнае кіно на Гомельскім тэлебачанні прапісваецца трывала і надоўга.

Наталля ДРАЗДОВА,
бібліятэкар І катэгорыі Гомельскай
цэнтральнай
гарадской бібліятэкі
імя А.І. Герцэна