“10+” фактаў пра будучы Кодэкс аб культуры

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Ці можна будзе прыходзіць на дыскатэкі падлеткам, якім менш за 18 гадоў? Як супрацьстаяць “чорным капальнікам”? Хто такі спонсар і мецэнат? На гэтыя і многія іншыя пытанні адкажа будучы “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры”, праект якога быў прыняты 3 снежня мінулага года парламентам краіны ў першым чытанні, а цяпер актыўна абмяркоўваецца ў сродках масавай інфармацыі. Пра тое, якія навацыі ўносяцца ў заканадаўчыя акты, датычныя сферы культуры, “К” пагутарыла з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Наталляй КУЧЫНСКАЙ.

— Сёння праца над праектам “Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры” працягваецца, — адзначыла на пачатку размовы Наталля Кучынская. — Рабочая група па дапрацоўцы праекта рыхтуе яго да разгляду ў другім чытанні. Мы бачым кірункі ўдасканалення дакумента, атрымліваем заўвагі і прапановы спецыялістаў, дэпутатаў, грамадскасці — усіх, хто неабыякава ставіцца да нашага найвялікага багацця — культуры. Сапраўды хочам падрыхтаваць сучасны дасканалы нарматыўны акт, што адкрые заканадаўчы калідор развіццю сферы культуры.

Гаворку пра тое, чым адметны Кодэкс, можна весці доўга. Такім чынам, спынімся на некаторых асаблівасцях дакумента, на тым, што ён нясе новага для сферы культуры і чаму наспела ягонае прыняцце менавіта ў нашы часы...

1. Унікальны, бо...

На постсавецкай прасторы ды і ўва ўсім свеце падобных Кодэксаў аб культуры проста не існуе. Дакумент унікальны сваёй сістэмнасцю, захоўвае пераемнасць з дзеючым заканадаўствам і прапануе інавацыйныя нормы для развіцця сферы культуры. Варта адзначыць, што ў Беларусі практыка кадыфікацыі нарматыўных актаў у той або іншай сферы дзейнасці — справа агульнапашыраная. Скажам, акрамя агульнавядомых Падатковага, Выбарчага, Працоўнага кодэксаў, у нашай краіне існуюць “Кодэкс аб адукацыі”, “Водны кодэкс”, “Кодэкс аб зямлі”, “Кодэкс аб шлюбе і сям’і”…

2. У Кодэксе сабраны дзясяткі дакументаў

Па словах Наталлі Кучынскай, у Кодэксе будуць сабраны нормы 7 законаў, 4 Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каля 20 пастаноў Урада і каля 30 нарматыўных прававых актаў Міністэрства культуры. Усе гэтыя дакументы дзейнічаюць доўгі перыяд часу і апрабаваны на практыцы. Таму на сёння ў краіне сапраўды створаны ўмовы для кадыфікацыі заканадаўства ў сферы культуры. Зазначу, што дзеючыя нарматыўныя палажэнні не проста сабраны і скампіляваны ў адным юрыдычным дакуменце — усе яны пераасэнсаваны, прааналізаваны і сістэматызаваны. Такім чынам, у Кодэкс увойдуць толькі тыя, што на практыцы паказалі сваю эфектыўнасць і жыццяздольнасць.

3. Дакумент абмяркоўваецца

Сёння звод нормаў у сферы культуры — будучы Кодэкс — змяшчае больш чым 200 старонак. Ён уключае ў сябе агульную і асаблівую часткі, складаецца з пяці раздзелаў і змяшчае 257 артыкулаў. Прапановы па ўнясенні змяненняў і ўдакладненняў у дакумент паступаюць ад дзяржаўных структур, творчых саюзаў, арганізацый сферы культуры. Цікава, што свой погляд могуць агучыць як спецыялісты, так і ўсе зацікаўленыя беларусы. Праект Кодэкса размешчаны на сайтах Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Міністэрства культуры краіны.

4. Пашырэнне ролі грамадскіх  арганізацый

Згодна з Кодэксам у Беларусі ўзрасце роля грамадскасці ў вырашэнні пытанняў культуры праз стварэнне пры мясцовых органах улады грамадскіх назіральных камісій па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Таксама запланавана стварэнне пры дзяржаўных органах грамадскіх саветаў, камісій, кансультацыйных органаў і экспертных фарміраванняў па пытаннях культуры.

5. На дыскатэку — з пашпартам

Як прапісана ў праекце Кодэксе, на дыскатэчныя мерапрыемствы будуць дапускацца падлеткі, старэйшыя за 16 гадоў, нават пасля 22 гадзін. Для пацвярджэння свайго ўзросту ім патрэбна будзе мець пры сабе пашпарт ці дакумент, у якім абазначаны год нараджэння асобы.

6. Сертыфікат для творцы

Таксама ў Кодэксе прадугледзяць парадак пацвярджэння статусу творчага работніка. Сертыфікат творчым людзям спатрэбіцца ў тым ліку і ў сувязі з Дэкрэтам Прэзідэнта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства: творчы чалавек, які пацвердзіў свой статус, лічыцца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных выдаткаў. Дарэчы, статус творчага работніка пацвярджаецца незалежна ад таго, ці з’яўляецца грамадзянін членам творчага саюза.

7. Мецэнат  і спонсар 

Упершыню ў беларускай практыцы ўводзяцца паняцці “спонсар культуры” і “мецэнат культуры” ў якасці юрыдычных тэрмінаў. Таксама згодна з Кодэксам прадугледжана пашырэнне кола асоб, якія адносяцца да суб’ектаў культурнай дзейнасці. Гэта не толькі грамадзяне (у тым ліку работнікі культуры і творчыя работнікі), калектывы мастацкай творчасці, творчыя саюзы і арганізацыі культуры, але таксама спонсары і мецэнаты культуры, установы адукацыі, навуковыя і іншыя арганізацыі і падраздзяленні юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць. Акрамя таго, у праекце замацаваны асноўныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама меры па ажыццяўленні дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва.

8. Археалагічныя артэфакты —  у дзяржаўную  ўласнасць

У адным з артыкулаў Кодэкса ўпершыню прапісана, што прафесійна і выпадкова выяўленыя археалагічныя артэфакты падлягаюць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць. Для абароны падобных артэфактаў іх грамадзянскі абарот на тэрыторыі краіны забаронены, за выключэннем набыцця, дарэння, абмену археалагічных артэфактаў дзяржаўнымі арганізацыямі, якія займаюцца навукова-даследчай і музейнай дзейнасцю.

9. Пошук скарбаў — толькі з дазволам

Трэці раздзел Кодэкса — “Культурныя каштоўнасці” — мае шэраг навацый. Напрыклад, удакладнены і значна скарочаны пералік крытэрыяў для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таксама праектам пазначаны і парадак правядзення археалагічных даследаванняў. Прадугледжана, што апошнія (у тым ліку пошук археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў) ажыццяўляюцца навуковымі арганізацыямі або музеямі на падставе дазволу (адкрытага ліста) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дазвол выдаецца грамадзянам, якія працуюць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора ў навуковай арганізацыі ці музеі і маюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “археалогія”, “гісторыя (археалогія)”, а таксама валодаюць навуковымі практычнымі ведамі, неабходнымі для правядзення археалагічных даследаванняў ды падрыхтоўкі навуковай справаздачы аб выкананых археалагічных палявых работах. Да таго ж, такія спецыялісты павінны мець практыку ўдзелу ў археалагічных даследаваннях цягам не менш чым два гады.

10. Фільмы з катэгорыяй і без

Таксама праектам Кодэкса прадугледжана рэгламентацыя парадку правядзення класіфікацыі фільмаў (замест наяўнай сёння дзяржрэгістрацыі) і вядзенне дзяржаўнага рэгістра фільмаў. Згодна з праектам гэтыя функцыі будзе ажыццяўляць Міністэрства культуры або арганізацыя, упаўнаважаная названым ведамствам. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра тое, што індэксы, якія цяпер прысвойваюцца фільму, будуць замененыя ўзроставымі катэгорыямі (“12+”, “16+” і гэтак далей). Адначасова кодэксам прадугледжана, што крытэрыі аднясення фільмаў да канкрэтных узроставых катэгорый усталёўваюцца Міністэрствам культуры.

Застаецца толькі дадаць, што на старонках “К” цягам бліжэйшых месяцаў на ўсе заўвагі, прапановы і пытанні будуць накіраваны экспертам. Таму чакаем вашых лістоў і тэлефанаванняў!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"