Дыскатэка без музыкі

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

“ПлаSтформа-2016”: татальная рассінхранізацыя
Менавіта рассінхранізацыя стала своеасаблівым лейтматывам Адкрытага форуму пластычных і эксперыментальных тэатраў “ПлаSтформа”, які насуперак усім эканамічным нягодам ужо ў чацвёрты раз прайшоў у Мінску. Прычым адчувалася яна на ўсіх сэнсавых узроўнях. Гэта была рассінхранізацыя паміж тым, што мы чуем і бачым, паміж зместам і фармальным увасабленнем, паміж патрэбамі ды магчымасцямі арганізатараў. Урэшце, паміж беларускім ды польскім падыходам да таго мастацтва, якое заблытаныя крытыкі ўсё часцей называюць “перфарматыўнымі практыкамі”, замяняючы гэтым паняццем звыклыя “тэатр” альбо “танец”.

/i/content/pi/cult/575/12627/8-1.jpgВа ўпоры лежачы

Неяк на дзвярах аднаго правінцыйнага бара давялося ўбачыць абвестку: дыскатэка ў наступную суботу пройдзе без музыкі. Натуральна, гэта быў чыйсьці досціп. Бо музыка і танец заўсёды ўяўляліся настолькі ж неаддзельнымі адно ад аднога, як душа і цела — і на дыскатэцы, і ў тэатры балета, і нават у “самым-самым” авангардным праекце. Але цяпер як беларускія, так і польскія харэографы сталі актыўна расшчапляць гэтую спаконвечную еднасць у пошуках новай выяўленчай мовы.

У спектаклі “Vasen Extasen” айчыннага тэатра “Каракулі” акцёры танчаць пад даволі манатонныя і неструктураваныя “палявыя запісы”. Бясконцы набор вынаходлівых рухаў сплятае візуальную і энергетычную канву вакол размешчанай пасярод сцэны статуі, якая спакваля ажывае. Калі са статуі вылузваецца дзяўчына, перформанс сканчваецца. Ніякага намёку на сюжэт, толькі цьмяныя асацыяцыіі…

Аўстрыец Хігін Дзелемат выконвае хіпхопавыя трукі ў цішыні, якая хіба на імгненні парушаецца гулам магутнага сабвуфера. Перформанс, як падаецца, пра крызіс “вялікага стылю”. Аўтар, вонкава падобны да “хлопца з раёна”, называе амбіцыйныя архітэктурныя праекты кшталту Палаца культуры і навукі ў Варшаве, затым нягегла “танчыць” іх, выяўляючы несувымернасць маштабам “простых смяротных”. А потым нечакана пераходзіць на “нізавы” хіп-хоп.

Ніякай музыкі (прынамсі, у больш-менш звыклым разуменні слова) няма і ў спектаклі Мацея Кузьміньскага “Пасля Да”. Яго саундтрэк апрача цішыні ўключае бадай выпадковы набор разнастайных гукаў, якія ніяк наўпрост не матываваныя сцэнічнай дзеяй і наўрад ці здатныя “праліць на яе святло”. Як, зрэшты, і песня Боба Дылана, што чамусьці гучыць напрыканцы.

Увогуле, менавіта гэты спектакль, які стаў сапраўдным “фестывальным прадуктам”, бо рабіўся менавіта з нагоды “ПлаSтформы”, выклікаў найбольш супярэчлівыя ўражанні. Адносна малады (30 гадоў), але ўжо даволі вядомы польскі харэограф прыехаў у Мінск, каб папрацаваць разам са студэнтамі адпаведнай спецыяльнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Прычым, як сам ён прызнаўся, нават танцоркі да канца не разумелі ягонай задумы.

Сцэнічны прадукт, які атрымаўся пасля двух тыдняў насычаных рэпетыцый, на паверку падаецца нейкім чыста вучнёўскім экзэрсісам: студэнты засвойваюць тыя ці іншыя тэатральныя прыёмы. Прыкладам, усе яны сінхронна маршыруюць ад края да края сцэны. Маршыруюць доўга ды без музыкі. Далей чамусьці ўзнімаецца заслона, агаляючы самыя "вантробы" глядзельнай залы… Угледзець у гэтых дзеях нейкія метафары падаецца справай няпростай. Але затое менавіта такая нявызначанасць (прычым выкананая на нядрэнным харэаграфічным узроўні) перадае тую размытасць паняццяў часу, якую, напэўна, хацеў выявіць на сцэне аўтар пастаноўкі.

На “ПлаSтформу” быў прывезены і яшчэ адзін спектакль Кузьмінскага — ужо добра вядомы ў розных краінах “Room40”. Без сумневу, ён стаў адным з самых запамінальных на сёлетнім фестывалі, і перадусім дзякуючы неверагодна прыгожаму танцу пад струмянём вады, што лілася наўпрост на сцэну са шланга. Як патлумачыў сам аўтар, дзея мае адлюстроўваць спробу пераадолення таго, што з’яўляецца непазбежным, і ўвогуле выяўляць экзістэнцыйныя перажыванні з дапамогай пластыкі.

Калі музыка скончылася, танцорка застыла ва “ўпоры лежачы” і прастаяла ў такой не самай зручнай позе ледзь не да поўнай знямогі. У гэты час яна ўжо не адлюстроўвала цярпення, але проста цярпела.

Звер невядомай пароды

Не менш цікавы варыянт рассінхранізацыі музыкі і танца прадэманстраваў паляк Томаш Выгода ў спектаклі “Ніжынскі. Свята сноў”. Гучалі фрагменты “Вясны свяшчэннай” у цалкам кананічным выкананні, але замест вобразаў балета быў прадстаўлены адзін з яго стваральнікаў. Харызматычны і надзвычай тэхнічны, Выгода і сапраўды нібы апрануў на сябе скуру Ніжынскага — і на сцэне, і ў грымёрцы, і на хвалі поспеху, і ў стане вар’яцтва… Гэтае акцёрскае пераўвасабленне было вельмі эмацыйным і пераканаўчым.

Агата Сінярска здолела знайсці натхненне ў рассінхранізацыі паміж кінавобразам і жывым чалавекам. У спектаклі “Смерць 24 кадры ў хвіліну, або Зрабі мне як у сапраўдным кіно” яна паўстае ў ролі аб’екта, адчужанага і дэгуманізаванага вобраза. Яе фільм атрымаўся дэфектыўным. Замест таго, каб дзейнічаць, спакушаць, паміраць, яна нерухома стаіць, раз-пораз мяняючы нягеглыя позы, прычым увесь час з адкрытым ртом. І ўрэшце жанчына чым далей, тым больш пераўтвараецца ў нейкага звярка невядомай пароды. У выніку атрымалася нават не столькі пародыя і крытыка гендэрных стэрэатыпаў, колькі дзіўная “рэч у сабе”.

На тэму маскультавых стэрэатыпаў (але, здаецца, без фемінізму) сёлета выказаўся і беларускі заўсёднік ды фаварыт незалежных тэатральных фестываляў — “Лабараторныя фігуркі Оскара Шлемера”, які прадставіў невялікі спектакль “I Am Ok”. Без сумневу, гэты калектыў умее ствараць эфектныя вобразы ды заблытваць іх у дзіўныя камбінацыі. Да таго ж, да чыста тэатральных сродкаў гэтым разам далучылася літаратура і анімацыя, што яшчэ больш дадало спектаклю аб’ёмнасці.

Варта яшчэ заўважыць, што “Лабараторыя”, як і амаль усе беларускія ўдзельнікі, выступала ў вялікай і напаўпустой зале Палаца чыгуначнікаў. Замежныя “хэдлайнеры” ж чамусьці наадварот “туліліся” ў куды больш цесным (хаця і непараўнальна ўтульнейшым) Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і зусім ужо малюткіх залках Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.

Як высветлілася, прычына такой рассінхранізацыі вельмі простая. Каб пусціць на сваю сцэну замежных артыстаў, Палац чыгуначнікаў мусіў плаціць за гастрольныя пасведчанні, і яны маглі з’есці ладную суму фестывальнага бюджэту, які фарміруецца выключна за кошт прададзеных білетаў. Летась пра гэтую праблему “К” ужо даводзілася пісаць, але, як бачым, яна пакуль не страціла актуальнасці.

Бывай, субмарына

Ужо па завядзёнцы форум адкрываў ягоны завадатар “InZhest”, які сёлета праводзіць свой 35-ы сезон. Замест доўгачаканай для шматлікіх прыхільнікаў прэм’еры было нешта адваротнае: тэатр развітваўся з пятнаццацігадовай даўніны спектаклем “ДК Данс” — як яны самі яго называюць, “непатапляльнай субмарынай”.

Урачыста раструшчыўшы аб сцэну хадулі, Вячаслаў Іназемцаў удакладніў: гэты паказ быў апошнім у Мінску. Але ведаючы нашы рэаліі, можна меркаваць, што такое ўдакладненне вялікага значэння не мае. Гастрольны лёс спектакля, які стаў папраўдзе этапным для беларускага тэатра пачатку новага стагоддзя, мякка кажучы, вельмі сціплы. У Мінску яго многія бачылі па дзесяць разоў, а вось што тычыцца хаця б нават абласных цэнтраў, не кажучы ўжо пра замежжа… Пацягнуць такія гастролі сваімі сіламі “ІнЖэст” няздатны.

Як, зрэшты, не пацягнулі б іх і тыя маленькія танцавальныя польскія кампаніі або тэатры, што прывезлі ў Мінск цэлую плойму спектакляў. Іх прыезд стаўся магчымым толькі дзякуючы падтрымцы дзяржаўных культурных інстытуцый Польшчы. Больш за тое — гэта ўсяго толькі адно звяно ў вялікай праграме папулярызацыі лепшых здабыткаў сучаснай харэаграфіі суседняй краіны па-за яе межамі. Прыкладам, літаральна праз месяц амаль такі самы дэсант прызямліцца ў Кіеве.

Без сумневу, палякі здатныя даць добры майстар-клас на прадмет плённага супрацоўніцтва паміж прыватнай творчай ініцыятывай і паважнай дзяржаўнай структурай. На шчасце, спакваля такая сінергія праяўляецца і ў нас. Прыкладам, на перадфестывальнай прэс-канферэнцыі дырэктар РТБД Уладзімір Карачэўскі “на перспектыву” прапанаваў форуму свой, калі можна так сказаць, дах — не толькі фізічны, але і арганізацыйны. І таму хочацца верыць, што некалі “ПлаSтформа” ўсё ж пяройдзе з гераічнага ў нармальны рэжым.

Варта дадаць, што сёлета праграма дадатковых фестывальных мерапрыемстваў атрымалася як ніколі насычанай. Апрача шматлікіх майстар-класаў, у яе патрапіла таксама і лекцыя кракаўскай даследчыцы сучаснага танца Ганны Круліцы пра тое, як жа гэты від мастацтва належыць разумець ды інтэрпрэтаваць. Як выявіла фестывальная праграма, тэма і сапраўды актуальная.

У век паўсюднай баналізацыі сучасныя пластычныя тэатры пайшлі адваротным шляхам. Прычым гэта нават не герметызацыя, не шыфраванне сэнсаў, але поўнае ад іх адмаўленне. Ніякага “мэсэджу”, ніякай інфармацыі… А што, хіба вам гэтага і так не замнога ў цяперашнім свеце? Рэжысёры і харэографы разглядаюць мову цела як самадастатковую ды лічаць, што яна не патрабуе перакладу ні на якую іншую мову. І гледачу нічога не застаецца, як толькі яе спакваля засвойваць.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА