Дзеці разам

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-крытык
...Нечакана запрасілі на вакальны дзіцячы конкурс, папярэдзіўшы: палова ўдзельнікаў — сацыяльна асаблівая група. Хтосьці з дзяцей дрэнна бачыць, іншыя маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам. У адных — прыёмныя сем’і, у другіх зусім няма бацькоў… Карацей, абмежаваныя магчымасці, што ні кажы. І ў кожнага — свая гісторыя (кажуць, адзін з хлопчыкаў нават спяваў на вуліцы).

/i/content/pi/cult/574/12606/5-3.jpgНе завітаць туды было нельга, і я напружана стала сістэматызаваць свой невялікі досвед: паходы ў Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр, удзел у дапамозе садкоўскай групе дзяцей са слабым слыхам, аналіз фільмаў і фотапраектаў, шведскую дызайнерскую выставу, дзе сотні прадметаў былі адмыслова прыдуманы і зроблены для людзей вось з такімі, няпоўнымі, магчымасцямі. Чарга наведвальнікаў тады чакала заканчэння яе працы, каб папрасіць экспанаты для сваіх сем’яў.

І вось маё першае адкрыццё: ужо ніхто не азіраецца на хваробу як на трагедыю. Пануе атмасфера весялосці, дзеці прыбраныя, дарослыя клапоцяцца, мільгацяць пакеты з падарункамі, на якія пашчыравалі спонсары. Музыка гучыць пастаянна, хтосьці каштуе пірожныя, усё вакол зіхціць…

Практычна ў цэнтры залы — сімпатычны хлопчык з аўтызмам: ён толькі што выконваў песню з рэпертуару Фрэнка Сінатры. Тонкасці тлумачыць Яраслаў Кот, старшыня Міжнароднага грамадскага дабрачыннага аб’яднання “Незалежная дапамога дзецям”:

— У творчых зносінах дзеці знаходзяць арт-асяродак, якога пазбаўлены ў паўсядзённым жыцці. Пра тэрапію такога кшталту напісана шмат, таму не буду нават спыняцца на гэтым. Для многіх дыягназаў — гэта наогул самая эфектыўная тэрапія. У працэсе падрыхтоўкі мы на роўных правялі кастынг і пачалі займацца з педагогамі па вакале і артыстызме. З роўнымі патрабаваннямі, хоць для харэаграфіі часу ўжо і не засталося. Але свой шанц атрымалі ўсё! Праект “Супер-пупер дзеці” цяпер у сярэдзіне шляху, наперадзе ў нас яшчэ год заняткаў у прафесійных студыях, майстар-класы, запісы песень і здымкі кліпаў, канцэрты і гастролі, відэарэпартажы і святочны канцэрт да Новага, 2017-га. Што было важна для здаровых дзяцей і, думаю, для грамадскай думкі? Усведамленне таго, што чалавек з магчымасцямі любой ступені абмежаванасці — гэта не ахвяра, а патэнцыял для развіцця. Гэта частка культурнага поля, яшчэ адна яго фарба, а не толькі адказнасць і клопат. І вядома, гэта развіццё талерантнасці да ўсіх сваіх грамадзян, змякчэнне выдаткаў сучаснага соцыуму, такіх, як адчужанасць, роспач, агрэсія. Вы не ўяўляеце, з якой цеплынёй адгукнуліся на нашы прапановы артысты: Ірына Дарафеева, Валерый Шмат, Настасся Ціхановіч, Саша Нема, Арцём Міхаленка, Надзея Мiсякова, Аляксандр, Нэлі і Зіна Купрыяновiчы, Ілья Волкаў. Таму мы змаглі арганізаваць бясплатныя рэпетыцыі і аранжыроўкі песень.

У еўрапейскіх краінах ёсць досвед тэатральных студый, дзе вучацца і гуляюць разам дзеці звычайныя і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Тэатр дазваляе ўключыцца ў грамадскае жыццё, разам ствараць значныя культурныя падзеі. Вядома, патрэбна грунтоўная падрыхтоўка, і пастаноўка інтэграваных спектакляў пачынаецца з творчай майстэрні. Як і ў нашым выпадку, ідзе інтэнсіўная праца з педагогамі, чулымі да такога кшталту праблем. Яны маюць унікальны вопыт, калі казаць зусім сцісла, не паглыбляючыся ў праблемы сацыякультурнай рэабілітацыі.

Але ніхто ўжо не адмаўляе, што асаблівыя спевакі і акцёры — гэта таленавітыя дзеці, а шчырасць успрымання і жаданне быць пачутымі і зразумелымі робіць іх творчасць вельмі яркай і ўражальнай. Выснова можа быць толькі адна: такіх сумесных конкурсаў павінна быць больш, бо гэта вельмі цікава! Нездарма адзін з паспяховых нямецкіх праектаў называецца “Аддаленая блізкасць”. Менавіта культура дае дзецям магчымасць счытваць сацыяльныя коды, і гэта, несумненна, дапаможа ў будучыні. Не толькі вакал і акцёрства, але і само ўменне вучыцца, аналізаваць, шукаць новыя веды, атрымліваць і засвойваць новы досвед будуць вынікам інтэграцыі.