А калі мабільна?

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Мабільная выстава-музей Рыгора Барадуліна зараз вандруе па Віцебскай вобласці. Гэта — крок да стварэння мемарыяльнага музею ў хаце паэта на Ушаччыне.

/i/content/pi/cult/575/12626/2-1.jpg

Сятлана Баранкоўская. "Лецішча Рыгора Барадуліна ва Ушачах".

Ідэя стварыць перасоўны праект узнікла падчас правядзення мастацкага пленэру на радзіме народнага паэта нашай краіны. Увасобілі задуму старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская і Віцебскі мастацкі музей, які выдзеліў прастору для падораных паэту твораў і жывапісу маладых аўтараў. Затым ідэю скіравалі ў бок стацыянарнай формы і прапанавалі стварэнне мемарыяльнага музея Рыгора
Барадуліна.

Што новага ў культурны пласт унясе такая ўстанова? Нагадаем: на Ушаччыне ёсць Дом-музей Васіля Быкава і Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Лабанка. У апошнім маюцца раздзелы экспазіцыі, прысвечаныя паэтам Еўдакіі Лось і Сяргею Законнікаву. І калі да названых устаноў дадаць (зразумела, пакуль у фантазіі) яшчэ адну, то атрымаецца турыстычны маршрут з літаратурным акцэнтам.

— Адна справа — прачытаць творы беларускіх аўтараў, зусім іншая — убачыць мясціны, дзе жылі пісьменнікі, край, які іх натхняў. Лічу, што гэта будзе цікава для школьнікаў і студэнтаў. Тым больш, Ушаччына лічыцца санаторнай зонай, — адзначыла Святлана Баранкоўская.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст