Арцемій, ты не маеш рацыі!

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Звесткі пра пінскі цуд з прыпынкамі, прысвечанымі Году культуры, дакаціліся да расійскай сталіцы, і вядомы (у тым ліку скандаламі) дызайнер Арцемій Лебедзеў у, скажам шчыра, хамскай форме з выкарыстаннем непадцэнзурнай лексікі ў сваім блогу абвінаваціў распрацоўшчыкаў прыпынкаў для Пінска ў плагіяце. Маўляў, такая канструкцыя была распрацавана ягонай студыяй яшчэ шэсць гадоў таму для расійскай Пярмі. Аўтары пінскай распрацоўкі ў прэсе катэгарычна абвяргаюць абвінавачванне.

Пінчане згадваюць, што скарыстаная канструкцыя (чатыры слупа, замацаваныя на іх навясныя сцены з пластыка і дах) абумоўлена функцыяй і існуе ўжо не адно дзесяцігоддзе. Ды і з’явілася яна спачатку не ў Расіі, а на Захадзе. Што тычыцца асобных дэталяў, якія Лебедзеў схільны трактаваць як сваё вынаходніцтва, дык нават пры беглым позірку бачна, што ў Пярмі і Пінску яны розныя.

Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі адгукнуўся на нашу просьбу пракаментаваць сітуацыю. Ён нагадаў, што на ідэі і канцэпцыі аўтарскае права не распаўсюджваецца. У дадзеным жа выпадку гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, менавіта пра ідэю канструкцыі. “Я не ведаю, хто першы прыдумаў на металічных слупах пластыкавыя сцены ўмацоўваць і дахам канструкцыю накрываць, але, відавочна, гэта не Лебедзеў”, — кажа суразмоўца “К”. Да таго ж, дадае ён, падобныя адзін да аднаго ўсе аўтамабілі, усе будынкі, усе прылады таго ці іншага прызначэння. Ёсць ідэі, якія, што называецца, лётаюць у паветры, і яны могуць прыходзіць да розных людзей. У такіх выпадках не варта казаць пра плагіят. Увогуле, гэтым тэрмінам трэба карыстацца асцярожна. Адносна асобы Лебедзева беларускі дызайнер выказаў меркаванне, што ягоны навязлівы самапіяр шмат каго раздражняе. Але — спрыяе цікавасці да дызайну як з’явы.

/i/content/pi/cult/575/12625/2-12.jpg

/i/content/pi/cult/575/12625/2-2.jpg

На фота зверху — праца студыі Арцемія Лебедзева, а на ніжнім здымку — работа пінскіх рэкламшчыкаў. / Фота з адкрытых крыніц Сеціва і прадастаўленае аддзелам ідэалагічнай работы. культуры і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама

Дадам да меркаванняў спадара Сурскага колькі слоў ад сябе… Зыходзячы з інфармацыі, змешчанай у Сеціве, вядомасць Лебедзеў прыдбаў, працуючы на прасоўванні на расійскі рынак заходніх брэндаў. Да яго з павагай ставяцца ў асяродку вэб-дызайнераў (менавіта ў гэтай галіне ён пачынаў сваю кар’еру), а сказаць штосьці ўцямнае пра іншыя галіны дзейнасці спадара Арцемія не атрымліваецца. Ён і ягоная студыя займаюцца ўсім патрошкі. Але праектаў, якія давалі б падставы лічыць яго мэтрам і трактаваць ягоную працу як нацыянальны здабытак Расіі, бадай, і няма. Звычайны дызайнер, хіба што раскручаны. Гэта далёка не Томас Мальданада, Ціма Сарпанева, Джыа Понці... Славуты Лебедзеў тым, што публічна лаецца і зласліва іранізуе над рэчамі і з’явамі, да якіх грамада ставіцца з піетэтам.

І яшчэ адносна плагіяту… У другой палове 1970-х я вучыўся на кафедры дызайна Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. На чацвёртым курсе мы у час практыкі наведалі Маскву, якая рыхтавалася да Алімпіяды-1980. З намі вельмі ветліва пагутарылі ў Экспа-цэнтры, які займаўся савецкімі экспазіцыямі за мяжой, і назвалі адрасы іншых устаноў, дзе мы, студэнты, можам пабачыць для сябе нешта цікавае. Зайшлі мы, памятаю, паводле той парады ў студыю, дзе распрацоўвалі сярод іншага плакаты і афішы будучых Алімпійскіх гульняў. Тут нас сустрэлі непрыязна, маўляў, зараз падгледзім і пакрадзем каштоўныя напрацоўкі. Прытым, што ўсё памяшканне студыі было завешана замежнай паліграфічнай прадукцыяй на спартыўную тэму...

...Можна прыцягваць людзей да культуры рознымі шляхамі. Скажам, мэтава прапагандаваць пэўныя чыннікі і праявы праз кіно, тэлеэкран, Інтэрнэт. А можна пайсці іншым шляхам — укараняць эстэтыку непасрэдна ў масы. Гэта значыць ахапіць як мага болей народу культурай праз мастацкую аздобу і адпаведнае інфармацыйнае напаўненне прыватнага побыту і грамадскай прасторы. Вось у Пінску вырашылі нагадаць грамадзе пра тое, што бягучы год — Год культуры, аздобіўшы выявамі слынных беларускіх творцаў аўтобусныя прыпынкі. Можна пачытаць і змешчаныя тут жа сціслыя біяграфічныя даведкі згаданых асоб. У перспектыве пластыкавыя сцены прыпынкаў будуць запоўненыя камерцыйнай рэкламай. А пакуль яны працуюць на прапаганду культуры.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

 

Тым часам

Днямі ў Сеціве з’явілася фота, на якім “культурны” прыпынак у Пінску аказаўся заклееным камерцыйнай рэкламай. У чым справа?

— “Культурны” прыпынак на плошчы Кірава “пераехаў” на іншае месца, — адзначыла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак. — Днямі мы адкрылі яшчэ адзін падобны аб’ект на прыпынку “Вуліца Карла Маркса”. Там і размешчаны партрэты Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы і Алаізы Пашкевіч (Цёткі) з біяграфічнымі даведкамі. Пераезд — планавы, бо цягам года і на іншых прыпынках горада разам з новымі сюжэтамі культурна-асветніцкага праекта атрымаюць “прапіску” партрэты згаданых постацей беларускай культуры, а таксама здымкі архітэктурных перлін Пінска.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"