Адчуваць Радзіму...

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі 21 сакавіка адкрылася выстаўка, значэнне якой выходзіць за межы рэгіянальнай падзеі. Яна прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння таленавітага беларускага жывапісца Віктара Казачэнкі, які пайшоў з жыцця 10 гадоў таму.

 /i/content/pi/cult/156/1261/Adchuvac.jpg

В.Казачэнка. “Лісце паляць”.

У экспазіцыі — больш за 40 твораў з фондаў абласнога краязнаўчага музея і збораў сваякоў мастака.
Віталь Цвірка прызнаваў за ім дар моцнага каларыста. З мноства работ, якія былі прадстаўлены на Рэспубліканскай мастацкай выстаўцы 1948 года ў Мінску, Вітольд Бялыніцкі-Біруля вылучыў у першую чаргу пейзажы тады маладога гамяльчаніна. Наогул, у яго лёсе было шмат знамянальных, часам нечаканых, сустрэч і падзей: зносіны з вялікім амерыканскім мастаком Рокуэлам Кентам, сумесная праца на эцюдах у Крыме з Яўсеем Майсеенкам, сяброўства з Пятром Крыловым (адным з Кукрыніксаў) і Віталем Цвіркам, з пісьменнікамі, артыстамі, музыкантамі.
Віктар Фёдаравіч ніколі не ставіў аўтограф на сваіх палотнах, але яго творы заўсёды адрозніваюцца ад іншых яркім эмацыянальным каларытам, у якім амаль што фізічна адчуваеш радаснае ўспрыняцце жыцця, шчырую любоў да роднай Беларусі і яе людзей.
Такое святочнае светаадчуванне тым больш дзіўнае для чалавека, які прайшоў у сваім жыцці мноства выпрабаванняў: нягоды і ліхалецці вайны, акупацыю, голад, холад, хваробы, смерць любімай дачкі...
Да вайны студэнт Гомельскага педінстытута Віктар Казачэнка рупліва наведваў студыю выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў і жывапісцаў Барыса Звінагродскага і Акіма Шаўчэнкі. Марыў паступіць у ленінградскую Акадэмію мастацтваў. Марыў і— паступіў! Але з-за цяжкай траўмы нагі быў вымушаны вярнуцца дадому. Гомельская бальніца, інвалідная каляска, маці-сядзелка... І тут — вайна, Вялікая Айчынная. Акупацыя, новыя, яшчэ большыя пакуты... І так — чатыры гады...
Пасля Перамогі і папраўкі Віктар Фёдаравіч — у ліку тых, хто актыўна адраджаў выяўленчае мастацтва Гомельшчыны. Яго часта можна было бачыць з эцюднікам на аб’ектах па адбудове і аднаўленні роднага горада, пасля чаго нараджаліся палотны “Порт запрацаваў”, “Новабудоўлі горада”, “На суперфасфатным”, “Элеватар”, “Газапровад”, “Гомель. Вакзал”, “Прычал на рацэ Сож”...
Ён адзін з заснавальнікаў гомельскіх мастацка-вытворчых майстэрняў Мастацкага фонду СССР і 35 гадоў вёў на грамадскіх пачатках мастацкую студыю ў Палацы культуры чыгуначнікаў. У ліку яго выхаванцаў — Зоя Літвінава, Валянцін Пакаташкін, Уладзімір Кароткі ды іншыя.
Ім усім ён любіў гаварыць: “У жывапісе трэба сэрцам адчуваць радзіму, прыроду і працу”. І ён сам гэта добра адчуваў: жыў не на фоне прыроды, а сумесна з ёй, імпрэсіяністычна, сакавіта, размашыста, смачна адлюстроўваючы ў сваіх карцінах чароўнасць беларускай зямлі, яе палёў і лясоў, яе бяздоннага неба і сінечы азёр, яе гарадоў і вёсак...

Алег АНАНЬЕЎ,
мастацтвазнаўца

Гомель