А мо cамо мастацтва змянілася…

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў на пляцоўцы музея сучаснага выяўленчага мастацтва дэманстраваў выставу пад назвай “ZAKROMA 2015”. Гэта творы, якімі калекцыя музея папоўнілася летась. Частка іх набытая, частка — падорана аўтарамі. Былі прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, мастацкае фота, кераміка, габелен, шкло.

/i/content/pi/cult/575/12628/9-2.jpgВыстава выступіла чымсьці накшталт справаздачы перад грамадой, перад аматарамі мастацтва. Менавіта выстаўленыя ў НЦСМ творы падаліся экспертам вартымі быць аплачанымі дзяржавай. Усё натуральна: сучаснасць аднойчы становіцца гісторыяй, і, адпаведна, мастацкая калекцыя, якая сёння з’яўляецца своеасаблівым адбіткам актуальнай рэчаіснасці, больш-менш адлюстроўвае цяперашнія эстэтычныя ўяўленні, калісьці трапіць у раздзел артэфактаў, па якіх нашчадкі будуць вывучаць наш час. Такім чынам, гэтая экспазіцыя ў нейкім сэнсе — пасланне ў будучыню.

Хутчэй за ўсё ў тых, хто паспрабуе вывучаць першую чвэрць бягучага стагоддзя выключна па гэтых артэфактах, складзецца ўяўленне пра нас як пра людзей рэфлексіўных, засяроджаных на асабістым, схільных да самакапання і часам нават да дэструктыўнага самааналізу, пры гэтым абыякавых да многага па-за межамі асабістай прасторы. І гэта пры тым, што мастакі, чые работы прадстаўлены ў экспазіцыі, у нашым мастацтве людзі далёка не апошнія. Ім ёсць што сказаць, і яны валодаюць дастатковым прафесійным майстэрствам, каб прывабіць аўдыторыю. Іншае пытанне, ці лепшымі сваімі творамі яны прадстаўлены ў згаданай калекцыі? Элемент выпадковасці пры фарміраванні калекцыі прысутнічае заўжды, але ў дадзенай сітуацыі складваецца ўражанне, што канцэпцыя не выяўляецца напоўніцу, не прачытваецца.

Урэшце, адзін і той жа твор у кантэксце і сам па сабе — гэта розныя рэчы. Прадстаўленыя ў экспазіцыі жывапіс Уладзіміра Зінкевіча, Анатоля Кузняцова, Аляксандра Салаўёва, Алега Ладзісава, графіка Уладзіміра Вішнеўскага, Рамана Сустава, Паўла Татарнікава, скульптура Уладзіміра Слабодчыкава, Сергея Аганава цікавыя самі па сабе. Гэтыя мастакі ставяцца да сваёй працы надзвычай сур’ёзна і ўсё, за што ні возьмуцца, робяць якасна. Як і іншыя удзельнікі выставы. Вось толькі сабраныя разам згаданыя палотны, скульптуры, графічныя аркушы ствараюць даволі пярэстую карціну стану беларускага мастацтва, між тым як культурны працэс у нашай краіне мае ўнутраную логіку і з’яўляецца часткай глабальнага мэйнстрыму. Уласна кажучы, гэта і хацелася б пабачыць на “ZAKROMAx”.

Але цалкам магчыма, што мае меркаванні на адрас арганізатараў выставы (і збіральнікаў калекцыі) несправядлівыя. У любым выпадку, дзякуй НЦСМ за тое, што іх намаганнямі знакавыя асобы сучаснага беларускага мастацтва, а таксама тыя, хто на такі статус у перспектыве можа прэтэндаваць, увогуле прадстаўлены ў музейным зборы. А можа, наша мастацтва, якое за савецкім часам мела, што б пра яго ні казалі і як бы ні выказваліся пра сацыялістычны рэалізм, і трывалы ідэалагічны падмурак, і выразнае аблічча, і выдатных майстроў, папросту змянілася? Тады ў згаданай экспазіцыі, як у сумленным люстэрку, адбіваецца рэчаіснасць.

Мабыць, любое з гэтых меркаванняў мае права на існаванне. Асабіста я ўбачыў на выставе праявы творчай разняволенасці і адкрытасці, якія ў папярэднюю эпоху былі б немагчымымі. Мастакі не баяцца ўголас заявіць сваімі карцінамі, скульптурамі, графічнымі аркушамі, габеленамі і керамічнай пластыкай, што для іх самае галоўнае ў свеце — гэта яны самі са сваімі думкамі, комплексамі і прымхамі. Здаецца, раней мастак углядаўся ў далягляд, а цяпер — у прорву падсвядомасці. І гэта адзнака часу.

І яшчэ. Калі не лезці ў нетры аналітыкі, дык на выставе можна было атрымаць задавальненне проста ад прыгожых спалучэнняў фарбаў на карцінах і фактур на кераміцы, выразных графічных ліній, эфектных скульптурных сілуэтаў. Мастацтва — сістэма шматпланавая. Зрэшты, можна ўспрымаць прыгажосць як самадастатковую каштоўнасць, па-за кантэкстамі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"